Дзень праваслаўнай моладзі ў прыходах: Далікатна сведчыць пра Бога

Гурый
Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, 15 лютага ўзяў удзел у святкаванні Дня праваслаўнай моладзі.

Удзельнікамі свята сталі першы прарэктар семінарыі протаіерэй Андрэй Цыгель, настаяцель слонімскага Траецкага сабора протаіерэй Дзмітрый Сёмуха, моладзь брацтва пры саборы, студэнты духоўнай семінарыі і Слонімскага духоўнага вучылішча. Пасля звароту ўладыкі Гурыя да моладзі свята працягвалася канцэртнай праграмай, вядучым якой стаў кіраўнік моладзевага брацтва пры Траецкім саборы іерэй Яўген Казук, паведамляе eparhia.by.

У Жыровічах правялі святочную спартландыю

У Жыровічах у Слонімскім раёне з нагоды Дня праваслаўнай моладзі правялі спартландыю, арганізатарам якой выступіў місіянерскі аддзел Навагрудскай епархіі.

Жыровічы, моладзь
Удзельнікамі сталі каманды нядзельных школаў рэгіёну, мацнейшай з якіх апынулася каманда юных прыхаджанаў храма Казанскай Божай Маці ў вёсцы Шылавічы.

У Брэсце прайшоў злёт братчыкаў епархіі

У Брэсце прымеркаваны да свята злёт праваслаўнай моладзі Брэсцкай епархіі прайшоў на базе прыхода Раства Хрыстова ў мікрараёне «Вулька». На тэматычны злёт «Моладзевы служэнне: місія і катэхізацыя» прыехалі чальцы 14 моладзевых брацтваў і выхаванцы старэйшых групаў нядзельных школаў. Усяго ў Брэсцкай епархіі дзейнічаюць 28 моладзевых брацтваў.

Брэст, моладзь
Пасля Боскай Літургіі, якую ўзначаліў настаяцель храма протаіерэй Яўген Ліхота, адбыўся круглы стол, на якім выступіў старшыня епархіяльнага аддзела па працы з моладдзю Пётр Рамановіч, які нагадаў, як важна не быць “маўклівымі вернікамі”, а разумна і далікатна нагадваць аднагодкам пра Бога, паведамляе ekklisia.by.

Злёт завяршыўся канцэртам, у якім, сярод іншых выканаўцаў, выступіў бард-праект «Януш», ужо добра вядомы па конкурсах і фестывалях хрысціянскай музыкі.

Гродзенская моладзь паехала на баль у Польшчу

У Гродне святочная сустрэча моладзевых брацтваў горада прайшла ў актавай зале кафедральнага Пакроўскага сабора пад кіраўніцтвам кіраўніка епархіяльнага аддзела па працы з моладдзю протаіерэя Вячаслава Гаплічніка, які распавёў пра запланаваныя ў гэтым годзе мерапрыемствы: інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?», паломніцтва ў Літву і Латвію, Велікодны баль, летні злёт на Аўгустоўскім канале, пешае паломніцтва на святую Гару Грабарку разам з польскай моладдзю, паведамляе orthos.org.

Моладзь з Мікалаеўскай царквы Архірэйскага падворка ўзяла ўдзел у Міжнародным з’ездзе праваслаўнай моладзі ў польскім Супраслі, які праходзіў з 11 па 15 лютага.

Размясціўшыся ў супрасльскім Благавешчанскі манастыры, маладыя людзі агледзелі ўсе праваслаўныя святыні Супрасля і Беластока, пабывалі ў польскай часткі Белавежскага парку. Кульмінацыяй стаў святочны баль у Дзень праваслаўнай моладзі.

У Смаргоні братчыкам падарылі фірмовыя саколкі

У Смаргоні з нагоды Дня праваслаўнай моладзі чальцы Трохсвяцага моладзевага брацтва пры саборы Перамянення Гасподняга сабраліся на набажэнства, якое ўзначаліў благачынны Смаргонскай акругі протаіерэй Анатоль Разановіч у саслужэнні кіраўніка брацтва, іерэя Аляксандра Дзяшука.

Смаргонь, моладзь
Маладыя людзі атрымалі падарункі – майкі з лагатыпам брацтва і цытатамі з Пісання, а пасля працягнулі святкаванне за чаяваннем, паведамляе lida-eparhia.by.

У Бабруйску свята прайшло ў Доме праваслаўнай культуры пры Георгіеўскім храме, удзел у ім узялі 52 чальцы розных рухаў і брацтваў горада. Удзельнікі свята распавядалі прыпавесці, спявалі свае песні, а таксама песні вядомых бардаў, пасля адбыўся майстар-клас бальнага танца.

Настаяцель храма протаіерэй Генадзь Вейга дабраславіў маладых людзей на далейшае плённае сяброўства, паведамляе bobruisk.hram.by.

У Наваполацку праваслаўная моладзь сабралася на святочную сустрэчу ў зале Міхайлаўскага храма 7 лютага. Настаяцель прыхода протаіерэй Аляксандр Шаховіч запрасіў усіх да супольнай малітвы, а пасля былі абмеркаваны як святочныя, так і працоўныя пытанні, паведамляе eparhia992.by.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі