Ірына Дубянецкая: Новы пераклад Бібліі будзе калегіяльным, што лепей за аўтарскі

Ірына Дубянецкая
Доктар багаслоўя, гебраіст і папулярызатар біблістыкі Ірына Дубянецкая абвесціла пра новую ініцыятыву па перакладзе Святога Пісання на беларускую мову .

“Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову”, – кажа Ірына Дубянецкая, распавядаючы, што група энтузіястаў распачала праект, які мае дзве рабочыя назвы – “Новая беларуская Біблія” і “Скарына-21”, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Па словах навукоўцы, новы пераклад павінен быць здзейснены на вельмі добрую беларускую мову з улікам літаратурных асаблівасцяў тэксту. “Звычайна прапускаецца нешта, – удакладняе яна. — Напрыклад, у псальмах мы не чуем паэзіі, а яна там ёсць, і яна фармуе часам сэнсы. Біблія складзеная з тэкстаў самых розных жанраў, яны напісаныя ў вельмі рознай стылістыцы, – гэта павінна быць адлюстравана ў беларускай мове”.

Ірына Дубянецкая кажа, што калектыўны пераклад лепшы за аўтарскі: “Дзесяць чалавек спакойна ў пралогу да Евангелля Яна перакладаюць “Я не варты развязаць апоры Ягоных сандаляў”, пакуль адзін не кажа, што ў тэксце адна сандаля, а гэта розніца”.

Над супольным перакладам, які робіцца з дапамогай скайпа, працуе дзесяць чалавек: гэта гебраісты, філолагі-класікі, багасловы, біблісты – перакладчыкі-беларусы з Чэхіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстрыі, Беларусі.

Праца над Старым і Новым Запаветамі ажыццяўляецца паралельна, адначасова перакладаюцца Кніга Быцця і Евангелле паводле святога Яна. У планах калектыва – завяршыць пераклады гэтых дзвюх кніг у 2017 годзе.

Справу перакладу Біблію на беларускую мову Ірына Дубянецкая лічыць найзначнейшай: “Мы заўсёды будзем на маргінале, на ўзбочыне, пакуль мы не засвоім гэты самы асноўны тэкст, не засвоім яго так, каб яго глыбока засвоіла культура, каб ён увайшоў у тканку, у капіляры гэтай культуры, – тое, што адбылося фактычна ва ўсіх краінах, якія былі пабудаваныя на падставе хрысціянства”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі