Мітрапаліт Павел заклікае дапамагчы пабудаваць Духоўна-адміністрацыйны цэнтр БПЦ

Павел

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі 30 сакавіка адслужыў малебен на месцы будучага будаўніцтва духоўна-адміністрацыйнага цэнтра БПЦ і храма Уваскрэсення на вул. Вызвалення.

Па заканчэнні набажэнства Патрыяршы Экзарх растлумачыў, што тэрміны пачатку будаўніцтва аб’екта пакуль не вызначаны: не распрацаваны канчатковы праект будынка, пакуль ёсць толькі папярэдняя эскізная версія, таксама няма інвестара будаўніцтва – пакуль працы будуць весціся толькі за кошт прыходаў, паведамляе БелТА..

Гаворачы аб задуманых перспектывах, мітрапаліт Павел тлумачыць, што ў будынку будучага Цэнтра размесцяцца кабінеты сінадальных аддзелаў, зала для прыёмаў, зала для калядных і велікодных урачыстасцяў.

“Тут мы будзем праводзіць нашыя епархіяльныя сходы, пасяджэнні Сінода. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у гэтым добрым праекце», – заклікаў мітрапаліт пасля набажэнства, дадаўшы: “Калі я дакладваў Патрыярху Кірылу аб будаўніцтве гэтага цэнтра, калі мы сцвярджалі гэты праект на Сінодзе, ён спытаў мяне: «А грошы ў вас ёсць?» Я сказаў, што не. Але як мы будуем усе храмы? Мы молімся, заклікаем Бога, і знаходзяцца людзі, якія дапамагаюць. Такімі фактамі напоўнена ўся наша гісторыя».

Месца для будаўніцтва выбрана на падставе гістарычнага факту: некалі на будучай вуліцы Вызвалення знаходзіўся храм Уваскрасення, дэмантаваны з-за драхласці яшчэ ў пазамінулым стагоддзі.

“Неабходнасць узвядзення на гэтым месцы храма і адміністрацыйнага будынка звязана ў тым ліку з тым, што ў БПЦ не хапае памяшканняў для кабінетаў сінадальных аддзелаў. Яны раскіданыя па розных прыходах. Таксама няма ўласнай залы, якая магла б змясціць удзельнікаў епархіяльных сходаў”, – кажа мітрапаліт Павел.

У бліжэйшы час будзе аб’яўлены нумар разліковага рахунку для ахвяраванняў на вядзенне будаўніцтва.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі