Беларускі будаўнічы тыдзень-2016 дапаможа дабудаваць унікальны дзіцячы хоспіс

хоспіс

Дабрачынны марафон у падтрымку будаўніцтва беларускага дзіцячага хоспіса ў пасёлку Доследны будзе праходзіць падчас 44 Выставачнага тыдня будаўнічай індустрыі і аздобных матэрыялаў.

Пра гэта паведаміла дырэктар грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» Ганна Гарчакова.

Супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі 2-4 сакавіка прадставяць у Мінску на выставе “Беларускі дом. Вясна» праект будаўніцтва новага хоспіса ў пасёлку Доследны (Мінскі раён). Спецыялісты таксама раскажуць пра інавацыі, выкарыстаныя ў архітэктуры аб’екта.

Сродкі, атрыманыя ад продажу кожнага 10-га уваходнага білета, будуць накіраваны на будаўніцтва хоспіса.

Па словах Ганны Гарчаковай, будаўніцтва будынка дзіцячага хоспіса на бягучы момант практычна завершана, засталіся толькі аздобныя працы. Мяркуецца, што хоспіс запрацуе ў чэрвені гэтага года.

«Збор сродкаў на будаўніцтва беларускага дзіцячага хоспіса пачаўся 1 чэрвеня мінулага года. За гэты час дзякуючы ахвяраванням жыхароў нашай краіны і дапамогі неабыякавых замежнікаў была сабрана неабходная для ўзвядзення і аздаблення новага будынка сума», – распавядае кіраўнік арганізацыі.

«Не бывае маленькіх і вялікіх грошай. Ды і ў прынцыпе дабро не варта было б вымяраць матэрыяльна. Галоўнае, людзі разумеюць, што невялікімі высілкамі яны могуць аказаць дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Акрамя таго, дабрачыннасць вучыць кожнага з нас шанаваць жыццё», – дзеліцца меркаваннем Ганна Гарчакова.

Новы будынак стане ўнікальнай пляцоўкай аказання дзіцячай паліятыўнай дапамогі не толькі ў Беларусі, але і на прасторах СНД. Яна будзе ўключаць стацыянарнае аддзяленне на 10 ложкаў і дзённы стацыянар на 20 месцаў. Апошняе ўяўляе сабой камбінацыю цэнтра рэабілітацыі дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі і школу правільнага дагляду для бацькоў.

Акрамя таго, на базе новага будынка дзіцячага хоспіса ў хуткім часе плануецца пачаць правядзенне навучальных онлайн-семінараў для медработнікаў, якія будуць нацэленыя на павышэнне якасці дапамогі юным паліятыўнага пацыентам.

“Такая форма вучобы найбольш аптымальная для практыкуючых спецыялістаў. Справа ў тым, што ў невялікіх населеных пунктах у медыкаў няма магчымасці надоўга адлучацца з працоўнага месца на семінары. З дапамогай сеткі Інтэрнэт яны змогуць паглыбляць веды прама на працоўных месцах і там жа ўжываць іх для аказання дапамогі сваім пацыентам», – каментуе Ганна Гарчакова.

44 Выставачны тыдзень будаўнічай індустрыі і аздобных матэрыялаў, якая пройдзе ў мінскім Палацы спорту 2-4 сакавіка, у гэтым годзе адкрые будаўнічы сезон.

У рамках Тыдня адбудуцца тэматычныя выставы “Беларускі дом. Вясна» і «Еўрарамонт», а таксама архітэктурна-будаўнічы форум «БЕЛБІЛД эвалюцыя».

Выстава “Беларускі дом. Вясна» праводзіцца ў Мінску ўжо ў 44 раз і з’яўляецца найстарэйшай будаўнічай выставай краіны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі