«Хронікі Нарніі» па-беларуску — з вашай дапамогай!

book-mockup-cover-05

У хуткім часе ў Беларусі павінна з’явіцца першае выданне адной з самых папулярных кніг ХХ стагоддзя – знакамітых «Хронік Нарніі» К.С.Льюіса.

Арганізатары праекта ўжо цалкам падрыхтавалі выданне першай кнігі і зараз збіраюць грошы праз краўдфандынгавую пляцоўку talaka.by непасрэдна на сам друк. Пераклад на беларускую мову першай з кніг легендарнага фэнтэзі — “Пляменнік чараўніка” — быў зроблены Надзеяй Кім з вялікай любоўю да арыгінала і роднай мовы. Вокладку ствараў адзін з лепшых беларускіх ілюстратараў — Раман Сустаў. Для ілюстравання самой кнігі выкарыстаны арыгінальныя малюнкі, зробленыя на замову Клайва Льюіса знанай мастачкай Паўлінай Бэйнс.

Арганізатары праекта “Хронікі Нарніі па-беларуску” Аляксей Шэін і Андрэй Кім зладзілі прэзентацыю кнігі ў галерэі “Ў”. На мерапрыемстве прысутнічала новы амбасадар каралеўства Вялікабрытаніі спадарыня Фіёна Гібс, якая адзначыла высокую каштоўнасць кнігі і важнасць стварэння падобных перакладаў.

“Хронікі Нарніі” — залатая класіка літаратуры. К. С. Льюіс разам з Дж. Р. Р. Толкіным (трылогія “Уладар пярсцёнкаў”) лічацца заснавальнікамі і найлепшымі прадстаўнікамі жанру фэнтэзі.

Серыя кніг пра Нарнію карыстаецца вялікай папулярнасцю ва ўсім свеце. Да 2006 года было прададзена больш за 100 мільёнаў асобнікаў. І вось чарговай мовай, на якой выходзіць гэтая цудоўная гісторыя, становіцца беларуская.

Кнігу плануецца выдаць накладам у 2000 экзэмпляраў. Частку накладу плануецца прэзентаваць беларускім школкам. Акрамя таго, да выдання “Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка” будзе даданы выпуск аднайменнай аўдыёкнігі ў агучцы найлепшых беларускіх акцёраў. Цяпер арганізатары просяць падтрымаць гэты праект фінансава. У залежнасці ад сумы, ахвяраванай на выданне, ахвярадаўцы атрымаюць падарункі, у тым ліку — саму кнігу па кошце, ніжэйшым, чым будзе ў крамах. Падтрымаць выданне “Хронік Нарніі” можна тут: http://www.talaka.by/projects/1106/campaign

Аформіць перадзамову можна на сайце narnia.by.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі