Беларускія праваслаўныя епіскапы папрасілі прабачэння ў сваёй паствы (відэа)

Увечары 13 сакавіка ў Даравальную нядзелю, якая ў праваслаўнай традыцыі папярэднічае пачатку Вялікага посту, беларускія епіскапы традыцыйна прасілі прабачэння ў сваёй паствы.

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій здзейсніў вячэрню з чынам прабачэння ў кафедральным Пакроўскім саборы ў Гродне, заклікаўшы вернікаў задумацца, ці ведаюць яны адказ на пытанне – што такое грэх.

“Бо шмат хто, нават тыя, хто ходзяць у наш храм, не змогуць сказаць, спытайся ў іх, – што такое грэх. Між тым, грэх – гэта беззаконне, гэта парушэнне дадзенага Госпадам закона – закона жыцця”, – падкрэсліў уладыка Арцемій, паведамляе orthos.org.

Антоній
Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній падчас вячэрні з чынам прабачэння ў кафедральным саборы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Салігорску нагадаў, што Пост – гэта час, які “варта пачаць з чыстага ліста, памірыўшыся з блізкімі і папрасіўшы ва ўсіх прабачэння”, а пасля сам папрасіў прабачэння ў вернікаў сабора, паведамляе sluck-eparchiya.by.

Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан здзейсніў вячэрню з чынам прабачэння ў кафедральным Сімяонаўскім саборы ў Брэсце, нагадаўшы вернікам, што нельга ставіцца да Даравальнай нядзелі як да рытуала, калі словы прабачэння вымаўляюцца ў якасці прывітання: “Нельга дараваць толькі ў Даравальную нядзелю, – дараваць грахі блізкім мы павінны штодня”, а таксама прапанаваў іншымі вачыма паглядзець на словы малітвы “Ойча Наш”, – “і даруй нам даўгі нашы, як і мы пакідаем даўжнікам нашым”, патлумачыўшы, што нешматлікія вернікі маюць права сказаць, што прамаўляюць гэтыя словы шчыра.


Епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, звяртаючыся падчас Боскай літургіі да прыхаджанаў бабруйскага Нікольскага кафедральнага сабора са словамі навучання на перыяд Вялікага посту, нагадаў, што “найпершай і найважнейшай умовай уваходжання ў стадыю Вялікага посту з’яўляецца прымірэнне з навакольнымі “. “Толькі пасля таго, як мы ад усёй душы прабачым адзін аднаму і праз пакаянне прымірыцца з блізкімі і Богам, – дадае епіскап Серафім, – мы зможам перайсці да наступнай прыступкі –  устрымання і абмежавання сябе ў ежы і пітве, аддалення ад забаўляльных мерапрыемстваў, прысвячэння сябе царкоўнай малітве і ўдзелу ў царкоўных таямніцах”, паведамляе bobruisk.hram.by.

“Страта гарманічнай супадпарадкаванасці сілаў чалавечай прыроды прывяла да таго, што розум чалавека пакаламуціўся, пачуцці і воля сталі канфліктаваць паміж сабой. Адзіным шляхам сабраць разам і падпарадкаваць іх розуму стала карпатлівая праца над сабой пры дапамозе паста, прыватнай і царкоўнай малітвы і ўдзелу ў таямніцах”, – тлумачыць уладыка Серафім.

Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел здзейсніў чын прабачэння пасля вячэрняй богаслужбы ў кафедральным Успенскім саборы ў Маладзечне, епіскап Гомельскі і Жлобинкий Стэфан – у гомельскім кафедральным Петрапаўлаўскім саборы, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, – ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій – у кафедральным саборы Богаяўлення ў Полацку, епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый – у кафедральным Міхайлаўскім саборы ў Лідзе, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў вячэрню з чынам прабачэння ў кафедральным саборы Перамянення Гоподня ў Магілёве.

Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі здзейсніў вячэрню з чынам прабачэння ў мужчынскім манастыры Звеставання ў вёсцы Малыя Ляды.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі