У Слуцку будзе захоўвацца копія Крыжа Еўфрасінні Полацкай

Антоний
У Слуцку 1 красавіка прайшлі ўрачыстасці з нагоды 430-годдзя праваслаўнай святой Сафіі Слуцкай. Кульмінацыяй свята стала прынясенне ў Міхайлаўскі кафедральны сабор перададзеных гораду святыняў – частачкі мошчаў пакутніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага і Слуцкага, а таксама Крыж Еўфрасінні Полацкай, выраблены спецыяльна для Слуцкай епархіі.

Архірэй здзейсніў спеўнае набажэнства перад новымі святынямі Слуцка, а таксама перад ступнёй Сафіі Слуцкай, прынесенай напярэдадні са слуцкага Сафійскага жаночага манастыра. Пасля хросным ходам, які ўзначаліў уладыка Антоній, святыні накіраваліся ў манастыр, паведамляе sluck-eparchiya.by.

Удзел у хросным ходзе ўзялі вернікі з усіх благачынняў Слуцкай епархіі. Па дарозе быў зроблены прыпынак ля помніка святой Сафіі Слуцкай, дзе кіруючы архірэй здзейсніў набажэнства і звярнуўся да крыжаходцаў са словам настаўлення.

Ля сценаў Сафійскага манастыра вернікі сустрэлі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які прыехаў на святкаванні, здзейсніўшы затым Боскую літургію Раней Асвечаных Дароў. Таксама ўдзел у Літургіі ўзяў высокі госць з Польшчы – архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў.

Іерархам саслужылі епіскапы Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, Слуцкі і Салігорскі Антоній, Лідскі і Смаргонскі Парфірый.

Па завяршэнні Літургіі Дароў мітрапаліт Павел асвяціў Крыж Еўфрасінні Полацкай.

крестный ход, Слуцк
У прывітальным слове, звернутым да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і ўсіх вернікаў, епіскап Слуцкі падкрэсліў значнасць жаночай святасці ў гісторыі праваслаўнай Беларусі. Архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў нагадаў, што ў часы зямнога жыцця праведнай княгіні Сафіі і пакутніка немаўляці Гаўрыіла Слуцк і Беласток знаходзіліся ў адзінай дзяржаве і складалі адзіную духоўную прастору.

Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка зачытаў віншавальны адрас з нагоды ўрачыстасцяў.

Крестт и ковчег
Частка мошчаў пакутніка Гаўрыіла перададзеная Слуцкай епархіі архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Іакавам па хадайніцтве мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Копія Крыжа прапачэснай Еўфрасінні Полацкай вырабленая беларускім даследчыкам-ювелірам Міхаілам Кузмічом, які вывучаў звесткі аб страчаным Крыжы больш за дзесяць гадоў. У адрозненне ад копіі Крыжа, якая захоўваецца ў Полацку, на яго тыльным боку выяўленыя немаўля Гаўрыіл Беластоцкі і Слуцкі і праведная Сафія Слуцкая.

Архіепіскап Беластоцкі разам з уладыкам Антоніем спусціўся ў шахту

У другой палове дня мітрапаліт Павел, архіепіскап Іакаў, епіскап Антоній і архірэі наведалі Слуцкі цэнтр дзіцячай творчасці, стаўшы гледачамі тэатральнай пастаноўкі пра Сафію Слуцкую, падрыхтаванай вучнямі СШ № 6 і 11.

Антоний, шахта
Увечары архіепіскап Іакаў і епіскапы Антоній і Парфірый прыехалі ў Салігорск, дзе наведалі падземнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння, размешчанае ў салянай шахце на глыбіні 420 метраў, а таксама азнаёміліся з будаўніцтвам салігорскага кафедральнага сабора Раства Хрыстова, дзе ажыццяўляецца мантаж галоўнага купала, таксама на зямлі мантуюцца сем малых купалаў.

Іерархі наведалі вёску Чыжэвічы, дзе агледзелі экспазіцыю Царкоўна-гістарычнага музея Слуцкай епархіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі