У Мінску адвентысцкае служэнне слабым слыхам навучала перакладчыкаў мовы жэстаў

slych

З 25 па 28 лютага ў Мінску адвентысцкае служэнне слабым слыхам праводзіла навучанне перакладчыкаў мовы жэстаў. На гэтых курсах навучаліся 18 чалавек, якія прадстаўлялі як тыя абшчыны, у якіх ёсць слабыя слыхам (Мінск, Віцебск, Пінск, Орша, Полацк), так і тыя, дзе іх пакуль яшчэ няма. Былі сфармаваныя дзве групы навучэнцаў.

Першую склалі тыя, хто ўжо мае досвед падобнага перакладу, але меў патрэбу ў павышэнні кваліфікацыі. З гэтай групай заняткі праводзіла прафесійны сурдаперакладчык тэлеканала «Надія» Аксана Мішаніна, паведамляе Adventist.by.

З другой, у якую ўвайшлі тыя, хто мае жаданне служыць слабым слыхам, але не валодае мовай жэстаў, працаваў пастар Аляксандр Слюсарскі, каардынатар служэння слабым слыхам ў Украінскім Уніёне.

Таксама ў навучанні прынялі ўдзел некаторыя слабыя слыхам вернікі з Мінска, Оршы і Віцебска, якія дапамаглі прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Акрамя таго, яны самі атрымалі магчымасць даведацца для сябе новыя біблейскія жэсты.

У заключны дзень заняткаў быў праведзены экзамен і ўручаны сертыфікаты. У сваіх водгуках навучэнцы выказалі пажаданне правесці павышэнне кваліфікацыі перакладчыкаў яшчэ раз у гэтым годзе.

Бліжэйшае мерапрыемства – евангельская праграма для слабых слыхам у Мінску адбудзецца з 9 па 16 красавіка з удзелам слабых слыхам і сурдаперакладчыкаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі