Арыштаваны арганізатар тэрактаў у Парыжы Салах Абдэслам

Салах
У брусэльскім квартале Маленбек 18 сакавіка паранены ў нагу і захоплены падазраваны па справе аб парыжскіх тэрактах Салах Абдэслам.

Аперацыя па захопе адбывалася ў 10 кіламетрах ад месца правядзення саміту Еўрасаюза. У маштабнай спецаперацыі з удзелам дзясяткаў паліцэйскіх паранены таксама супольнік Абдэслама, абодва дастаўлены ў бальніцу пад строгай аховай, паведамляе ru.euronews.com.

Трэці магчымы тэрарыст быў забіты спецназам ў перастрэлцы. Яшчэ адзін ўзброены злачынца, верагодна, знаходзіцца ў доме на вуліцы Чатырох вятроў, дзе праводзіцца спецаперацыя.

Салах Абдэслам — брат аднаго з парыжскіх смяротнікаў Абрахіма Абдэслама. Браты жылі ў Маленбеку, мелі францускае грамадзянства і былі чальцамі бельгійскай ісламісцкай суполкі. Абодва ездзілі ў Сірыю для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку экстрэмістаў.

Аперацыя стала працягам рэйду 15 сакавіка ў Бруселі, калі паліцыя штурмавала кватэру экстрэмістаў, звязаных з парыжскімі смяротнікамі. Тады ў выніку штурму быў забіты адзін баевік, раненні атрымалі чацвёра паліцэйскіх. Падчас ператрусу паліцыя выявіла ў кватэры сляды ДНК і адбіткі пальцаў Абдэслама і такім чынам выйшла на яго след.

Па справе аб тэрактах у Парыжы ў Бельгіі было праведзена больш за 100 паліцэйскіх рэйдаў, затрыманыя 58 чалавек.

11-ці падазраваным прад’яўленыя абвінавачванні ў сувязі з тэрарыстычнымі нападамі 13 лістапада 2015 года, калі тэрарысты здзейснілі серыю нападаў на вуліцах у Парыжы, у канцэртнай зале «Батаклан» і каля стадыёна «Стад дэ Франс». У выніку тэрактаў загінулі 130 чалавек, 89 з іх — у «Батаклане».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі