Аднаполыя шлюбы, аборты і іншая грамадская актыўнасць амерыканскіх сатаністаў

сатанисты

Krynica.info неаднаразова звяртала ўвагу сваіх чытачоў на актыўнасць сатаністаў у ЗША. Сярод іх акцый можна прыгадаць і спробу правесці чорную імшу ў горадзе Талса (Аклахома), і патрабаванне ўсталяваць на капіталійскім халме Аклахома-сіці побач з помнікам Дзесяці запаведзям свой помнік, і намаганні ўвесці свае малітвы ці забараніць малітвы ўвогуле на пасяджэннях гарадской рады Фінікса (Арызона), і намер прыбраць помнік Дзесяці запаведзям з мястэчка Блумфілд (Нью-Мексіка).

Карэспандэнты Krynica.info паспрабавала разабрацца ў мэтах і кампаніях арганізацыі The Satanic Temple (Сатанінскі храм), якая стаіць за двума з вышэй пералічаных падзей.

Сярод  акцый сатаністаў можна знайсці і нявінныя, на першы погляд, як, напрыклад, збор сродкаў на прытулкі для жывёлаў (кампанія называецца “Выратуй чорнага ката”), абарона дзяцей ад цялесных пакаранняў ды падтрымка чысціні амерыканскіх хайвэяў. Але адна з іх галоўных кампаній, паводле іх жа сайту, — прапаганда абортаў. Яны вельмі абураныя тым, што шэраг штатаў ЗША абмяжоўвае распаўсюд праабортнай інфармацыі, якая можа быць недакладнай альбо можа ўводзіць у зман.

Таксама яны апантана выступаюць у падтрымку аднаполых шлюбаў. У штаце Мічыган, да таго, як аднаполыя саюзы былі легалізаваныя на тэрыторыі ўсіх Злучаных Штатаў, яны дамагаліся права рэгістраваць аднаполыя шлюбы , заяўляючы, што аднаполы шлюб для іх – гэта таксама рэлігійны сакрамэнт, а значыць, падпадае пад рэгуляванне 1-й Папраўкі да Канстытуцыі ЗША. Гэтая папраўка абараняе рэлігійную свабоду і з’яўляецца важнейшай за законы асобных штатаў. Такім чынам, сатаністы спрабавалі рэгістраваць аднаполыя шлюбы там, дзе рабіць гэта было незаконна.

Апроч таго, у горадзе Мерыдыян (Місісіпі) сатаністы правялі “ружовую імшу” на магіле маці былога лідара баптысцкай царквы Вэстбара Фрэда Фэлпса. Мерапрыемства, сярод іншага, уключала тое, што гомасэксуалісты цалаваліся на магіле памерлай жанчыны.

У горадзе Грыс (Нью-Ёрк) яны дамагаліся права праводзіць свае малебны, нароўні з іншымі канфесіямі, на адкрыцці пасяджэнняў гарадскіх уладаў. На іх рахунку таксама і намаганні правесці “чорную імшу” ў Гарвардскім універсітэце, «годна» пакараць Каталіцкі Касцёл і гэтак далей. Сатаністы завяраюць, што актыўна падтрымліваюць разнастайныя праабортныя ды антырэлігійныя арганізацыі.

Паводле прэс-сакратара арганізацыі Джэкс Блэкмор, “Сатана з’яўляецца сімвалам непадпарадкавання, незалежнасці, мудрасці і самасцвярджэння”.

“Сатанінскі храм з’яўляецца нетэістычнай рэлігійнай арганізацыяй, прысвечанай сатанінскай практыцы і прасоўванню сатанінскіх правоў. Мы разумеем Сатану найбольш як сімвал уласцівай чалавеку прыроды, прадстаўніка вечнага бунтара, прасветлены запыт і асабістую свабоду, чым звышнатуральнае боства або існасць. Наша місія — аблегчыць зносіны і мабілізацыю палітычна свядомых сатаністаў, атэістаў і выступаць за асабістую свабоду. Мы актыўна забяспечваем прапаганду і ўдзел у грамадскіх справах, дзе разглядаемыя пытанні маглі б атрымаць карысць з рацыянальных, сатанінскіх ідэй”, — заяўляюць сатаністы.

Пры гэтым яны актыўна распрадаюць і распаўсюджваюць сатанінскую літаратуру (у тым ліку для дзяцей), значыкі і вопратку з сатанінскай сімволікай, статуэткі Бафамета і іншае, а таксама заклікаюць абвяшчаць сябе ведзьмакамі і вядзьмаркамі. “Далучайся да сатанінскай рэвалюцыі. Час абуджацца”, — заклікаюць іх сайты.

Будзем спадзявацца, што нешматлікія паслухаюцца іх. А сутыкаючыся з заклікамі да абортаў, аднаполых шлюбащ і памяншэння ролі Царквы ў жыцці, грамадства будуць лепш разумець, чые рогі і капыты віднеюцца за такімі заклікамі.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі