Гродзенцы паедуць на Сусветныя Дні Моладзі на чартэрным цягніку

СДМ
У Гродне ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі 18 лютага адбылася Святая Імша ў інтэнцыі плённай падрыхтоўкі да XXXI Сусветных Дзён Моладзі, якія пройдуць летам у Кракаве з удзелам Папы Францішка.

Моладзь малілася аб тым, каб лепей падрыхтавацца да сусветнага форуму, аб яго наступных плёнах, а таксама аб арганізатарах сустрэчы і тых, хто на яе паедзе. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які з’яўляецца адказным па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, паведамляе catholic.by.

У гаміліі біскуп заклікаў маладых людзей, прысутных у святыні, будаваць сваё жыццё на Хрысце, штодзённа ўзрастаючы ў Божай ласцы. «Зрабіце ўсё, каб ваша прагненне шчасця не засталося марай, але споўнілася ў вашым жыцці. Каб ваш сённяшні дом і дом вашай будучыні быў домам, за які чалавека напаўняе гонар, і імя якому Жыццё», – падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што “будаваць трэба на Хрысце і з Хрыстом. Будаваць з Тым, хто заўсёды верны, нават калі мы адмаўляем Яму ў вернасці».

Пасля Імшы адбылася сустрэча, на якой каардынатар СДМ у Кракаве ад Беларусі кс. Антоній Грэмза распавёў пра новыя арганізацыйныя аспекты будучай сустрэчы.

Сёння вядома аб намеры ўдзельнічаць у СДМ пяці тысячаў чалавек. Для моладзі Гродзенскай дыяцэзіі будзе арганізаваны адмысловы чыгуначны рэйс «Гродна-Седльцэ-Кракаў».

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да святароў і кансэкраваных асобаў з просьбай дапамагчы знайсці сродкі на паездку на СДМ тым удзельнікам, якія іх не маюць. Таксама іерарх заклікае ў адну ці некалькі нядзеляў падчас Святых Імшаў зладзіць сярод парафіянаў збор сродкаў у дапамогу моладзі на аплату выдаткаў.

Таксама і моладзь іерарх заклікае выдаткаваць на паездку сродкі і заахвоціць да ўдзелу ў ёй сваіх пагодкаў.

Умовы ўдзелу ў Сусветных Днях Моладзі можна знайсці тут.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі