“Белгазпрамбанк” да 500-годдзя беларускай Бібліі мяркуе набыць выданне Скарыны

Бабарыка
Кіраўнік «Белгазпрамбанка» – адной з першых беларускай прыватных кампаніяў, якая пачала ўкладваць сродкі ў беларускае мастацтва – кажа, што да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання хацеў бы набыць выданне Скарыны і атрымаць ад дзяржаўных уладаў памяшканне пад галерэю.

Дынаміку перамоваў з дзяржавай на гэты конт старшыня праўлення беларуска-расійскага акцыянернага таварыства называе занадта маруднай. Падчас прэзентацыі выставы, прысвечанай Льву Баксту, Віктар Бабарыка сказаў, што гэтыя перамовы знаходзіцца ў межах «рытуальных плясак», паведамляе “Наша Ніва”.

Адначасова банкір прызнаў і станоўчыя крокі міністэрстваў культуры і замежных справаў у галіне прасоўвання сумесных праектаў.

Асноўнай праблемай, якую можна было бы вырашыць у гэтым годзе, Віктар Бабарыка лічыць прадастаўленне дзяржавай памяшкання для пастаяннай экспазіцыі калекцыі банка. “Мы гатовыя на пастаяннай аснове выставіць на публічны агляд нашы фонды, – больш за 80 адзінак, – кажа ён, – але гэтае памяшканне павіннае быць перададзенае нам,  а не прададзенае”.

Калекцыю твораў мастацтва «Белгазпрамбанк» пачаў фарміраваць у 2012 годзе, зараз у ёй –палотны Хаіма Суціна, Марка Шагала, Льва Бакста, Файбіш-Шрагі Царфіна, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Пінхуса Крэменя, Валенція Ваньковіча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі