Вярхоўны суд канчаткова адмовіў ў рэгістрацыі Хрысціянска-дэмакратычнаму руху

малаток

14 сакавіка суддзя Вярхоўнага суду Беларусі Валянціна Кулік, вядомая тым, што раней прызнавала законнай ліквідацыю праваабарончага цэнтру “Вясна” і нерэгістрацыю БХД і Руху “За свабоду”, вынесла рашэнне аб прызнанні законнай нерэгістрацыі Міністэрствам юстыцыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух”.

“Рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі было для нас чаканым пасля судовага паседжання, якое больш нагадвала цырк. Задачай суддзі, пракурора і прадстаўніка Міністэрства юстыцыі было не выкананне законнасці, а абарона палітычнага рашэння, якое было навязанае Мінюсту. Калі яны думаюць, што нерэгістрацыя грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый неяк паўплывае на нашы дзеянні па абароне грамадзян, дык яны моцна памыляюцца. Мы будзем працягваць нашу працу па тых накірунках, якія былі прынятыя на ўстаноўчым сходзе, і будзем працягваць спрабаваць зарэгістравацца, пакуль міністэрства юстыцыі не зарэгіструе Хрысціянска-дэмакратычны рух”, – адзначыла старшыня РГА ХДР Вольга Кавалькова, паведамілі Krynica.info ў ХДР.

Пры гэтым яна прапанавала ўручыць суддзі Валянціне Кулік, якая ўжо мае Ордэн пашаны, узнагароду “за бездакорнае перапісванне рашэння Мінюста”. Характэрна, што з прадстаўнікоў міністэрства на абвяшчэнні рашэння ніхто не прысутнічаў.

“Напярэдадні Дня Канстытуцыі Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў нас канстытуцыйных правоў на роўнасць усіх грамадзян перад законам і на свабоду стварэння асацыяцый. Пэўна, досвед паслугачоў рэжыму краін Усходняй Еўропы пасля падзення камуністычных рэжымаў і Украіны пасля Рэвалюцыі годнасці беларускіх чыноўнікаў нічому не навучаў. Не баяцца яны таксама ні Божага суду, ні суду гісторыі”, – падкрэсліў намеснік старшыні ХДР Максім Гацак.

Зараз рыхтуецца наглядная скарга на рашэнне Вярхоўнага суду. Апроч таго, аргкамітэт ХДР збіраецца падаваць у кантралюючыя органы скаргі на пазбаўленне дзяржаўнай рэгістрацыі тых праўладных арганізацый (Беларускі саюз жанчын на чале з міністрам Марыянай Шчоткінай, БРСМ, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Рэспубліканская партыя і іншых), у статутах якіх дапушчаныя тыя ж парушэнні, на падставе якіх было адмоўлена ў рэгістрацыі РГА ХДР.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі