ААН: Урад Паўднёвага Судана плоціць войску правам гвалтаваць жанчын

Каір, Судан
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн 11 сакавіка апублікаваў даклад ААН па дадзеных расследавання аб маштабах згвалтаванняў мясцовых жанчын урадавымі войскамі Паўднёвага Судана і апалчэнцамі, ваюючымі на іх баку.

Дзеянні войска Паўднёвага Судана павінныя быць, гаворыцца ў дакладзе, прыроўненыя да ваенных злачынстваў. Расследаванне ААН устанавіла, што на працягу мінулага года толькі ў штаце Заходні Верхні Ніл былі згвалтаваныя больш за 1 300 жанчын «у якасці аплаты за ўдзел у ваенных дзеяннях на баку ўрадавых войскаў», паведамляе ВВС.

У дакладзе гаворыцца, што «армія, ужываючы тактыку «выпаленай зямлі», наўмысна нападае на грамадзянскіх асобаў, здзяйсняючы забойствы і згвалтаванні. Ваенныя дзейнічаюць па прынцыпе «рабі, што хочаш, і вынось ўсё, што можаш»: ім было дазволена гвалтаваць і выкрадаць жанчын і дзяўчынак, зводзіць свойскі скот, выносіць асабістую маёмасць.

Урад Паўднёвага Судана адмаўляе, што яго вайскоўцы нападаюць на мірных грамадзянаў, але абяцае правесці расследаванне. «У нас ёсць правілы вядзення баявых дзеянняў, і мы іх трымаемся», — кажа прэс-сакратар прэзідэнта краіны Атэні Века Атэні.

Адна з апытаных следчымі ААН жанчын распавяла, што салдаты спачатку забілі яе мужа, а пасля удзесяцёх згвалтавалі 15-гадовую дачку.

Праваабаронцы Amnesty International таксама падрыхтавалі даклад, у якім, сярод іншага, распавядаецца пра інцыдэнт ля горада Лер, калі ваенныя пасадзілі больш за 60 мужчын і хлопчыкаў у грузавы кантэйнер, дзе тыя задыхнуліся, а потым выкінулі іх целы ў поле.

Грамадзянскі канфлікт у Паўднёвым Судане пачаўся ў снежні 2013 года, калі прэзідэнт Сальва Кіір і экс-віцэ-прэзідэнт Рыека Мачар пачалі ўзброеную барацьбу з выкарыстаннем верных ім сілаў.

У лістападзе прэзідэнт Паўднёвага Судана, — самай маладой ў свеце дзяржавы, гісторыя якой налічвае ўсяго пяць гадоў, — Сальва Каір прадэманстраваў лаяльнасць Ватыкану і Папе Францішку падчас візіту пантыфіка, нечакана прыбыўшы ва Уганду, дзе Папа знаходзіўся з візітам. Паміж Папам і Каірам адбылася незапланаваная гутарка, падчас якой прэс-сакратар Папы Федэрыка Ламбардзі запэўніў Каіра ва ўвазе Ватыкана да гэтай дзяржавы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі