Лідар баснійскіх сербаў Караджыч асуджаны за масавае знішчэнне мусульманаў да 40 гадоў зняволення

Караджыч, ахвяры
У Гаазе суд пад старшынствам О-Гон Квона 24 сакавіка прызнаў Радавана Караджыча вінаватым у генацыдзе ў Срэбраніцы і прысудзіў да 40 гадоў турмы.

Былога лідара баснійскіх сербаў прызналі віноўным па 10 з 11 пунктах абвінавачвання, якія ўключаюць злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы падчас баснійскай вайны 1992-1995 гадоў, паведамляе ru.euronews.com.

Старшыня суда ахарактарызаваў абвінавачанні як «самыя цяжкія злачынствы, якія толькі існуюць» і дадаў, што тэрмін, праведзены Караджычам у папярэднім зняволенні, будзе ўлічаны.

Былы лідар баснійскіх сербаў быў апраўданы толькі па першым пункце абвінавачвання — у генацыдзе, які, па версіі абвінавачвання, быў здзейснены ў сямі муніцыпалітэтах Босніі і Герцагавіны падчас баснійскай вайны 1992-1995 гадоў.

70-гадовы Караджыч стаў самым высокапастаўленым абвінавачаным Гаагскага трыбунала, сваёй віны ён не прызнаў. На лаве падсудных ён апынуўся пасля таго, як быў арыштаваны ў ліпені 2008 года ў прыгарадзе Белграда, дзе 13 гадоў хаваўся ад міжнароднага правасуддзя пад імем доктара Драгана Дабіча.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусэйн так адрэагаваў на вердыкт Міжнароднага трыбунала для былой Югаславіі: «Прысуд былому лідару баснійскіх сербаў — папярэджанне лідарам нацыяналістаў у Еўропе і ва ўсім свеце, якія граюць на нацыяналістычных настроях і вінавацяць ва ўсіх бедах прадстаўнікоў меншасцяў».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі