“Гораду і Міру” Папы Францішка: Хрыстос просіць нас не забывацца на мігрантаў і ўцекачоў

Папа, Вялікдзень
Папа Францішак у традыцыйным пасланні на Вялікдзень “Гораду і Міру”, звернутым 27 сакавіка да вернікаў, што сабраліся ў Рыме на плошчы святога Пятра, а таксама да каталікоў усяго свету, нагадвае што “перад духоўнымі і маральнымі расшчылінамі чалавецтва, перад пустэчамі, якія адкрываюцца ў сэрцах і правакуюць нянавісць і смерць, толькі бясконцая міласэрнасць можа даць нам збаўленне”.

“Толькі Бог можа запоўніць сваёй любоўю гэтыя пустоты, гэтыя прорвы, і не дазволіць нам згінуць, але працягваць разам крочыць да Зямлі свабоды і жыцця”, – перакананы пантыфік, гаворачы пра “галодных і прагнучых, чужынцаў і вязняў, маргіналізаваных і адчужаных, ахвяраў злоўжыванняў і гвалту”, якіх у сучасным свеце з кожным днём робіцца ўсё болей, паведамляе Радыё Ватыкана.

Асаблівыя малітвы да Хрыста Папа Францішак скіроўвае, думаючы пра Сірыю, – “краіну, разарваную даўгім канфліктам, з яго сумным маршам знішчэння”. Таксама ён спадзяецца, што “пасланне жыцця, якое прагучала з вуснаў Анёла ля каменя, адсунутага ад магілы”, паспрыяе змягчэнню сэрцаў і плённаму дыялогу жыхароў Ірака, Емена, Лівіі і Украіны.

Асаблівым чынам пантыфік заклікае маліцца аб ахвярах тэрарыстычных актаў у Бельгіі, Турцыі, Нігерыі, Чадзе, Камеруне, Кот-д’Івуары, войнаў у Бурундзі, Мазамбіку, Конга і Паўднёвым Судане.

“Уваскрослы Хрыстос запрашае нас не забывацца на людзей, якія знаходзяцца ў пошуку лепшай будучыні, аб плыні мігрантаў і ўцекачоў, сярод якіх мноства дзяцей, што ўцякаюць ад вайны, голаду, беднасці і сацыяльнай несправядлівасці. Гэтыя нашы браты і сёстры на сваім шляху вельмі часта сустракаюць смерць або адчужэнне з боку тых, хто мог бы аказаць ім гасціннасць і дапамагчы”, – нагадвае пантыфік.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі