Ультраправыя дамагліся поспеху на парламенцкіх выбарах у Славакіі

славакія

Сацыял-дэмакратычная партыя дзеючага прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцы “Курс – сацыяльная дэмакратыя” атрымала перамогу 5 сакавіка на парламенцкіх выбарах, набраўшы больш за 28% галасоў і атрымаўшы 49 з 150 дэпутацкіх крэслаў. Пры гэтым партыя страціла 34 мандаты і адпаведна абсалютную большасць у парламенце.

Роберт Фіца праводзіў жорсткую перадвыбарчую кампанію, у тым ліку, абяцаючы не прымаць у краіну імігрантаў-мусульманаў. Ён таксама вядомы такімі папулісцкімі крокамі, як увядзенне бясплатнага праезду ў цягніках для студэнтаў і пенсіянераў.

Каб працягнуць працу на пасадзе кіраўніка ўраду, якую ён займаў у 2006-2010 гадах і з 2012 года, Фіцу прыйдзецца шукаць партнёраў і ствараць кіруючую кааліцыю, а гэта можа апынуцца няпростай задачай, улічваючы поспехі малых партый.

Другое месца заняла ліберальная партыя “Свабода і салідарнасць», якая заваявала 12,1% галасоў і 21 месца ў парламенце (+10 мандатаў), трэцяе – кансерватыўная партыя «Звычайныя людзі», у якой 11% і 19 (+3) дэпутатаў.

Таксама ў парламент прайшлі чатыры новыя партыі, якія не прадстаўлены ў дзеючым парламенце: нацыяналістычныя Славацкая нацыянальная партыя (8,6% і 15 месцаў), «Народная партыя – наша Славакія» (8% і 14 месцаў), папулісцкая і антымігранцкая партыя «Наша сям’я» (6,6% і 11 месцаў) і кансерватыўная партыя «Сетка» (5,6% і 10 месцаў). Прадстаўляючая інтарэсы вугорскай меншасці цэнтрысцкая партыя «Мост», набрала 6,5% галасоў і 11 дэпутацкіх мандатаў, што на 2 менш чым на выбарах 2012 года.

Хрысціянска-дэмакратычны рух, які па выніках выбараў 2012 года з 16 дэпутатамі быў найбуйнейшай апазіцыйнай партыяй у парламенце, на гэты раз набрау усяго 4,9% галасоў пры неабходных 5% для праходжання ў Нацыянальную раду.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі