Патрыярх Кірыл ля статуі Хрыста ў Бразіліі маліўся аб хрысціянах ўсіх канфесіяў

Кірыл, Бразілія
Патрыярх Маскоўскі і ўсё Русі Кірыл, здзяйсняючы паездку па краінах Лацінскай Амерыкі, 20 лютага здзейсніў набажэнства аб гнаных хрысціянах свету ля статуі Хрыста-Збавіцеля на бразільскай гары Каркавада.

На набажэнстве прысутнічалі арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра кардынал Оран Жуан Тэмпеста і іншыя святары і свецкія Каталіцкай Царквы, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх плыняў. Служба вялася на царкоўнаславянскай і партугальскай мовах, паведамляе patriarchia.ru.

У той жа дзень Патрыярх Кірыл наведаў прыём ў рэзідэнцыі кардыналаў Каталіцкай Царквы ў Рыа-дэ-Жанейра, арганізаваны ад імя арцыбіскупа Тэмпесты.

Вітаючы госця, кардынал Тэмпеста адзначыў асаблівае значэнне набажэнства ля статуі Хрыста-Збавіцеля на гары Каркавада. Таксама іерархі размаўлялі аб праблеме дэхрысціянізацыі Еўропы, адлюстраванай ў падпісанай на Кубе Дэкларацыі.

Прымаючы ў дар ад арцыбіскупа Тэмпесты абраз з абліччам Георгія Пераможцы, Патрыярх Кірыл адзначыў, што Праваслаўную і Каталіцкую Цэрквы звязвае агульныя духоўная Традыцыя і святыя першых стагоддзяў хрысціянства, у т. л., вялікапакутнік Георгій.

Кажучы пра свае ўражанні ад сустрэчы з Папам Францішкам ў Гаване 12 лютага Патрыярх Кірыл сказаў, што «паяднаньне Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў пасля тысячагадовага расколу было б цудам».

Патрыярх наведаў бразільскі храм, да адраджэння якога асабіста далучыўся 10 гадоў таму

Пасля прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы наведаў храм пакутніцы Зінаіды ў Рыа-дэ-Жанейра, які сам асвяціў дзесяць гадоў таму, яшчэ не будучы прадстаяцелем РПЦ. Храм тады знаходзіўся ў заняпадзе і не меў святара, аднак пасля выдзялення сродкаў на рамонт і прыняцця прыхода пад юрысдыкцыю РПЦ сюды быў дасланы святар і наладзілася прыходскае жыццё.

З 11 па 21 лютага Патрыярх Кірыл наведаў Кубу, Парагвай і Бразілію, а таксама расійскую станцыю «Белінсгаўзен» на выспе Ватэрлоа ў Антарктыдзе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі