Ваўкавыскія братчыкі правялі сустрэчу з падшэфнымі з абмежаванымі магчымасцямі

Ваўкавыск
У Ваўкавыску чальцы моладзевага праваслаўнага брацтва святых Мяфодзія і Кірыла 18 лютага наведалі з забаўляльнай праграмай Гарадскі цэнтр дзённага знаходжання для дзяцей-інвалідаў.

Разам з дзецьмі братчыкі рабілі матылька з солі, гулялі, а таксама выслухалі аповяд пра абраз Божай Маці “Траеручыца”, паведамляе orthos.org.

Настаяцель Пакроўскага храма ў сяле Турэц ў Карэліцкім раёне іерэй Аляксандр Кавалько разам з прадстаўнікамі сельсавета і школьнікамі Баранавіцкай сельскай школы 17 лютага наведаў маці салдата Савецкай арміі Васіля Федаракі, які загінуў у Афганістане, а таксама яго магілу.

Напярэдадні ў Смаргоні чальцы Трохсвяціцельскага моладзевага брацтва пры саборы Перамянення Гасподняга разам з кіраўніком брацтва іерэем Аляксандрам Дзяшуком наведалі Смаргонскі сацыяльна-педагагічны цэнтр з аповедам пра 10 запаведзяў і рухомымі гульнямі, паведамляе lida-eparhia.by.

Сёстры прыходскага сястрынствы апостала Іаана Багаслова пры навагрудскім храме Кірылы і Мяфодзія 18 лютага прымалі ў прыходзе выкладчыкаў спецшколы-інтэрната для дзяцей з цяжкім парушэннем мовы, для якіх на працягу месяца прыхаджане збіралі вопратку. Выкладчыкі прыехалі, каб сфарміраваць падарункі для дзяцей рознага ўзросту, паведамляе eparhia.by.

У Салігорску і Клецку арганізоўваюць магчымасці малітвы для хворых

У салігорскім кафедральным саборы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы 18 лютага прымалі гасцей – маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія з’яўляюцца падапечнымі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

Магчымасць споведзі і прычасця для маладых інвалідаў была арганізаваная па ініцыятыве лідара салігорскага моладзевага брацтва святых Пятра і Фяўронні Віктара Бровушкіна, паведамляе sluck-eparchiya.by.

Благачынны Клецкай царкоўнай акругі протаіерэй Матфей Белавус і памочнік благачыннага іерэй Андрэй Еўшаль 16 лютага наведалі Клецкую цэнтральную раённую бальніцу, дзе дамовіліся з галоўным урачом раённай бальніцы Аленай Міскевіч аб арганізацыі на тэрыторыі бальніцы спецыяльнага малітоўнага пакою.

У Барысаве прыхаджане далі канцэрт у нарадзільным доме

У Барысаўскім нарадзільным доме 16 лютага адбыўся канцэрт, прысвечаны святу Стрэчання Гасподняга.

Удзел у святочным візіце ўзяў настаяцель храма Дзімітрыя Данскога іерэй Сергій Башкіраў, з музычнай праграмай выступіў вакальны ансамбль «Зараджэнне» пад кіраўніцтвам Ксеніі Задарожнай, паведамляе borisoveparhia.by.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі