Архіепіскап Арцемій: Ужо заўтра ў Еўропе можа з’явіцца вуліца імя Усамы бен Ладэна

Артемий
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, разважаючы аб уцекачах і выбухах у Еўропе, аб гераізацыі агрэсіі, сувязі тэрарызму з рэлігіяй і «ідэалагізацыі» пакутніцтва, падкрэслівае, што прычыны таго, што адбываецца, нельга трактаваць адназначна: “Ёсць пэўная логіка ў выказваннях тых, хто сцвярджае, што тое, што адбываецца сёння, з’яўляецца наступствам каланіяльнага мінулага асобных краінаў. І так, вядома, маюць рацыю тыя, хто кажа пра відавочныя недахопы еўрапейскай палітыкі мультыкультуралізму, «падсажванне» на дапамогі, бескантрольны прыём уцекачоў”.

“Я не лічу, што хрысціянская любоў – гэта, прабачце,«слінявая»любоў пяшчотнай кабеткі, гатовай страціць прытомнасць ад эмоцыяў, якая, у канчатковым выніку, пры выглядзе пакутаў выцірае слёзы сабе, а не пакутнікам”, – разважае архіепіскап Арцемій ў гутарцы з парталам “Правмир”.

Уладыка настойвае на тым, што, прымаючы ўцекачоў, варта аддзяляць людзей, якія бягуць ад вайны, ад тых, хто нясе ў Еўропу тэрарызм альбо марыць пра жыццё на дапамогі: “Даваць міласціну беднаму – гэта не значыць даваць грошы. У большасці выпадкаў, гэта значыць проста ад яго адкупіцца. Міласэрнасць ідзе далей – гэта паўнавартасны клопат. Калі табе шкада чалавека, ты дапаможаш яму ўладкавацца на працу, можа, нават i гвалтам прымусіш яго гэта зрабіць. Гэта значыць будзеш важдацца з ім, а не проста кінеш паперку ў яго шапку, ідучы міма, і потым будзеш доўга думаць аб сваім пачуцці суперажывання”, – сцвярджае ўладыка Арцемій.

“Мяне хвалюе тая хуткасць, з якой чалавек з ахвяры ператвараецца ў агрэсара”, – тлумачыць архіепіскап сваё нежаданне зводзіць геапалітычныя праблемы да сацыяльных і палітычных падставаў. “Хто апраўдае наш праведны гнеў? Мы самі? Занадта проста і занадта небяспечна. Гісторыя нам даказвае, што апраўдаць беззаконне зусім проста. Тэрарызм вельмі лёгка перарабляецца ў гераізм”, – кажа архіепіскап, адсылаючы да ініцыятывы Патрыярха Маскоўскага Кірыла, які настойвае на перайменаванні вуліц, якія носяць імёны тэрарыстаў – бамбістаў пазамінулага і мінулага стагоддзяў.

“Гэтыя назвы і помнікі – ня мёртвыя ідалы. Яны робяць сваю працу. Пра народ можна меркаваць па яго героям. Яны фармуюць духоўны свет чалавека, яго ідэалы. У Еўропе вуліцы могуць насіць імя Усамы бен Ладэна ўжо і заўтра. А паслязаўтра нехта іншы гэтае імя знясе і паставіць помнік сабе. На крыві нічога не пабудуеш”.

Архіепіскап Арцемій адмаўляе ідэю рэлігійнага крытэрыя пры прыёме ўцекачоў на жыхарства ў еврпейские краіны: “Кожны чалавек мае права вызнаваць сваю рэлігію. Але ён не мае права ігнараваць, а тым больш, быць агрэсіўным ў дачыненні да рэлігіі таго народа, да якога ён прыехаў у госці. Ён павінен паважаць гэтую краіну, паважаць яе веру”. Ходкае сцвярджэнне, якія прыпісваецца мусульманам, маўляў, “мы з радасцю б паважалі хрысціянаў у Еўропе, толькі іх там няма”, архіепіскап Арцемій мяркуе недарэчным: “Навошта ехаць у краіну, людзей якой ты загадзя не паважаеш?”

Таксама ўладыка Арцемій адмаўляе паняцці “мусульманскі тэрарыст”, “праваслаўны тэрарыст”, роўна як і папулярны слоган “тэрарызм не мае нацыянальнасці і рэлігіі”: “Калі ты тэрарыст, то ты не праваслаўны. Можна быць праваслаўным забойцам? Забойцам можна быць, але, у такім выпадку, ты не праваслаўны. Бо мы сваім грахом выводзім сябе са складу Царквы. Я думаю, тое ж самае можна сказаць і аб мусульманах, і будыстах. Наўрад ці хоць адна рэлігія лічыць тэрарызм справай богаўгоднай”.

“Рэлігія пачынае «рыхтаваць» тэрарыстаў, калі ў ёй становіцца занадта шмат ідэалогіі і палітыкі”, – рэзюмуе ўладыка, падкрэсліваючы, што ў гэтым выпадку яна “ужо перастае быць рэлігіяй”, а становіцца рэлігійнай ідэалогіяй: “Людзі, якія сябе падрываюць, паміраюць не за духоўныя ідэалы, а за цалкам зямныя: так ці інакш імі рухае жаданне стварыць царства, халіфат, дзяржаву і г.д. тут на зямлі”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі