Лукашэнку заклікаюць спыніць будаўніцтва на габрэйскіх могілках у Мазыры

Мазыр, могілкі
Лідар Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (САБГ) Якаў Гутман звярнуўся з адкрытай петыцыяй да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з заклікам дапамагчы спыніць вядзенне будаўніцтва на габрэйскіх могілках у Мазыры.

Петыцыя, падпісаць якую можа кожны жадаючы, адрасаваная таксама Генеральнаму пракурору Беларусі, мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі, каталіцкаму мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, Галоўнаму равіну Беларусі, Муфтыю Беларусі, а таксама амбасадзе Ізраіля ў Беларусі.

Нагодай для звароту стала рашэнне Мазырскага райвыканкама ад 6 ліпеня 2015 года №720 “Аб дазволе на правядзенне праектна-пошукавых работ і будаўніцтва» аб’екта «Будаўніцтва жылога шматкватэрнага дома з будынкамі (памяшканнямі) для абслугоўвання насельніцтва, размешчанага па адрасе: г.Мазыр, вул. Пушкіна, 14, 14а, 14в . “У жніўні 2003 года на гэтай тэрыторыі ўжо пачыналася будаўніцтва жылога дома. Катлаван і навакольная дзялка былі ўсеяныя чалавечымі косткамі”, – гаворыцца ў петыцыі.

Якаў Гутман нагадвае, што падаваў гарадскім уладам план горада 1847 года, на якім пазначаныя габрэйскія, праваслаўныя, каталіцкія могілкі, акрамя таго, вуліца Пушкіна, на якой сёння вядзецца будаўніцтва, раней называлася Могілкавая.

“На працягу мінулых 12 гадоў Асацыяцыя неаднаразова накіроўвала лісты ў райвыканкам з настойлівай просьбай нанесці тэрыторыю могілак на тапаграфічную аснову горада і ўпарадкаваць іх тэрыторыю”, – гаворыцца ў петыцыі, аднак райвыканкам не прыняў мераў да вылучэння і выключэння з плана забудовы тэрыторыі, якая раней была могілкамі.

Таксама Якаў Гутман інфармуе кіраўніка дзяржавы аб тым, што ў апошні раз факт выяўлення костак на будаўнічай пляцоўцы меў месца тры тыдні таму.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі