Па яго словах, сярод прадстаўнікоў правацэнтрыстаў будзе шмат моладзі да 35 гадоў – 33%, а 29% складаюць жанчыны, якія сфармавалі правы Жаночы форум. У шэрагу акругаў кааліцыя вырашыла не выстаўляць сваіх кандыдатаў, бо па іх плануюць вылучацца лідары дэмакратычных арганізацый або моцныя кандыдаты ад партнёрскіх структур, паведамілі ў БХД.
Зараз экспертная група правацэнтрысцкай кааліцыі працуе над агульным пасланнем да выбаршчыкаў ад усіх кандыдатаў. Асноўныя яго пункты: новая эканамічная палітыка і сістэмныя рэформы, рэформа дзяржаўнага кіравання, а таксама еўрапейскі выбар Беларусі.
Юрась Губарэвіч адзначыў, што парламенцкія выбары 2016 года будуць праходзіць у новых умовах: на фоне крызісу, выхад з якога не могуць знайсці ўлады, і дыялогу афіцыйнага Мінска з ЕС, які абмяжоўвае магчымасці выкарыстання рэпрэсіўнага апарата. Паводле яго слоў, правацэнтрысты маюць намер зрабіць усё магчымае, каб перамагчы, ці паказаць, што прынцыпова нічога ў плане правядзення выбараў у Беларусі не змянілася.
У выпадку, калі выбары пройдуць па традыцыйным для Беларусі сцэнары і прадстаўнікоў Правага цэнтра ў парламент не пусцяць, мяркуецца стварыць народны парламент «з удзелам як тых, хто ўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі, так і тых, хто, не ўдзельнічаючы ў парламенцкай кампаніі, гатовы праводзіць грамадскія кампаніі і з’яўляецца лідарам грамадскай думкі ў рэгіёне », адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Адносна таго, каго правацэнтрысты бачаць сваім патэнцыйным саюзнікам, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што кааліцыя не падтрымлівае тых, хто лічыць, што «ў гэтую сыстэму можна ўбудавацца, зайшоўшы праз чорны ход”. «Мы не хочам, каб у нас быў нейкі варыянт накшталт расійскай Думы з кішэннай апазіцыяй», – сказаў ён.