Тамара Лісіцкая: Ніхто не возьме на сцэну чалавека ў вазку, які б голас у яго ні быў

канцэрт, інваліды, Мінск
У Мінску 21 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача прайшоў інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця». Свята творчасці пад дэвізам «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць», аб’яднала на сцэне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і здаровых дзяцей.

У Мінск прыехалі паказаць сваю творчасць больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Фестываль такога маштабу прайшоў упершыню  і стаўся часткай праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю», паведамляе catholic.by.

Вядучай канцэрта выступіла тэлезорка Тамара Лісіцкая. «Патрэбна больш прэсы і ўвагі, каб прасоўваць гэтую справу, ствараць нішы на эстрадзе, у розных жанрах мастацтва вось для гэтых артыстаў. Таму што артысты ёсць, але ніхто пра іх не ведае. Ніхто не возьме на сцэну чалавека ў вазку, які б голас у яго ні быў”, – кажа яна.

Фестываль наведала жонка пасла Палестыны ў Беларусі Хулуд Арыкат, якая ўручыла ўдзельнікам адмысловыя прызы, – спадарыня Арыкат вялікую ўвагу надзяляе справам дабрачыннасці, гуртуючы вакол сябе супругаў іншых амбасадараў. Падтрымаць дзяцей і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі прыйшлі спевакі Аляксандр Патліс, Георгій Калдун, Алена Ланская, Тэа, Зінаіда Купрыяновіч, Дарыя, рэжысер Ігар Волчак, дырэктар школы анімацыі Кацярына Гатура, арганізатары сацыяльнага дабрачыннага праекта «СУПЕР ПУПЕР ДЗЕЦІ».

Падчас фестывалю былі ўзнагароджаныя фіналісты ў васьмі намінацыях. Працы пераможцаў у намінацыях «Выяўленчае мастацтва» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» можна было пабачыць ў выставачнай залі Тэатра юнага гледача.

«Самае галоўнае, што вы працягваеце шукаць сябе. Памятайце, што самая галоўная перамога — гэта перамога над самім сабой. Таксама хачу падзякаваць бацькам, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей. Няхай Бог будзе з вамі і дадае вам сіл», – пажадаў удзельнікам хрысціянскі спявак Аляксандр Патліс.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі