Эксперт: Расія вырашыла вывесці войскі, бо ў сірыйскай апазіцыі з’явіліся “стынгеры”

stinger

Нечаканае рашэнне Расіі вывесці свае войскі з Сірыі можа тлумачыцца з’яўленнем супрацьпаветраных “стынгераў” у сірыйскай апазіцыі. Пра гэта ў сваім блогу ў Facebook піша беларускі гісторык, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Яўген Красулін.

Паводле яго, Расія з самага пачатку сірыйскае грамадзянскае вайны падтрымлівала рэжым Асаду, лёс якога быў бы даўно вырашаным без гэтае падтрымкі. “Калі сітуацыя зрабілася зусім ахавай, Расія распачала авіяўдары па рэгіёнах, якія кантралюе сірыйская апазіцыя. Як памятаем, не толькі па пазіцыях ці аб’ектах вайсковае інфраструктуры. Але й па мірных кварталах. Зноў, як памятаем, арганізацыя “Урачы без межаў” нават перастала даваць расійскаму боку каардынаты сваіх шпіталяў, бо былі сур’ёзныя падставы лічыць, што пасьля па гэтых каардынатах адмыслова наносяцца ўдары”, – заяўляе эксперт.

У адказ на паветраныя атакі з боку расійскіх ПКС прадстаўнікі сірыйскія апазіцыі сталі патрабаваць ад Захаду забяспечыць іх сродкамі супрацьпаветранай абароны, але “амерыканскі бок не спяшаўся перадаць сродкі СПА ў рукі барадатых барацьбітоў”. Але 12 сакавіку сілы Сірыйскай Свабоднай Арміі (якая прызнаецца “памяркоўнай” апазіцыяй, перыядычна канфліктуе з больш радыкальнымі сірыйскімі групоўкамі і нават у РФ не прызнаецца тэрарыстычнай) збілі са “стынгеру” лятак сірыйскіх ВПС МіГ-21. А гэта азначае, што сірыйскія і расійскія самалёты могуць неўзабаве пачаць “сыпацца з сірыйскіх нябёсаў як пераспелыя яблыкі”.

“Падкрэслю, гэта – версія, якая не з’яўляецца адзінай падставай заявы пра вывад расійскіх “войскаў”. Але яна можа патлумачыць, чаму заява прагучала менавіта цяпер. Больш за тое, яна можа патлумачыць хуценькае дасягненне дамоўленасьцяў паміж РФ і ЗША. Амерыканцы маглі ў перамовах з сваімі расійскімі партнёрамі выкарыстаць факт атрымання (невядома адкуль) апазіцыянерамі “стынгераў” як моцны аргумент на карысць прыняцця расейцамі больш дамоваздольнай пазіцыі”, – мяркуе гісторык.

Разам з тым, адзначае ён, “”абвясціць” вывад і “ажыццявіць” вывад – рэчы розныя. Тым болей, зноўку, усіх і раней пераконвалі, што расійскіх войскаў у Сірыі няма”.

Раптоўнае рашэнне пра вывад войскаў, на думку Яўгена Красуліна, намякае яшчэ на адну акалічнасць. “Тую, што знешняя палітыка Расіі не мае стратэгічных мэтаў, а існуе цяперашнімі вельмі лякальнымі і рэактыўнымі задачамі, якія толькі выпадкова могуць прывесці да нейкіх адносна (падкрэсліваю: адносна) доўгіх вынікаў (кшталту крызісу ўцекачоў у Еўропе). Гэта, як бачым, дае магчымасць лёгка спыніць любую аперацыю ў любы момант. І за гэтым стаіць галоўнае: для расійскага кіраўніцтва самымі страшнымі з’яўляюцца іміджавыя страты. А імідж грунтуецца на сіле. Як толькі за Расіяй заўважаць слабасць – усё, тушыце святло”, – падкрэсліў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
15.03.2016 У свеце| Тэгі: , ,




Блогі