У Пакістане Вялікдзень абвясцілі выходных днём для хрысціянаў

Пакістан
Нацыянальны сход Пакістана 19 сакавіка прыняў рэзалюцыю, якая дае хрысціянам магчымасць святкаваць Вялікдзень у якасці выхаднога дня.

Таксама індуісты атрымалі права выхаднога ў свае рэлігійныя святы Холі і Дзівалі. Рэзалюцыю падрыхтаваў Ванквані Рамеш Кумара, сябра Асамблеі індуісцкай веры, паведамляе asianews.it.

Нягледзячы на ​​тое, што рэзалюцыя з’явілася важным крокам на шляху рэлігійнага прымірэння ў пакістанскім грамадстве, многія праваабаронцы занепакоеныя недастатковасцю такога кроку. Па іх словах, недастаткова прызнаць толькі некаторыя святы розных рэлігійных традыцыяў – павінныя быць гарантаваныя роўныя правы прадстаўнікоў усіх рэлігіяў і прынятыя канкрэтныя меры па іх абароне.

Актывіст і каардынатар Нацыянальнай камісіі за справядлівасць і мір Кашыф Аслэм, прызнаючы важнасць гэтага “гістарычнага рашэння ў сферы прызнання меншасцяў як грамадзянаў Пакістану”, кажа, што наступным крокам павіннае стаць скасаванне абразлівых словаў “эсаі” і “масіхі”, якімі хрысціянаў пазначаюць ў дакументах і падручніках”.

Мусульманін Хуснайн Джамал незадаволены такім рашэннем, бо на практыцы выхад на працу адных грамадзянаў і нявыхад іншых створыць складанасці: “Я думаю, што мусульманам трэба дазволіць святкаваць гэтыя святы, так каб яны маглі радавацца і святкаваць разам з нашымі братамі і сёстрамі , прыналежнымі да іншым рэлігійных меншасцяў. Ісламабад павінен абвесціць гэтыя дні нацыянальнымі святамі для ўсіх”.

Каталіцкі святар Афтаб Джэймс Пол схільны меркаваць, што дазвол святкаваць рэлігійныя святы –  вельмі малая мера ў параўнанні з тым, што ў школьных падручніках насаджаецца перадузятае стаўленне да меншасцяў”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі