Масква і Вашынгтон дамовіліся аб спыненні агню ў Сірыі з 27 лютага

Сірыя
Вашынгтон і Масква ўзгаднілі рэжым спынення агню ў Сірыі паміж урадавымі войскамі і апазіцыйнымі прэзідэнту Асаду паўстанцамі з суботы 27 лютага. Пагадненне ўхвалілі ў тэлефоннай размове Пуцін і Абама.

“Ініцыятыва размовы зыходзіла ад расійскага боку, але зацікаўленасць, бясспрэчна, была ўзаемнай. Падчас гутаркі мы ўхвалілі сумесныя заявы Расіі і ЗША ў якасці сустаршыняў Міжнароднай групы падтрымкі Сірыі аб спыненні баявых дзеянняў у гэтай краіне”, – пракаментаваў дамоўленасць Пуцін, паведамляе ru.euronews.com.

Цяпер пагадненне аб перамір’і да апоўдня 26 лютага павінныя падпісаць канфліктуючыя бакі, з ліку якіх выключаныя “Ісламская дзяржава” і “Фронт ан-Нусра”.

“Мы ведаем, што ёсць яшчэ шмат перашкодаў; несумненна, будуць і няўдачы, – кажа прадстаўнік Белага дома Джош Эрнст. – На працягу многіх гадоў мы спрабавалі знайсці дыпламатычнае рашэнне шматлікіх праблем,аў з якімі сутыкаецца гэты народ, расколаты на часткі. І зараз з’явілася магчымасць гэта зрабіць”.

Башар Асад прызначыў на 13 красавіка выбары ў парламент

Адразу пасля паведамлення аб узгадненні рэжыму спынення агню прэзідэнт Сірыі Асад прызначыў чарговыя парламэнцкія выбары ў краіне на 13 красавіка.

Калі выбары адбудуцца, то яны стануць другімі ў краіне з пачатку ўзброенага канфлікту – папярэднія ў 2012 годзе прайшлі на шматпартыйнай аснове, яўка склала 51% адсотак. Перамагла на іх прапрэзідэнцкая партыя БААС. Прэм’ерам быў прызначаны міністр сельскай гаспадаркі Рыяд Хіджаб, які пасля перайшоў на бок апазіцыйных паўстанцаў.

Канстытуцыя Сірыі прадугледжвае правядзенне усеагульных выбараў кожныя 4 гады.

Апошнія прэзідэнцкія выбары ў Сірыі прайшлі ў чэрвені 2014 года, на якіх, паводле афіцыйных вынікаў, на трэці 7-гадовы тэрмін быў абраны дзеючы прэзідэнт Башар Асад. Паўстанцы не прызналі вынікаў выбараў і працягнулі барацьбу з урадавымі войскамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі