Чаму Ватыкан зацікавіўся “ўкраінскімі раскольнікамі”

украина

Абмяркоўваючы вынікі сустрэчы Папы Францішка з Маскоўскім Патрыярхам Кірылам, шмат хто з аналітыкаў па-за межамі Украіны не разумее сэнсу ўнясення ў Дэкларацыю пунктаў, што тычацца “ўкраінскіх раскольнікаў” – праваслаўных вернікаў УПЦ КП. Бо, калі глядзець з кананічных і дагматычных пазіцыяў, Каталіцкай Царкве няма ніякага сэнсу “ўлазіць” у міжправаслаўныя адносіны на баку Маскоўскага Патрыярхату. Тым не меней, Ватыкан насамрэч мае пэўныя супольныя інтарэсы з Масквой, бо, калі мы больш пільна разгледзім становішча ва Украіне, дык пабачым, што ў структуры Каталіцкай Царквы ва Украіне Рыма Каталіцкая Царква дэ-факта з’яўляецца царквой некалькіх нацыянальных меншасцяў (палякаў, чэхаў і венграў).

Пераважная большасць украінскіх каталікоў выкарыстоўвае ўсходні абрад ды належыць да УГКЦ. Але грэка-каталікі не толькі выкарыстоўваюць усходні абрад, а і ментальна вельмі блізкія да ўкраінскіх праваслаўных УПЦ КП.

У такіх умовах, улічваючы сучасныя рэаліі, стварэнне адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне можа нанесці моцны ўдар не толькі па Маскоўскім Патрыярхаце, а і па структурах Каталіцкай Царквы ва Украіне, бо, як паказваюць сацыялагічныя апытанні, большасць украінцаў-каталікоў абодвух абрадаў пяройдуць, у выпадку прызнання яе Усяленскім Патрыярхам, у Памесную Праваслаўную Царкву ва Украіне.

Гэта разумеюць у Ватыкане, таму ўжо на працягу некалькіх гадоў выкарыстоўваюць УГКЦ у барацьбе супраць УПЦ КП ды праводзяць супольную палітыку са сваім сітуацыйным хаўруснікам – Маскоўскім Патрыярхатам.

На шчасце, мы з задавальненнем можам канстатаваць, што спробы некаторых кіраўнікоў УГКЦ распачаць вайну супраць УКП КП з выкарыстаннем сітуацыйнага хаўрусніка – Маскоўскага Патрыярхату, сутыкнуліся з супрацівам большасці шараговых грэка-каталіцкіх святароў ды вернікаў. Супольны вораг у асобе расійскага агрэсара скіраваў кіраўніцтва УГКЦ да супрацоўніцтва з УПЦ КП.

Разам з тым, актывізацыя кантактаў архірэяў Кіеўскага Патрыярхату з прадстаўнікамі Усяленскага Патрыярха ды ягоная пазіцыя адносна Украіны, а таксама шчыльныя кантакты УГКЦ ды УПЦ КП, выклікалі занепакоенасць як Ватыкана, так і Масквы. Таму пункты супольнай Дэкларацыі, якія тычацца “ўкраінскіх раскольнікаў”, закліканыя, з аднаго боку, паставіць перапону ў супрацоўніцтве Каталіцкай Царквы ва Украіне (РКЦ і УГКЦ) з УПЦ КП, з другога – нагадаць кіраўніцтву УГКЦ, што яны з’яўляюцца выключна структурай ў Каталіцкай Царкве і ў любы момант могуць быць прынесеныя ў ахвяру “вышэйшым інтарэсам”.

Падводзячы да пададзенага ніжэй артыкула, хочам нагадаць, што гэты матэрыял апісвае становішча на вясну мінулага года ды з’яўляецца ілюстрацыяй пазіцыі Ватыкану адносна “ўкраінскіх раскольнікаў”. Сёння адносіны УПЦ КП і УГКЦ адрозніваюцца ў лепшы бок, хоць пэўныя тэндэнцыі і застаюцца актуальнымі.

Чаму і як УГКЦ ваявала супраць УПЦ КП у 2013 — 2015 гадах

У святле працэсаў, якія сёння адбываюцца ва Украінскім Праваслаўі, а менавіта — актывізацыі працэсу стварэння адзінай Украінскай Праваслаўнай Памеснай Царквы і рэальных крокаў Кіеўскага Патрыярхату ў гэтым кірунку, шмат каго цікавіць пазіцыя, якую займала Украінская Грэка-Каталіцкая Царква ў адносінах да гэтага працэсу ў 2013-2015 гадах. Тым больш, што, незалежна ад афіцыйных заяваў прадстаўнікоў Маскоўскага Патрыярхату, ва Украіне назіралася рэальнае збліжэнне і супрацоўніцтва кіраўніцтва УГКЦ і адміністрацыйнай структуры Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне. І гэта не толькі пэўныя сумесныя акцыі, якія праходзяць без запрашэння прадстаўнікоў Кіеўскага Патрыярхату і Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы [1], а і некалькі правакацыйных заяваў кіраўніка УГКЦ Вярхоўнага арцыбіскупа Святаслава Шаўчука.

Падобныя тэндэнцыі фактычнага супрацоўніцтва УГКЦ і МП на тэрыторыі Украіны, выклікаюць натуральную цікаўнасць і неразуменне свядомых патрыётаў Украіны, замежных навукоўцаў і палітыкаў.

Так, некалькі месяцаў таму, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, вярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук зрабіў заяву аб тым, што «адзінай кананічнай Праваслаўнай Царквой ва Украіне, гэта значыць такой, якая знаходзіцца ў паўнаце зносінаў з сусветным праваслаўем, з’яўляецца Украінская Праваслаўная Царква ў адзінстве з Маскоўскім патрыярхатам»[2]. Гэтая заява выклікала бурную рэакцыю не толькі сярод епіскапату, святароў і вернікаў Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату (і Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы), а і наогул, ва ўсіх сапраўдных праваслаўных патрыётаў Украіны, нават такіх, якія часова з’яўляюцца вернікамі Маскоўскага Патрыярхату.

У нас няма сумневаў, што дадзеным крокам кіраўнік УГКЦ чарговы раз відавочна выступіў на баку Масквы ў пытанні пераадолення падзелу Украінскага Праваслаўя. Але, паколькі гэтая падзея выклікала актыўныя дыскусіі на старонках СМІ і ў сацыяльных сетках, мы паспрабуем навукова разабрацца ў гэтай праблеме і вызначыць сапраўдную прычыну падобнага выказвання вярхоўнага арцыбіскупа УГКЦ Святаслава Шаўчука.

1. Багаслоўска-дагматычнае пытанне

Некаторыя абаронцы кіраўніка УГКЦ адзначаюць, што ён не сказаў нічога крыўднага або зневажальнага для УПЦ КП (УАПЦ), а толькі агучыў афіцыйную пазіцыю Каталіцкай Царквы адносна «некананічнага праваслаўя». На іх думку, такая пазіцыя цалкам лагічна зыходзіць з каталіцкага багаслоўя і дагматыкі.

Разам з тым, памылковасць такой канцэпцыі зразумела кожнаму, хто добра дасведчаны ў веравучэнні і дагматыцы Каталіцкай Царквы. Праўда заключаецца ў тым, што для каталікоў няма «кананічных» і «некананічных» праваслаўных або нават «кананічных» іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Для каталікоў важнае толькі адно: ты знаходзішся ў коле (ўлонні) Каталіцкай Царквы, або па-за яе. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што Каталіцкая Царква не знаходзіцца ў еўхарыстычнай еднасці з усімі Праваслаўнымі Цэрквамі, нават з такімі, якія называюць сябе «кананічнымі» і з’яўляецца часткай Усяленскага Праваслаўя.

Таксама адносна ўсіх ступеняў святарства Каталіцкая Царква не ведае такой формы — «пазбаўленне сану». Любы клірык, пры «правільнай форме хіратоніі», да канца жыцця застаецца біскупам, прэсвітарам або дыяканам. Менавіта праз такі падыход Каталіцкая Царква (і УГКЦ, як яе адміністрацыйная адзінка) прызнае ўсе Таямніцы УПЦ КП (і УАПЦ) і нават, пасля праверкі «правільнасці хіратоніі» і вызнання веры, прымае іх клірыкаў у існым сане.

Больш за тое, гістарычны вопыт паказвае, што пры жаданні пэўнай групы аднавіць сваё хаўрусніцтва ў Каталіцкай Царкве, апошняя гатовая весці дыялог нават з паслядоўнікамі тых, каго яна сама адхіліла. Прыкладам можа служыць дыялог КЦ са «святарскім брацтвам св. Пія X», а таксама прыняцце ў свае ўлонне некаторых малых групаў (прыходаў) Усходняга абраду, менавіта з ліку «некананічных праваслаўных», у краінах Заходняй Еўропы і ЗША.

Такім чынам, беручы на сябе вызначэнне «кананічных» і «некананічных» праваслаўных ва Украіне, кіраўнік УГКЦ ніяк не мог кіравацца дагматыкай і канонамі Каталіцкай Царквы, яе поглядамі на праваслаўе ў цэлым.

2. Экуменічны аспект

Яшчэ адным тэзісам, які ў залежнасці ад пункту гледжання на пытанне выкарыстоўваюць як апаненты, так і прыхільнікі арцыбіскупа Святаслава Шаўчука, з’яўляецца тэзіс аб тым, што такая заява была зробленая дзеля “экуменічнага дыялогу Каталіцкай Царквы з Сусветным Праваслаўем ў цэлым, і з Маскоўскім Патрыярхатам у прыватнасці”.

Сапраўды, вось ужо шмат гадоў Каталіцкая Царква вядзе так званы «экуменічны дыялог» з Сусветным Праваслаўем. Пры гэтым, галоўным суразмоўцам Каталіцкай Царквы з’яўляецца Канстанцінопальскі Патрыярхат. Але, як адзначае шмат даследчыкаў і багасловаў, пачынаючы гэты дыялог і выбіраючы суразмоўцу, Каталіцкая Царква падсвядома разглядала Сусветнага Патрыярха як «праваслаўны аналаг Рымскага пантыфіка» і, натуральна, Сусветнае Праваслаўе — як нейкую больш-менш маналітную структуру.

Памылковасць такога падыходу Каталіцкай Царквы да «экуменізму» вызначылася ўжо на пачатку дыялогу, калі некаторыя Праваслаўныя Цэрквы, якія з’яўляюцца часткай Сусветнага Праваслаўя, выходзілі з гэтага дыялогу, або заставаліся на больш кансерватыўных пазіцыях ў дачыненні да т.зв. «Экуменізму», чым Канстанцінопальскі Патрыярх.

Калі ж мы будзем гістарычна разглядаць менавіта адносіны Маскоўскага Патрыярхатў і Каталіцкай Царквы, дык убачым, што асноўнай перашкодай «плённага дыялогу» з’яўляюцца не «ўкраінскія раскольнікі», а менавіта УГКЦ. І гэта не дзіўна, бо ў Маскве цудоўна разумеюць — ніякага ўплыву на УПЦ КП (і УАПЦ) Ватыкан не мае, таму што гэтыя Цэрквы пазіцыянуюць сябе як выключна праваслаўныя і спрабуюць стаць часткай Сусветнага Праваслаўя.

Нават калі мы асобна разгледзім адносіны УГКЦ з «некананічнымі» праваслаўнымі юрысдыкцыямі ва Украіне, дык такія адносіны ніколі не выходзілі за межы каталіцкага багаслоўя і кананічнага права. А міжканфесійных канфліктаў УГКЦ з прадстаўнікамі «некананічнага» праваслаўя было не менш, чым з “кананічным” Маскоўскім Патрыярхатам.

Таму калі, нават гіпатэтычна, прыняць гіпотэзу аб тым, што пагаршэнне адносінаў УГКЦ з «некананічнымі праваслаўнымі юрысдыкцыямі ва Украіне» можа спрыяць пазітыўнасці экуменічных перамоваў паміж Маскоўскім Патрыярхатам і Ватыканам, дык павінны прыняць і патрабаванне Масквы аб ліквідацыі самой УГКЦ. Таму што грэка-каталікі значна большая (па версіі РПЦ МП — асноўная) перашкода на шляху праваслаўна-каталіцкага дыялогу.

На нашу думку, відавочна, што пазіцыя кіраўніка УГКЦ адносна вызначэння «кананічнасці» юрысдыкцыяў Украінскага Праваслаўя, ніяк не звязаная з т.зв. «Экуменічным дыялогам» Сусветнага Праваслаўя, у тым ліку і Маскоўскага Патрыярхату з Каталіцкай Царквой, а аб’ектам такіх перамоваў, хутчэй за ўсё, можа зрабіцца лёс самой УГКЦ.

3. Палітычны фактар у адраджэнні УГКЦ і яго наступствы

Зрабіўшы выснову, што падставы выказванняў вярхоўнага арцыбіскупа УГКЦ Святаслава Шаўчука ніяк не звязаныя з багаслоўска-дагматычнымі і экуменічнымі пытаннямі праваслаўна-каталіцкіх адносін, мы вырашылі зрабіць гісторыка-сацыялагічную разведку (аналіз) праблемы.

Вывучаючы даступныя нам матэрыялы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў аб выхадзе з падполля і легалізацыі УГКЦ, мы сутыкнуліся з цікавым феноменам: пераважная большасць прыхільнікаў УГКЦ не абгрунтоўвала сваю прыналежнасць да гэтай Царквы, неабходнасць яе існавання ва Украіне, багаслоўскімі і дагматычнымі момантамі. Для большасці людзей ідэя адраджэння УГКЦ і прыналежнасць да яе была чыста палітычным момантам, які нічым не адрозніваўся ад іншых патрыятычных лозунгаў.

Адным з доказаў таго, што галоўным фактарам адраджэння УГКЦ быў менавіта палітыка-патрыятычны, ёсць ілюстрацыя дынамікі паўстання яе прыходаў у 1989 — 1995 гг. Тут відавочна бачым, што пасля з’яўлення УАПЦ і, крыху пазней, УПЦ КП, інтэнсіўная дынаміка рэгістрацыі новых грэка-каталіцкіх прыходаў у Галіччыне відавочна зніжаецца, назіраецца пераход да экстэнсіўнай формы павелічэння прыходаў. Больш за тое, некаторыя прыходы Маскоўскага Патрыярхату, якія раней заявілі пра свой пераход у УГКЦ, або мяняюць сваю юрысдыкцыю на карысць УПЦ КП (УАПЦ), або адбываецца дзяленне грамады на праваслаўных і грэка-каталікоў. Увогуле, не гледзячы на відавочную падтрымку мясцовай улады Галічыны ў першыя гады незалежнасці, УГКЦ не змагла дасягнуць свайго пануючага становішча ў Галіччыне — больш за 40% супольнасцяў засталіся праваслаўнымі, пераважна — у юрысдыкцыі УПЦ КП і УАПЦ.

Аналізуючы шляхі пошуку ўласнай ідэнтыфікацыі ў галіне багаслоўскага базісу, на які маглі б абапірацца вернікі УГКЦ, мы прыйшлі да высновы аб іх практычна поўным правале. Больш за тое, палітыка «збавення ад лацінізацыі», якую актыўна праводзіла іерархія і святары УГКЦ на працягу многіх гадоў, прывяла менавіта да размыцця выразнай канфесійнай арыентацыі большасці яе вернікаў па багаслоўска-дагматычным адрозненні (пра гэта пойдзе гаворка ніжэй). З-за адсутнасці выразнай дагматычна-багаслоўскай самаінэнтыфікацыі, кіраўніцтва УГКЦ, будуючы сваю ідэнтычнасць, сёння працягвае эксплуатаваць тэму «ганенняў», «падполле» і патрыятычную рыторыку, не даючы нічога больш дзейснага і новага сваім вернікам.

Пры гэтым, як паказвае бібліяграфічны аналіз, галоўны аб’ём навуковых працаў і, адпаведна, патрыятычная рыторыка адносна гісторыі УГКЦ, сканцэнтраваная на апошніх гадах ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя (тут выключэннем з’яўляецца хіба што асоба Язафата Кунцэвіча). Гэты факт, на нашую думку, таксама не на карысць грэка-каталікоў, бо ўкраінская гісторыя ХVII стагоддзя — гэта суцэльная барацьба за Украінскае Праваслаўе, а гісторыя ўніяцтва ХVII стагоддзя — гэта гісторыя масавай паланізацыі і сумнавядомага Замойскага сінода.

Адначасова, бачым, што спробы УГКЦ «прыватызаваць» сучасную патрыятычна-гістарычную рыторыку (ХХ стагоддзя), практычна нівеліруюцца аналагічнай рыторыкай УПЦ КП і УАПЦ. Не гледзячы на шматлікія спробы грэка-каталікоў прадставіць ўсіх праваслаўных «пятай калонай Масквы», «КДБістамі ў расах», галічане на практыцы ўбачылі, што праваслаўныя могуць быць і з’яўляюцца не меншымі патрыётамі Украіны, а гісторыя ўласна Кіеўскага Праваслаўя ў ХХ стагоддзі яшчэ больш трагічная, чым гісторыя УГКЦ 1946-1989 гг.

На нашу думку, якая пацвярджаецца і сацыялагічнымі даследаваннямі, ужо да канца ХХ стагоддзя ў пераважнай большасці шараговых грэка-каталікоў склаўся цалкам станоўчы вобраз УПЦ КП (і УАПЦ) як патрыятычных і традыцыйных Украінскіх Цэркваў, якія, у адрозненне ад УГКЦ, маюць вялікую патрыятычную перавагу — свой цэнтр у Кіеве (поўная Украіна- і Кіева-цэнтрычнасць). Акрамя таго, праваслаўныя супольнасці, якія з другой паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя пакідалі Маскоўскі Патрыярхат, далучаліся выключна да УПЦ КП ці УАПЦ. Усё гэтае запусціла новае кола крытыкі ўжо Кіеўскага Праваслаўя з боку грэка-каталіцкіх святароў і некаторых актыўных прадстаўнікоў УГКЦ.

Так, як паказвае практыка, для крытыкі Кіеўскага Праваслаўя ў цэлым, і Кіеўскага Патрыярхат ў прыватнасці, грэка-каталікі ў асноўным выкарысталі некалькі тэзісаў: а) падзел праваслаўя ва Украіне; б) агульную ізаляванасць УПЦ КП ад Сусветнага Праваслаўя.

Але гэтыя тэзісы крытыкаў Украінскага Праваслаўя (УПЦ КП) натыкаліся на аргументаваны адпор з боку яе праваслаўных спікераў:

а) Сама УГКЦ ва Украіне не з’яўляецца адзінай царквой, бо існуе Мукачаўская грэка-каталіцкая епархія. Гэта дакладна азначае, што самі грэка-каталікі не могуць дасягнуць адзінства ва Украіне, нават у межах адной Каталіцкай Царквы. Акрамя таго, сама УГКЦ за апошні час зведала некалькі расколаў, у прыватнасці ад яе адыйшлі г.зв. «традыцыяналісты» і «прававерныя грэка-каталікі».

б) Калі мы гаворым пра «ізаляцыю УПЦ КП», дык можам казаць толькі пра афіцыйную адсутнасць еўхарыстычных зносінаў з Сусветным Праваслаўем. Бо ў агульных, па-за літургічных набажэнстваў, ніхто святарам УПЦ КП не адмаўляў, акрамя, вядома, Маскоўскага Патрыярхату і некалькіх яго сатэлітаў. Але і грэка-католікі не маюць еўхарыстычных зносінаў па-за Каталіцкай Царквой, а Маскоўскі Патрыярхат і некаторыя кансерватыўныя Праваслаўныя Цэрквы нават адмаўляюць ім у сумесных па-залітургічных набажэнствах. Акрамя таго, упартая праца Свяцейшага Патрыярха Філарэта прарвала ізаляцыю ў гуманітарных зносінах з Сусветным Праваслаўем: ужо ёсць прыклады перамоваў з архірэямі Канстанцінопальскага Патрыярхату, плённых навуковых кантактаў, і нават афіцыйных паломніцтваў клірыкаў і вернікаў да святыняў іншых Праваслаўных Цэркваў.

Такім чынам, ужо на пачатку XXI стагоддзя склалася парадаксальная сітуацыя, калі вернікі УГКЦ не мелі багаслоўскай сувязі са «сваёй» Царквой, але маюць трывалы нацыянальны патрыятызм. Вынікам гэтага была не толькі шматлікая падтрымка ідэі адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне сярод грэка-каталікоў, а рэальная гатоўнасць стаць вернікамі такой Царквы (паводле дадзеных розных сацыялагічных службаў 2010-2013 гг., 60-65 %%).

Гэтыя вынікі таксама цалкам абгрунтаваныя тым, што:

Па-першае, Галіччына прыняла ўніяцтва толькі на пачатку XVIII стагоддзя, як следства некананічнага далучэння Кіеўскай Праваслаўнай мітраполіі да Маскоўскага Патрыярхату. Таму імкненне да вяртання сваіх праваслаўных каранёў заўсёды было тут досыць трывалым, што пацвярджаецца праваслаўнымі рухамі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Па-другое, УПЦ КП і УАПЦ, нягледзячы на пэўнае супрацьдзеянне мясцовай улады, змаглі разгарнуць свае структуры на Галіччыне. Пры гэтым рост праваслаўных грамад тут насіў відавочна інтэнсіўны характар, а суадносіны «грэка-каталікі/праваслаўныя» паступова мяняліся да роўнага значэння і на сёння складаюць 55/45, а ў некаторых мясцовасцях праваслаўныя нават колькасна пераважаюць. Праз гэты факт большасць вернікаў УГКЦ ўбачылі не толькі сапраўдны ўкраінскі патрыятызм праваслаўных, але і іх хрысціянскую духоўнасць, якая зведала пэўна меншы ўплыў секулярызацыі, чым каталіцкая. Апошні факт мае вельмі трывалы ўплыў у патрыярхальным і традыцыйным грамадстве, якім з’яўляецца Галіччына.

Па-трэцяе, ужо да канца 90-х гадоў ХХ стагоддзя вернікі УГКЦ зразумелі: абяцаны грэка-каталіцкімі царкоўнымі кіраўнікамі «хуткі рух уніі на Усход» праваліўся. Уніяты, нягледзячы на агрэсіўную патрыятычную рыторыку, пацярпелі паразу не толькі на традыцыйна праваслаўнай Валыні, але і ў Цэнтральнай і Усходняй Украіне, дзе свядомае ўкраінскае насельніцтва відавочна аддало перавагу УПЦ КП.

У той жа час, практычна ўсе сацыялагічныя даследаванні паказваюць непахісны рост не толькі прыхільнікаў адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне, а і вернікаў менавіта УПЦ КП. Пры гэтым, ужо летам 2014 года, колькасць праваслаўных, якія прызнаюць сябе вернікамі менавіта Кіеўскага Патрыярхату, перавысіла аналагічную колькасць вернікаў Маскоўскага Патрыярхату.

Акрамя таго, каталізатарам працэсаў, якія прывялі да значнага падзення рэйтынгу адміністрацыйнай адзінкі Маскоўскага Патрыярхата ва Украіне, з’явілася Рэвалюцыя Годнасці і агрэсія Расіі. У гэтых умовах менавіта Кіеўскі Патрыярхат стаў тым цэнтрам, вакол якога збіраюцца ўсе прыхільнікі адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Асабліва варта адзначыць, што пераход былых святароў, супольнасцяў і вернікаў Маскоўскага патрыярхату адбываецца менавіта (і выключна) да прыходаў УПЦ КП.

Не будзе лішнім адзначыць і ўмацаванне міжнароднага становішча УПЦ КП у Сусветным Праваслаўі праз падтрымку Маскоўскім Патрыярхатам агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны.

Такім чынам, цяжка адмаўляць той факт, што рух у рэлігійным жыцці Украіны адбываецца толькі ў адзін бок — да канчатковага стварэння адзінай Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы і яе прызнання Сусветным Праваслаўем. І ў гэтым выпадку будучы лёс УГКЦ — гэта невялікая рэгіянальная царкоўная структура.

4. Чаму УГКЦ змагаецца менавіта з Украінскай Праваслаўнай Царквой Кіеўскага Патрыярхату і выбірае Маскоўскі Патрыярхат у якасці сітуацыйнага саюзніка

Лагічны аналіз паказвае, што ва Украіне ёсць толькі дзве рэлігійныя структуры, якім вельмі нявыгаднае стварэнне адзінай Праваслаўнай Памеснай Царквы ва Украіне — гэта адміністрацыйная адзінка Маскоўскага Патрыярхату ў Украіне (УПЦ МП) і УГКЦ. І, калі стаўленне Маскоўскага Патрыярхату да барацьбы за аўтакефалію Украінскага Праваслаўя, выразнікам якой з’яўляецца УПЦ КП, не змянялася з часу набыцця Украінай незалежнасці, то пазіцыя УГКЦ прайшла пэўныя «этапы эвалюцыі».

Першы этап. Працягваўся з канца 80-х да сярэдзіны 90-х гадоў ХХ ст., вызначаўся вельмі негатыўным стаўленнем грэка-каталікоў да ўсіх праваслаўных без выключэння. Пры гэтым менавіта УАПЦ і УПЦ КП робяцца рэальнай перашкодай для поўнага дамінавання УГКЦ на Галіччыне і прасоўвання яе на Усход пад патрыятычнымі лозунгамі. Таму цалкам натуральна, што ўжо на гэтым этапы УАПЦ (і з 1992 года — УПЦ КП) вызначаліся УГКЦ як «агентура Масквы», «праект КДБ» і г.д.

Другі этап. Пачаўся з сярэдзіны 90-х гадоў (некаторыя даследчыкі вызначаюць яго ад кастрычніка 1996 года, калі ў сувязі з кепскім станам здароўя кардынала Любачыўскага Сінод Біскупаў УГКЦ абраў біскупа Любаміра Гузара «дапаможным біскупам Кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з дэлегаванымі правамі») па 2011 год, калі кардынал Любамір Гузар склаў з сябе абавязкі кіраўніка УГКЦ. Гэты этап вызначыўся паступовым змяненнем рыторыкі УГКЦ адносна ўласна Украінскага Праваслаўя (УПЦ КП і УАПЦ) на больш пазітыўны.

На нашу думку, такое змяненне стаўлення да УПЦ КП і УАПЦ з боку кіраўніцтва УГКЦ вызначалася імкненнем кардынала Любаміра Гузара стварыць «Усходні Украінскі Патрыярхат» з прыцягненнем да яго ўкраінскіх праваслаўных. Глебай гэтай ідэі было змяненне ўласнага статусу УГКЦ у Каталіцкай Царкве з «адміністрацыйнага падпарадкавання» на «датычнасць», а таксама ідэя «падвойнага паяднання з Рымам і Канстанцінопалем». Нягледзячы на ўтапічнасьць гэтай ідэі, былі прынятыя рэальныя знешнія меры па яе рэалізацыі, адной з якіх, на нашую думку, была і «барацьба з латынізацыяй», а фактычна – барацьба за абрадавую блізкасць (часам да мімікрыі) да праваслаўя. Вынікам гэтай дзейнасці стала яшчэ большае размыццё канфесійнага самавызначэння ўкраінскіх грэка-каталікоў, што, у сваю чаргу, вызначыла палітыку трэцяга этапу.

Трэці этап. Пачаўся выбраннем уладыкі Святаслава Шаўчука кіраўніком УГКЦ і працягваецца да гэтага часу. Менавіта гэты этап і з’яўляецца актуальным у гэтым даследванні.

На нашае меркаванне, з моманту абрання Святаслава Шаўчука палітыка УГКЦ развіваецца ў двух напрамках:

1. Павышэнне ўзроўню каталіцкага самавызначэння вернікаў УГКЦ і іх ментальнага адрыву ад праваслаўя.

2. Тармажэнне працэсу аб’яднання здаровых сілаў Украінскага Праваслаўя ў УПЦ КП і захаванне яго падзелу, што адначасова адсоўвае час прызнання УПЦ КП Сусветным Канстанцінопальскім Патрыярхатам.

Для ажыццяўлення паспяховага выканання апісаных вышэй задачаў сучаснае кіраўніцтва УГКЦ пачынае патаемную вайну менавіта супраць Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату. Падставы для гэтага сцвярджэння даказваюць наступныя факты, што ілюструюць УПЦ КП як асноўнага «канкурэнта» грэка-каталікоў:

1) Палітычныя. Асноўная маса вернікаў і прыходаў УГКЦ (ад 85% да 90%) знаходзіцца ў Галіччыне, дзе ўзровень нацыянальна-палітычнай свядомасці насельніцтва дастаткова высокі. Стаўленне да рускай (маскоўскай) імперскай свядомасці, носьбітам і прапагандыстам якой з’яўляецца Маскоўскі Патрыярхат, тут вельмі адмоўнае. Акрамя таго, уласна супольнасцяў Маскоўскага Патрыярхата ў Галіччыне засталося вельмі мала, і яны аб’ядноўваюць спецыфічны кантынгент вернікаў. Свядомыя Украінцы Галіччыны (і большасці іншых рэгіёнаў Украіны) заўсёды бачылі ў архіярэях, святарах і верніках Маскоўскага Патрыярхата праціўнікаў незалежнасці Украіны, а ў апошні час большасць іх апынулася і адкрытымі ворагамі. Таму казаць пра збліжэнне або ўплыў Маскоўскага Патрыярхату на свядомасць вернікаў УГКЦ не даводзіцца.

Цалкам іншую справу бачым у Кіеўскім Патрыярхаце. Свяцейшы Патрыярх Філарэт, архірэі, святары і вернікі па сваёй украінскай нацыянальна-патрыятычнай свядомасці ніяк не саступаюць кліру і вернікам УГКЦ. Больш за тое, заявы Свяцейшага Патрыярха Філарэта і архірэяў УПЦ КП адносна палітычных і грамадскіх падзеяў часам больш радыкальныя і адкрытыя, чым аналагічныя заявы кіраўнікоў УГКЦ.

Акрамя таго, вернікі УПЦ КП і УГКЦ – чальцы адных і тых жа палітычных партыяў і грамадскіх рухаў. Гэта значыць, калі разглядаць, новую палітычную гісторыю Украіны, знаходзяцца «з аднога боку барыкадаў».

Таксама трэба ўлічваць і той факт, што практычна ўсе палітычныя партыі дэмакратычнага і нацыянал-дэмакратычнага спектру, нягледзячы на ​​дэклараваную свабоду веравызнання і неўмяшальніцтва ў рэлігійныя справы, з’яўляюцца відавочнымі прыхільнікамі стварэння адзінай Украінскай Памеснай Царквы з цэнтрам у Кіеве. І менавіта такую ​​мэту ставіць перад сабой Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату, што, у сваю чаргу, уплывае на канфесійна-рэлігійнае збліжэннн вернікаў УГКЦ і УПЦ КП па палітычных поглядах.

Асноўным вынікам палітычнага збліжэння вернікаў УГКЦ і УПЦ КП з’яўляецца тое, што грэка-каталікі пачынаюць патрабаваць ад уласнай іерархіі актыўнага ўдзелу ў стварэнні адзінай Праваслаўнай Памеснай Царквы ва Украіне і, як асноўны крок за гэтым, дэкларавання выхаду з адміністрацыйнага падпарадкавання Рыму падчас стварэння такой адзінай Царквы ( «Рым нам не «бацька», а Масква – не «маці»). Апошняе – фактычна, патрабаванне ліквідацыі УГКЦ як часткі Каталіцкай Царквы і адмены наступстваў Брэсцкай уніі.

Пры гэтым, як ужо адзначалася вышэй, на карысць праваслаўных УПЦ КП «грае» вельмі шмат гістарычных фактаў: ​​барацьба ўкраінскіх казакаў менавіта за Праваслаўе, пачатак фарміравання і дзейнасці УПА менавіта на Валыні, дзе яе камандзірамі і байцамі былі пераважна праваслаўныя ўкраінцы, і шмат іншых гістарычных звестак.

Такім чынам, можам зрабіць выснову, што адзіная плоскасць палітычнага самавызначэння вернікаў УГКЦ і УПЦ КП, улічваючы жаданне Кіеўскага Патрыярхата стварыць адзіную Праваслаўную Памесную Царкву ва Украіне, сур’ёзна пагражае самому існаванню УГКЦ. Таму, з-за немагчымасці палітычнага размежавання вернікаў, іерархія УГКЦ зацікаўленая ў рэлігійным размежаванні шляхам стварэння негатыўнага вобразу Украінскага Праваслаўя (чытай УПЦ КП) у свядомасці грэка-каталікоў. Гэта з’яўляецца відавочнай адзнакай вайны УГКЦ супраць УПЦ КП.

2) Рэлігійныя. Тут мы апішам міжканфесійныя адносіны, якія існуюць паміж УГКЦ і праваслаўнымі юрысдыкцыямі: Маскоўскага Патрыярхата ва Украіне і ўкраінскай Праваслаўнай Царквой Кіеўскага Патрыярхату.

Стаўленне Маскоўскага Патрыярхату да Каталіцкай Царквы ў цэлым, а, асабліва, да грэка-каталікоў, — вельмі негатыўнае. Гэта выяўляецца ў не толькі ў прамовах іерархаў і святароў Маскоўскага Патрыярхату, у розных выданнях РПЦ МП, але і ў выключэнні любых сумесных малітоўных акцыяў з прадстаўнікамі УГКЦ.

Натуральна, што падобнае стаўленне Маскоўскага Патрыярхата выклікае рэакцыю ў адказ і вернікаў УГКЦ. Таму, па меншай меры на ўзроўні святароў і вернікаў, збліжэнне і ўзаемны станоўчы ўплыў паміж Маскоўскім Патрыярхатам і УГКЦ немагчымы.

Узаемаадносіны Кіеўскага Патрыярхата і УГКЦ больш складаныя. Хаця іерархія УПЦ КП не адмаўляе і заўсёды падкрэслівае карэнныя дагматычныя рознагалоссі з Каталіцкай Царквой, часткай якой з’яўляецца УГКЦ, яна пазбягае канфрантацыі, і ўжо з другой паловы 90-х гадоў спрабуе падтрымліваць з грэка-каталікамі спакойныя адносіны. Іерархі, святары і вернікі УПЦ КП безумоўна прымаюць удзел у сумесных малітоўных акцыях і сацыяльных праграмах.

Адсутнасць адкрытай варожасці да грэка-каталікоў у храмах і кляштарах УПЦ КП дазваляе шараговым грэка-каталікам бліжэй пазнаёміцца ​​менавіта з Украінскім Праваслаўем, убачыць высокую духоўнасць ўкраінскіх праваслаўных епіскапаў, таксама святароў і вернікаў. Акрамя таго, грэка-каталікі атрымліваюць непасрэдны доступ да літаратуры УПЦ КП, якая пераканаўча развенчвае міфы спікераў УГКЦ адносна Кіеўскага Праваслаўя.

Пры гэтым трэба адзначыць, што рэлігійная самаідэнтыфікацыя вернікаў УПЦ КП значна мацнейшая, чым у вернікаў УГКЦ. Гэтаму спрыяла шмат фактараў, у прыватнасці, адстойванні сваёй праваслаўнай веры ў грэка-каталіцкім асяродку на пачатку 90-х гадоў і жорсткія атакі з боку Маскоўскага Праваслаўя. Ва ўмовах Галіччыны, а менавіта тут адбываюцца асноўныя кантакты ўкраінскіх праваслаўных і грэка-каталікоў, выбар на карысць украінскага праваслаўя — менавіта рэлігійна-канфесійны, а не палітычны. З-за апошніх фактараў практычна немагчымы рэлігійны ўплыў грэка-каталікаў на праваслаўных (пры наяўнасці рэлігійнага ўплыву праваслаўных на грэка-каталікоў), што, у сваю чаргу, робіць такія праваслаўна-каталіцкія кантакты непатрэбнымі і нават шкоднымі для іерархіі УГКЦ.

Акрамя таго, на рэлігійную свядомасць вялікай часткі грэка-каталікоў трывала паўплывала рэлігійная палітыка былога кіраўніка УГКЦ кардынала Любаміра Гузара, калі прыярытэтам былі лозунгі аб «адзінай Кіеўскай традыцыі», «анты-латынізацыі УГКЦ» і інш. Пілотнае даследаванне, праведзенае сярод вернікаў УГКЦ ў абласных і раённых цэнтрах Галіччыны (апытаныя 1100 чалавек у ліпені-жніўні 2014 года) паказала наступныя дадзеныя: 51,8% лічаць менавіта УПЦ КП цэнтрам аб’яднання ў адзіную Праваслаўную Памесную Царкву ва Украіне; 46,7% гатовыя ўжо далучыцца да гэтага працэсу; 63,8% бачаць сябе вернікамі менавіта такой адзінай Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы з цэнтрам у Кіеве (пры ўмове яе прызнання з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату.

На карысць УПЦ КП як адзінага традыцыйнага царкоўнага цэнтра, грае і сучасны ўнутраны стан УГКЦ, які нават самі грэка-каталіцкія святары вызначаюць як стан «суцэльнай камерцыялізацыі царкоўнага жыцця, карпаратывізацыі святарскіх кастаў і грантаспажывання дабрачыннай фінансавай дапамогі каталіцкага Захаду з адначасовым фатальным апусканнем у маскоўска-сінадальную “обрядовщину”, замаскіраваную пад назвай «кіеўская царква візантыйскай традыцыі» — накшталт казённай квазі-рэлігіі нашага паўночнага суседа, якая канчаткова ператварылася ва ўсяго толькі банальную, хоць і разгалінаваную і бізнес-паспяховую карпарацыю па прадастаўленні рытуальных паслугаў…»[3 ]. Такую агульную характарыстыку ўнутранаму стану УПЦ КП не даюць нават зацятыя ворагі з Маскоўскага Патрыярхату, не кажучы ўжо пра яе клірыкаў і вернікаў.

Такім чынам, можам зрабіць наступную выснову: менавіта УПЦ КП з’яўляецца асноўным рэлігійным канкурэнтам і, для вялікай часткі грэка-каталікоў, альтэрнатывай УГКЦ. Таму барацьба менавіта супраць УПЦ КП з’яўляецца цалкам натуральным крокам для іерархіі і кліру УГКЦ.

3) Ментальна-культурны фактар. Маскоўскі Патрыярхат у Украіне адрозны ад УГКЦ і УПЦ КП у ментальна-культурніцкім ракурсе. Гэта абумоўлена тым, што ён, у сваёй сутнасці, заўсёды быў менавіта Рускай Царквой па ментальнасці, культуры, светапоглядзе, абраднасці, сакральным мастацтве, богаслужбовай мове, спевах і архітэктуры. Таму маскоўскае праваслаўе застаецца чужым для Украіны, дзе яго прысутнасць з’яўляецца вынікам выключна палітычных акалічнасцяў, а яго натуральна-ментальныя вернікі — гэта выключна прадстаўнікі расійскай нацыянальнай меншасці.

Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату, у процівагу адміністрацыйным падраздзяленням Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне, развіваецца на глебе менавіта ўкраінскай ментальна-культурнай традыцыі, якая, у сваім праваслаўным варыянце, мае сваё ўвасабленне ў Кіеўскім Праваслаўі X-XVII стагоддзяў. Менавіта такая праваслаўная традыцыя з’яўляецца ментальна блізкай ўкраінскай, у тым ліку — жыхарам Галіччыны (не будзем забываць, што Галіччына прыняла унію толькі ў пачатку XVIII ст., праз пераход Кіеўскай мітраполіі ў падпарадкаванне Маскоўскаму Патрыярхату, пра што мы ўжо пісалі вышэй. Гэта значыць, што тут гістарычна сваю ролю зноў грае не рэлігійны, а палітычны фактар з’яўлення ўніяцтва).

Акрамя таго, пад’ём украінскай свядомасці ў Цэнтральнай і Усходняй Украіне, разам з гістарычнай праваслаўнай ментальнасцю ўкраінцаў, абумовіў пераход вернікаў менавіта ва Украінскую Праваслаўную Царкву Кіеўскага Патрыярхату. Такія ж працэсы адбываюцца і на Валыні, дзе, нягледзячы на актыўныя маскіроўкі пад Украінскае Праваслаўе, Маскоўскі Патрыярхат ва Украіне губляе свае супольнасці і вернікаў на карысць менавіта УПЦ КП.

Не варта абыходзіць і агульную ментальна-культурную кіевацэнтрычнасць, жаданне быць цалкам незалежнымі ад замежных духоўных цэнтраў, якая аднолькава блізкая ўсім ўкраінскім, – што УГКЦ, што УПЦ КП-вернікам. Менавіта таму пэўныя колы грэка-каталіцкай інтэлігенцыі паспрабуюць песціць т.зв. «Галіцкі сепаратызм», міф пра «выключнасць» і «асаблівую місію Галіччыны».

Такім чынам, натуральная ментальна-культурная аднастайнасць пераважнай большасці вернікаў УГКЦ і УПЦ КП стварае добрыя перадумовы для пабудовы адзінай Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы менавіта на базе УПЦ КП. Апошняя пазіцыя зноў нясе пагрозу існаванню УГКЦ як адной з найбольш шматлікіх хрысціянскіх Цэркваў ва Украіне.

Зыходзячы з вышэйсказанага, няцяжка зрабіць выснову, што адзіным сітуацыйным хаўруснікам УГКЦ на сённяшнім этапе з’яўляецца Маскоўскі Патрыярхат ва Украіне. Бо менавіта Маскоўскі Патрыярхат адчайна змагаецца супраць аўтакефаліі Украінскага Праваслаўя і робіць усё магчымае, каб пераканаць грамадства ў «некананічнасці» і «неблагадатнасці» УПЦ КП.

Акрамя таго, іерархія УГКЦ, якая ідзе на хаўрусніцтва з Маскоўскім Патрыярхатам ва Украіне, выдатна разумее той факт, што пры ўдалай дыскрэдытацыі і развалу УПЦ КП пераважная большасць клірыкаў і вернікаў Кіеўскага Патрыярхата ніколі не пойдзе ў «Маскоўскую Царкву». І тут, паводле меркавання УГКЦ, яны робяцца адзінай альтэрнатывай УПЦ МП для «былых» вернікаў Кіеўскага Патрыярхату, што аўтаматычна аднаўляе поўнае дамінаванне грэка-каталікоў у Галіччыне і іх «рух на Усход» шляхам далучэння супольнасцяў УПЦ КП.

Сітуацыйны негалосны хаўрус з УГКЦ выгадны і Маскоўскаму Патрыярхату ва Украіне, таму што:

1. Ён атрымлівае магутнага хаўрусніка ў барацьбе супраць аўтакефаліі Украінскага Праваслаўя.

2. Праз заявы кіраўніка УГКЦ правакуецца раскол менавіта ва ўкраінскім грамадстве, які адцягвае ўвагу ад антыўкраінскай і прамаскоўскай дзейнасці Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне і, магчыма, спыняе пераход яе супольнасцяў у УПЦ КП – пры тым, што гэты раскол здзяйсняецца не «рукой Масквы», а ўласна рукамі «Украінскай Царквы» і Ватыкана.

3. Пры ўдалым для Маскоўскага Патрыярхату развіцці падзеяў ён можа трохі павялічыць сваю прысутнасць у Галіччыне і ў цэлым ва Украіне, з-за далучэння перакананых праваслаўных украінцаў, якія ніколі не пойдуць да грэка-каталікоў.

Таму можам зрабіць наступныя высновы: на дадзеным этапе інтарэсы УГКЦ і Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне адносна УПЦ КП цалкам супадаюць. Негалосны хаўрус гэтых двух адміністрацыйных адзінак Ватыкана і Масквы цалкам натуральны, і УПЦ КП павінная з гэтым лічыцца ў пабудове сваёй міжканфесійнай палітыкі.

5. Канстатаванне факту ці прадуманы ход? Што хаваецца за выказваннямі кіраўніка УГКЦ Святаслава Шаўчука.

На нашую думку, асноўнай памылкай некаторых спікераў і навукоўцаў у справе аналізу выказванняў кіраўніка УГКЦ пра «адзіную кананічную УПЦ МП» з’яўляецца тое, што гэтыя выказванні разглядаюцца ў адрыве ад іншых выказванняў уладыкі Святаслава – аб Украінскай Праваслаўнай Царкве Кіеўскага Патрыярхату, якія былі зробленыя на працягу некалькіх апошніх гадоў. Таксама памылкай з’яўляецца тое, што не ўлічваюцца падзеі, якія адбыліся пасля гэтых выказванняў кіраўніка УГКЦ.

Таму ў дадзеным артыкуле мы нагадаем і прааналізуем некаторыя папярэднія ключавыя выказванні кіраўніка УГКЦ, якія наўпрост тычацца стаўлення да Кіеўскага Патрыярхата.

1. Адказ на ліст Архірэйскага сінода УПЦ КП аб хросце.

Мы далёкія ад думкі пра тое, што Свяцейшы Патрыярх Філарэт і архірэі УПЦ КП незнаёмыя з каталіцкім вучэннем адносна Таямніцаў іншых (некаталіцкіх) цэркваў у агульным, і хросту, у прыватнасці. Таму, дасылаючы ліст кіраўнікам УГКЦ з пытаннем аб прызнанні хросту, здзейсненага архірэямі і святарамі УПЦ КП, Архірэйскі Сінод УПЦ КП відавочна не жадаў пачуць звычайны погляд Каталіцкай Царквы ў цэлым, і УГКЦ у прыватнасці, на таямніцу хросту.

На наш погляд, выпраўляючы ліст УГКЦ, Свяцейшы Патрыярх Філарэт чакаў пісьмовае пацверджанне таго, што ўжо шмат разоў гучала з вуснаў кардынала Любаміра Гузара. А менавіта — прызнанне УПЦ КП «Царквой-сястрой» і іншыя добрыя словы «ўкраінскага экуменічнага дыялогу Цэркваў Кіеўскай традыцыі». Гэта мусіла засведчыць, што ў вачах УГКЦ, УПЦ КП нічым не адрозніваецца ад Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне, а практыка «перахрэшчвання» верных УПЦ КП Маскоўскім патрыярхатам прызнаная антыкананічнай. Пры гэтым, варта яшчэ раз адзначыць, такі падыход да УПЦ КП нічым не супярэчыў агульнаму каталіцкаму погляду на некаталіцкія традыцыйныя Цэрквы.

Але адказ кіраўніка УГКЦ была атрыманы не проста «у агульных рысах каталіцкага духу» і тычыўся выключна хросту. На нашую думку, у ім быў зроблены прамы намёк на тое, што УПЦ КП для грэка-каталікоў з’яўляецца выключна і толькі адной з многіх «царкоўных супольнасцяў» [4]. Гэта значыць, узровень афіцыйных адносінаў паміж УГКЦ і УПЦ КП не можа быць большым, чым агульныя міжканфесійныя адносіны ў дзяржаўным кантэксце. Гэта значыць, нельга нават казаць пра нейкую агульнай экуменічную дзейнасць, а толькі пра прыватныя кантакты асобных іерархаў і святароў.

Рэальна гэты адказ быў скіраваны не УПЦ КП, а Рускай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату, на знак таго, што УГКЦ прытрымліваецца умоваў экуменічнага дыялогу Маскоўскага Патрыярхату з Ватыканам, і не мае ніякіх афіцыйных стасункаў з «некананічнымі раскольнікамі» менавіта як з Праваслаўнай Царквой.

2. Святкаванне 1025 угодкаў Хросту Русі-Украіны.

Заява кіраўніка УГКЦ арцыбіскупа Святаслава (Шаўчука) аб тым, што «спалучэнне дня хросту Украіны-Русі з днём памяці святога роўнаапостальнага Уладзіміра Вялікага з’яўляецца «маскоўскай традыцыяй»» і «гістарычную традыцыю святкаваць хрост Русі-Украіны 1/14 жніўня», выклікала вельмі вялікі шок не толькі ў навукоўцаў, але і ў праваслаўных вернікаў.

Мы не будзем тут прыводзіць факты пра тое, што згадкі пра «гістарычную традыцыю святкаваць хрышчэнне Русі-Украіны 1/14 жніўня» не сустракаюцца ні ў водным рукапісным ці друкаваным выданні Кіеўскай мітраполіі ў цэлым і Кіеўскай уніяцкай мітраполіі у прыватнасці, таму што гэтыя доказы ўжо неаднаразова прыведзеныя навукоўцамі і не з’яўляюцца тэмай дадзенага артыкула. Але паспрабуем даць тлумачэнне самой заяве кіраўніка УГКЦ.

Тое, што заява УГКЦ пра асобнае святкаванне хросту Русі-Украіны найперш накіраваная менавіта супраць Кіеўскага Патрыярхату, ужо ў жніўні 2013 года пісалі самі грэка-каталікі. Так, выдатны ўкраінскі грэка-каталіцкі багаслоў Мікалай Крокаш прама заявіў: «Дык вось, па сутнасці кіраўнік УГКЦ ускосна абвінаваціў і гэтую Царкву (УПЦ КП — аўт.) — Гэта значыць практычна ўсіх праваслаўных Украіны, – у захаванні чужынскай традыцыі» [5].

Фактычна, на нашую думку, кіраўнік УГКЦ арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук, ад усёй паўнаты сваёй Царквы, абвінаваціў усіх архірэяў, святароў і вернікаў Кіеўскага Патрыярхату ў тым, што яны чужыя для Украіны. І гэта абвінавачанне — прамая гульня на патрыятычных пачуццях грэка-каталікоў (якія, ў асноўным, з’яўляюцца жыхарамі Галіччыны), што павінна выклікаць нелюбоў і недавер менавіта да Украінскага Праваслаўя, пакласці духоўную мяжу паміж украінскімі грэка-каталікамі і ўкраінскімі праваслаўнымі, а галоўнае — адмоўна прадставіць імідж УПЦ КП, спыніць рост колькасці яго вернікаў і прыходаў.

3. Словы кіраўніка УГКЦ пра «адзіную кананічную УПЦ МП ва Украіне» — як падрыхтоўка да новай рэлігійнай вайны ў Галіцыі.

За абмеркаваннем прапановы кіраўніка УГКЦ аб прызнанні адміністрацыйнай структуры Маскоўскага Патрыярхату «адзінай кананічнай Праваслаўнай Царквой ва Украіне», забыўся другi сказ, які з’яўляецца, на нашую думку, працягам першага. Гутарка ідзе пра прамову ўладыкі Святаслава (Шаўчука) падчас урачыстага святкавання 25-годдзя выхаду Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з падполля (лістапад 2014 года), дзе ён кажа пра права ўласнасці «на ўсю маёмасць, якая была незаконна канфіскаваная, і, як следства, пра адкрыццё працэсу вяртання (рэстытуцыі) гэтай маёмасці»[6]. Пры гэтым, як сцвярджае ўладыка Святаслаў Шаўчук, «цяпер юрысты (УГКЦ) працуюць над напісаннем новага праекта закона аб рэстытуцыі царкоўнай уласнасці» (гэта значыць, ідзе рэальная праца адносна рэстытуцыі). Гэтым сцвярджэннем кіраўнік УГКЦ, на нашую думку, практычна аб’яўляе вайну менавіта Украінскай Праваслаўнай Царкве Кіеўскага Патрыярхату і, адначасова, Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве. Для разумення нашага сцверджання, разгледзім гэтае пытанне ў гістарычным кантэксце.

Разглядаючы заяву кіраўніка УГКЦ, мы вызначаем УГКЦ, якая была забароненая савецкай уладай у 1946 годзе, як рэлігійны інстытут былой Аўстра-Венгерскай імперыі, а пасля Польшчы. На момант ліквідацыі яна была дамінуючай у трох сучасных абласцях Украіны: Цярнопальскай (акрэсленай межамі 1939 года), Львоўскай і Івана-Франкоўскай. Таксама невялікая колькасць прыходаў была на тэрыторыі сучаснай Чарнавіцкай вобласці, але там яны не дамініравалі. Не кранаючы пытанне першапачатковай канфесійнай прыналежнасці часткі храмаў, гісторыі іх пераходу да грэка-каталікоў і розных перабудоваў, прымаем стан ў 1946 года, калі храмы ўжо належалі УГКЦ і сапраўды былі адабраныя Савецкай уладай. Менавіта пра гэтыя храмы, як мы разумеем, казаў ўладыка Святаслаў Шаўчук. І вось тут узнікае пэўная калізія, якая фактычна і з’яўляецца заклікам да пачатку новай вайны супраць Кіеўскага Патрыярхату і УАПЦ.

Так, па стане на 1946 год, у Львове быў толькі адзін праваслаўны храм — царква святога Георгія на сучаснай вул. Караленкі (па сваёй юрысдыкцыі яна першапачаткова належала да Чарнавіцкай духоўнай кансісторыі Румынскай Праваслаўнай Царквы, а з 1923 года — Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Да Маскоўскага Патрыярхату яна трапіла толькі пасля 1939 года) і, адпаведна, больш легальных праваслаўных супольнасцяў на было. Такое становішча было практычна ва ўсіх гарадах Галіччыны. Але ў 1989-1995 гадах, калі адбываўся «выхад УГКЦ з падполля», становішча ўжо было кардынальна іншым. Многія супольнасці Маскоўскага Патрыярхату перайшлі ў УАПЦ (з 1992 года — частка ў УПЦ КП), а невялікая частка вырашыла застацца пад амафорам Маскоўскага Патрыярхату. Пры гэтым трэба ўлічваць, што ўсе праваслаўныя супольнасці і святары, больш чым на 95% , — гэта украінцы і жыхары Галіччыны, а ў вёсках і невялікіх гарадах гэты працэнт у агульным складаў да 99,9-100 %%. Пачаўся шматгадовы пакутлівы працэс падзелу храмаў, якія, у некаторых вёсках Галіччыны, не завершаны да гэтага часу.

Разглядаючы агульныя тэндэнцыі “вайны за святыні” ў Галіччыне і яе вынікі (размеркаванне храмаў), можна зрабіць выснову, што падзел былых храмаў УГКЦ (па стане на 1946 год) адбыўся пераважна паміж грэка-каталікамі і праваслаўнымі УПЦ КП (УАПЦ). Колькасць храмаў, што адыйшлі ў карыстанне прыходаў Маскоўскага Патрыярхату, складае не больш за некалькі пабудоваў. Такім чынам, падымаючы пытанне аб рэстытуцыі, УГКЦ практычна правакуе новы віток маёмаснага супрацьстаяння менавіта з Кіеўскім Патрыярхатам і УАПЦ.

Праўда, рэстытуцыя пагражае УГКЦ стратай некалькіх храмаў на Валыні, Падоллі і Цэнтральнай Украіны. Але гэтыя страты не з’яўляюцца крытычнымі і нават могуць згуляць на карысць грэка-каталікам, бо правакуюць супрацьстаянне праваслаўных Кіеўскага Патрыярхату, УАПЦ і Маскоўскага Патрыярхату з-за жадання атрымаць «вызваленыя» УГКЦ праваслаўныя храмы. Натуральна, што падобная вайна будзе відавочна не на карысць справе аб’яднання Украінскага Праваслаўя.

З вышэй выкладзенага можна зрабіць толькі адну выснову: падчас вайны Украіны за сваю свабоду і незалежнасць кіраўнік УГКЦ, на карысць уласным канфесійным інтарэсам, рэальна рыхтуе рэлігійнае супрацьстаянне свядомых ўкраінцаў. Таму настойвае на рэстытуцыі — гэта рэальна вайна паміж вернікамі УГКЦ і Кіеўскага Патрыярхату, на баку якой выступяць і вернікі УАПЦ.

6. Перамагаць любоўю. Рэакцыя Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату на правакацыі УГКЦ

Адным з цікавых пытанняў, якія ўзнікаюць падчас гэтага невялікага даследавання, ёсць пытанне аб афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату на пэўныя выказванні і дзеянні кіраўніка УГКЦ, а менавіта, аб практычна поўнай талерантнасці да відавочна правакацыйных заяваў і дзеянняў кіраўніцтва ўкраінскіх грэка-каталікоў.

Сапраўды, мы далёкія ад думкі, што Свяцейшы Патрыярх Філарэт не з’яўляецца дасведчаным у асаблівасцях каталіцкай дагматыкі або кананічнага права. Таксама вельмі сумнеўна, што ён не разумее сапраўднай мэты заяў уладыкі Святаслава (Шаўчука) пра «пытанні рэстытуцыі».

Таксама, аналізуючы публічныя выступленні і інтэрв’ю архірэяў УПЦ КП, мы пераканаліся ў тым, што яны цудоўна арыентуюцца ў кананічным статусе УГКЦ, ведаюць каталіцкае багаслоўе і з’яўляюцца не больш чым адміністрацыйнай адзінкай Каталіцкай Царквы ва Украіне. Пры гэтым частка правоў, дэлегаваная Ватыканам УГКЦ, нават меншая за дэлегаваныя Масквой сваім адміністрацыйным падраздзяленням ва Украіне.

У гэтым кантэксце вельмі цікавае інтэрв’ю ўладыкі Дзімітрыя (Рудзюка), якое ён даў каталіцкаму парталу РІСУ. Не адмаўляючы супрацоўніцтва з грэка-каталікамі ў сацыяльнай сферы, дабрачыннасці, уладыка прамым тэкстам адхіліў магчымасць якога-небудзь удзелу УГКЦ (у яе сучасным статусе) у працэсе аб’яднання Украінскага Праваслаўя.

Менавіта таму адсутнасць роўнавалентнага адказу Свяцейшага Патрыярха Філарэта і архірэяў УПЦ КП на правакацыйныя заявы кіраўніка УГКЦ ніяк нельга вытлумачыць неразуменнем іх сутнасці з боку Кіеўскага Патрыярхату.

На нашую думку, пазіцыя УПЦ КП у гэтым пытанні прадыктаваная разуменнем той ролі, якую Кіеўскі Патрыярхат і, у прыватнасці, Свяцейшы Патрыярх Філарэт, займае ў справе аб’яднання Украінскага Праваслаўя на глебе стварэння адзінай Праваслаўнай Памеснай Царквы ва Украіне. Кіраўніцтва УПЦ КП выдатна разумее як пазіцыю кіраўнікоў УГКЦ, так і яе вытокі. Але яно разумее і тое, што большасць сучасных грэка-каталікоў з’яўляюцца латэнтнымі праваслаўнымі і гатовыя далучыцца да адзінай Украінскай Праваслаўнай Памеснай Царквы ў выпадку яе прызнання Канстанцінопальскім Патрыярхам.

Акрамя таго, як адзначыў арцыбіскуп Яўстрацій (Зора) на сваёй старонцы ў Фэйсбук, «пасварыць праваслаўных і грэка-каталікоў ва Украіне, асабліва цяпер, — гэта быў бы вялікі падарунак для Крамля». І гэта цалкам зразумела, бо гэта была б грамадзянская вайна свядомых ўкраінцаў. Менавіта на зрыў спробы нагнятання актыўнага супрацьстаяння вернікаў Кіеўскага Патрыярхату і УГКЦ накіраваная сёння палітыка УПЦ КП.

Пазіцыя Кіеўскага Патрыярхату, у тым ліку, і выказванне аднаго з пастаянных чальцоў Сінода, паказвае, што кіраўніцтва УПЦ КП здольнае паставіць дзяржаўныя інтарэсы Украіны вышэй за вузкаканфесійныя пытанні і крыўды, не паддавацца на правакацыі з боку кіраўніка УГКЦ і дзейнічаць у духу Хрыстовай любові.

Такая ўзважаная, сапраўды хрысціянская пазіцыя Свяцейшага Патрыярха Філарэта і іерархаў Кіеўскага Патрыярхату, дае свае багатыя плёны. Нават невялікае сацыялагічнае даследаванне сярод грэка-каталікоў выявіла, што 16,7% лічаць Свяцейшага Патрыярха Філарэта «духоўным лідарам украінскага хрысціянства на сучасным этапе». Пры гэтым, як паказваюць іншыя сацыялагічныя даследаванні, нашыя высновы знаходзяцца ў агульным рэчышчы грамадска-рэлігійнага працэсу.

У цэлым жа, як паказваюць экспертныя кансультацыі са святарамі Кіеўскага Патрыярхату, яны добра разумеюць, што УГКЦ змагаецца не з УПЦ КП як з юрысдыкцыяй, а з самой ідэяй пабудовы адзінай Праваслаўнай Памеснай Царквы ва Украіне менавіта як асобнай юрысдыкцыі ў коле Сусветнага Праваслаўя.

Сумуючы ўсё вышэйпададзенае, мы прыйшлі да наступнай высновы:

Свяцейшы Патрыярх Філарэт, архірэі, святары і большасць вернікаў Кіеўскага Патрыярхату добра разумеюць правакацыйны сэнс заяваў кіраўніка УГКЦ. Але, кіруючыся Запаветам Хрыстовым і інтарэсамі Украіны і яе народа, здольныя падняцца над асабістымі крыўдамі ў імя вышэйшай мэты. Сваёй пазіцыяй Кіеўскі Патрыярхат не дае ўцягнуць сябе ў супрацьстаянне, выгаднае трэцім краінам і замежным рэлігійным цэнтрам.

7. Агульныя высновы

З пачатку свайго «выхаду з падполля» УГКЦ так і не здолела выбудаваць канфесійную ідэнтычнасць сваіх вернікаў на глебе ўласных багаслоўя і дагматыкі. Асноўнай базай аб’яднання сваіх вернікаў грэка-каталіцкія іерархі і святары бачылі (бачаць) выключна ў патрыятычна-гістарычнай плоскасці. Аднак ўжо ў пачатку XXI стагоддзя робіцца зразумелым, што такое будаўніцтва ідэнтычнасці вернікаў УГКЦ натыкаецца на «цвёрдую канкурэнцыю» з боку Украінскага Праваслаўя (Кіеўскага Патрыярхату і УАПЦ). Акрамя таго, Украінскае Праваслаўе стаіць на цвёрдай гістарычнай глебе ўласнай ідэнтычнасці, якая з’яўляецца непарыўнай з часоў Хрышчэння Кіеўскай Русі. Мудрая і ўзважаная рэлігійная палітыка Свяцейшага Патрыярха Філарэта, які першапачаткова цвёрда настойвае на неабходнасці стварэння адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне і паслядоўна развівае Кіеўскі Патрыярхат, прывяла да дамінавання прыхільнікаў УПЦ КП ва ўкраінскім грамадстве.

Новы кіраўнік УГКЦ, уладыка Святаслаў Шаўчук, выразна разумее, што пабудова адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне, пры сучасным узроўні рэлігійнай самаідэнтыфікацыі грэка-каталікоў, пагібельная для УГКЦ. Таму кіраўнікамі УГКЦ была пачатая палітыка кампраметацыі як УПЦ КП, так і праваслаўя ў цэлым. У рэчышчы гэтай палітыкі уладыка Святаслаў (Шаўчук) зрабіў шэраг заяваў і дзеянняў, якія павінныя былі справакаваць УПЦ КП на «рэлігійную вайну». Пры гэтым, у барацьбе супраць адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне, сітуацыйна супалі інтарэсы УГКЦ і адміністрацыйнай адзінкі Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне. Менавіта апошні факт выклікаў пэўныя выказванні кіраўніка УГКЦ у падтрымку структуры Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне.

Такім чынам, на нашую думку, ёсць усе падставы казаць аб арганізаванай ціхай вайне УГКЦ супраць Кіеўскага Патрыярхату і сітуацыйным хаўрусе грэка-каталіцкіх іерархаў і святароў з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне.

Разам з тым трэба адзначыць узважаную і хрысціянскую палітыку, якую праводзіць у адносінах да УГКЦ Свяцейшы Патрыярх Філарэт, іерархі УПЦ КП, якія, разумеючы сваю місію ў аб’яднанні Украінскага Праваслаўя, не паддаліся на правакацыі з боку кіраўніка УГКЦ і сапраўды, па слове Хрыста, «перамагаюць любоўю».

Спасылкі

1. Міжнародні екуменічні зустрічі «Паломництво довіри» проходять у храмах РКЦ, УПЦ, УГКЦ і лютеран / http://www.religion.in.ua/news/vazhlivo/28926-mizhnarodni-ekumenichnoyi-zustrichi-palomnictvo-doviri-proxodyat-u-xramax-rkc-upc-ugkc-i-lyuteran.html

2. Єдиною канонічною Православною Церквою в Україні глава УГКЦ визнає УПЦ МП /http://ipress.ua/news/yedynoyu_kanonichnoyu_pravoslavnoyu_tserkvoyu_v_ukraini_glava_ugkts_vyznaie_upts_mp_90650.html

3. о. Ігор Пелехатий. Во время люте. /http://risu.org.ua/ua/index/blog/~igor.pelekhatyy/58116/

4. Лист на ім’я Патріарха Київського і всієї Руси-України Філарета [щодо офіційної позиції УГКЦ щодо таїнства Хрещення, звершуваного в УПЦ КП] / http://hai-nyzhnyk.in.ua/doc2/2012(11)01.kyiv.patriarhat.php

5. Крокош М. Все стабільно? http://www.religion.in.ua/main/daycomment/23302-vse-stabilno.html

6. Глава УГКЦ виступає за «повну реабілітацію УГКЦ та реституцію незаконно відчуженого майна» / http://www.religion.in.ua/news/vazhlivo/27329-glava-ugkc-vistupaye-za-povnu-reabilitaciyu-ugkc-ta-restituciyu-nezakonno-vidchuzhenogo-majna.html

 

сп. Андрэй Грудзень, к.с.н, Днепрапетроўск

прат. УПЦ КП Сяргій Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі