Правацэнтрысты плануюць закрыць усе выбарчыя акругі

preview

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць АГП, БХД і Рух «За свабоду», мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах падчас кампаніі па абранні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Мы ўжо перадалі сваім партнерам для кансультацыяў сьпіс з 56 прозвішчаў патэнцыйных кандыдатаў. БХД і рух „За свабоду“, наколькі я ведаю, таксама маюць прыкладна па паўсотні верагодных удзельнікаў выбарчай кампаніі», — паведаміў лідар АГП Анатоль Лябедзька, паведамляе svaboda.org.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што БХД будзе моцна працаваць у рэгіёнах. «Цягам апошніх трох год наша стратэгія была і ёсць у тым, каб рыхтаваць рэгіянальных лідараў. Мы праводзім шмат менавіта рэгіянальных акцыяў, скіраваных на абарону палітычных і сацыяльных правоў мясцовага насельніцтва. Вядома, мы будзем змагацца”, – адзначыў ён.

Па ягоным меркаванні, “казаць выбарцам, што зараз, калі Лукашэнку падтрымлівае нават Еўропа, мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў, значыць падманваць іх”.

“Таму стратэгія нашай партыі на гэтую выбарчую кампанію (а я спадзяюся, што яна стане стратэгіяй і усёй правацэнтрысцкай кааліцыі) будзе ў аб’яднанні высілкаў лідараў грамадскай думкі ў рэгіёнах на стварэнні „народнага парламенту“ альбо „грамадскага форуму“. Назваць яго можна як заўгодна. А сутнасць у тым, каб пасля выбарчай кампаніі праводзіць нацыянальныя мерапрыемствы на новым узроўні”, – патлумачыў ён.

«Адбываюцца вялікія зрухі ўнутры краіны. Дый геапалітычная сітуацыя вакол Беларусі таксама моцна змяняецца. Таму, натуральна, мы павінны быць больш актыўнымі. І нягледзячы на тое, што выбары прадказальна могуць прайсці па такім жа сцэнары, як і ўсе выбары за апошнія 20 год, іх трэба выкарыстоўваць”, – адзначыў першы намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, Руху “не хацелася падтрымліваць, а тым болей вылучаць кандыдатаў, якія правядуць выбарчую кампанію толькі дзеля птушачкі”. “Тыя людзі, якіх мы падтрымаем, пройдуць праз усе этапы выбарчай кампаніі. Перадусім яны будуць збіраць подпісы выбарцаў, бо рух «За свабоду» — не палітычная партыя і не можа вылучаць кандыдатаў рашэннем свайго кіраўнічага органа”, – нагадаў Губарэвіч.

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, найбольш верагодна, пройдуць 11 верасня 2016 году.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі