Апазіцыя падала заяўку на Дзень Волі

дзень волі

У Мінску прадстаўнікі беларускай апазіцыі падалі сумесную заяўку ў Мiнгарвыканкам на правядзенне мітынгу і дэманстрацыі да Дня Волі. Пачаць мерапрыемства запланавана ў 18.00 25 сакавіка, заявілі прадстаўнікі аргкамітэта акцыі на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Заяўку падалі восем прадстаўнікоў апазіцыі, у тым ліку лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, яго намеснік Рыгор Кастусёў, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, прадстаўнікі руху салідарнасці «Разам» Таццяна Міронава і Вячаслаў Сіўчык, перадае TUT.BY.

Збор удзельнікаў акцыі пачнецца каля Акадэміі навук у 18.00, там жа пройдзе мітынг. Затым плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці да помніка Янку Купалу.

Па словах Віталя Рымашэўскага, гэта не толькі святкаванне святога дня для кожнага беларуса і лозунгі ў абарону незалежнасці Беларусі — «гэта яшчэ і лозунгі ў абарону грамадзян Беларусі ад несправядлівай палітыкі ўлады». Таму апазіцыя заклікае далучацца да іх усе пласты насельніцтва — ад пенсіянераў да студэнтаў, каб аб’яднаць намаганні па абароне сваіх грамадзянска-палітычных правоў, сказаў ён.

Рымашэўскі таксама заклікаў улады не баяцца масавых акцый і адзначыў, што страх перад імі прыводзіць толькі да ізаляцыі Беларусі і новых санкцый.

Дзень Волі як гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беларусі адзначаюць 25 сакавіка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі