Актывіста Руху “За Свабоду” апытала міліцыя пасля раздачы паштовак да Дня Волі

04

25 сакавіка горацкія грамадскія актывісты раздалі віншавальныя паштоўкі з нагоды Дня Волі, а таксама ўшанавалі памяць Войцеха Дамарацкага, студэнта горацкага ВНУ, які загінуў падчас паўстання Кастуся Каліноўскага

«Патэлефанаваў участковы з Горак і паклікаў на размову з дачкой. Я схадзіў 29 сакавіка, а дачка ўчора з’ехала на вучобу ў Катавіцэ», — распавёў сайту Pyx.by актывіст Руху “За Свабоду” Андрэй Юркоў.

Па ягоных словах, «участковы капітан Стуканаў Ю.М. склаў пратакол-апытанне на конт раздачы віншаванак», прыгадваў пры гэтым «сайт Хартыі і здымак з матэрыяла адтуль». «Я патлумачыў, што дачкі ўжо няма ў Беларусі, і прыедзе яна толькі летам. Усё ў пісьмовай форме, дата, подпіс», — дадаў сябра Рады Руху.

Яму больш за ўсё не спадабалася, кажа ён, «што да дачкі палезлі: Яніна вучылася першае паўгоддзе ў Мінску, у фінансавым каледжы, органы, відаць, не ведалі, што з’ехала». «Вось і хацелі, верагодна, намацаць слабое месца», — адзначыў Андрэй Юркоў.

Па ягоных словах, у мінулым годзе пасля традыцыйнай раздачы паштовак імі таксама цікавіліся міліцыянты, але «з дачкой тады пагаманілі на вуліцы і ў міліцыю не выклікалі».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі