Мітрапаліт Кандрусевіч здзейсніў акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Іісусу Міласэрнаму

Лошица, Кондрусевич
У свята Божай Міласэрнасці 3 красавіка мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў мінскую парафію Маці Божай Ружанцовай у мікрараёне Лошыца, узначаліўшы Святую Імшу, падчас якой 13 парафіянаў атрымалі з яго рук сакрамэнт канфірмацыі.

Іерарху саслужылі шматлікія святары, у т.л., кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай а. Віктар Бурлака OFM і пробашч касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага) кс. Уладзіслаў Завальнюк, які быў некалі першым пробашчам лошыцкай парафіі і які паспрыяў перадачы ў парафію копіі абраза Ісуса Міласэрнага, напісанага па словах святой Фаустыны Кавальскай, паведамляе catholic.by.

Вітаючы арцыбіскупа, пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч падкрэсліў, што свята Божай Міласэрнасці асаблівае для парафіі, у якой зараз будуецца Нацыянальны санктуарый Божай Міласэрнасці: «Кожны з нас знаходзіцца на перадавой — у духоўнай барацьбе, якая адбываецца штохвіліну. І мы павінныя быць узброены Божай Міласэрнасцю».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі нагадаў, што міласэрнасць з’яўляецца галоўнай прыкметай Бога, і заахвоціў прысутных “быць носьбітамі Божай міласэрнасці ў свеце, які так часта напаўняецца эгаізмам”.

«Ідэя Божай Міласэрнасці вельмі добра прадстаўленая ў абразе Божай Міласэрнасці: Бог ідзе да нас, Ён не забываецца пра нас. Ідучы, Ён паказвае на сваё сэрца, з якога сыходзяць два прамяні. Яго правая рука паднята ўверх і благаслаўляе ўсіх — і добрых, і злых. І рука быццам застыла — у жэсце адпушчэння грахоў».

Пасля Святой Імшы быў зачытаны Акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Ісусу Міласэрнаму, а таксама адбылася супольная малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі