Мітрапаліт Кандрусевіч: Дактрына Папы аб сям’і кажа аб жывым арганізме сужэнства, а не аб яго паталогіях
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з разгорнутым каментарам да Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia» (“Радасць любові”) Папы Францішка, агучанай апоўдні 8 красавіка.
Папская адгартацыя выклікала шырокі грамадскі рэзананс як у рэлігійных, так і ў свецкіх колах, таму мітрапаліт Кандрусевіч нагадвае: гэтая дактрына, якая павінная ўспрымацца як афіцыйная пазіцыя Каталіцкай Царквы адносна пытанняў сям’і і шлюбу, сталася плёнам працы Сінода Біскупаў, паседжэнні якога праходзілі ў 2014 і 2015 гадах, паведамляе catholic.by.
Апостальская адгартацыя «Amoris Laetitia» ўяўляе сабой вельмі шырокі дакумент, які складаецца больш чым з 200 старонак. 325 яго параграфаў раздзеленыя на ўступ і дзевяць раздзелаў.
Найбольшую цікаўнасць, падкрэслівае арцыбіскуп Кандрусевіч, выклікае той момант, што, кажучы пра сучасныя праблемы інстытута сям’і, найперш пра тое, што многія каталікі жывуць у другім шлюбе, пакінуўшы першы сакраментальны шлюб, Папа заклікае, захоўваючы непарушнымі дактрынальныя нормы, “браць пад увагу канкрэтныя акалічнасці, гэта значыць, – ставіцца да іх з пазіцыі інкультурацыі, прынцыпы якой не могуць быць глабалізаваныя”.
Адзінства вучэння і дзеяння не перашкаджае існаванню розных спосабаў інтэрпрэтацыі асаблівых аспектаў вучэння і вынікаючых з гэтага наступстваў, – тлумачыць арцыбіскуп Кандрусевіч сутнасць Папскай адгартацыі. Таксама дактрына, агучаная пантыфікам, “заахвочвае сем’і адпаведна ацэньваць сужэнскі саюз” і прызначаная “быць знакам міласэрнасці і блізкасці там, дзе сямейнае жыццё не ажыццяўляецца належным чынам”.
Пазіцыя Каталіцкай Царквы застаецца непахіснай у асуджэнні рэчаіснасцяў сучаснага свету: «антынараджальнай ментальнасці», злоўжываннях да малагадовых, прыраўноўвання да сужэнства свабодных і гомасексуальных саюзаў, сурагатнага мацярынства, гендэрнай ідэалогіі.
“Перад абліччам гэтых і іншых праблемаў хрысціяне павінныя даваць радаснае сведчанне аб сакрамэнтальным сужэнстве, з любоўю ставіцца да тых, хто знаходзіцца ў складанай сітуацыі”, – тлумачыць мітрапаліт Кандрусевіч сутнасць адгартацыі, падкрэсліваючы, што Папа Францішак “разглядае справу сужэнскай любові як сяброўскай, якая шукае карысці бліжняга, разглядае яе асаблівасці і праблемы развіцця, а таксама пытанні, звязаныя з выхаваннем чалавечай чуллівасці”, і адначасова – як “плённай любові, якая выяўляецца ў адкрытасці на новае жыццё і яго прыняцці, усынаўленні дзяцей, а таксама шматдзетнасці і шматпакаленнасці”.
Арцыбіскуп Кандрусевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што, звяртаючыся да святароў, Папа Францішак заклікае іх адпаведным чынам ставіцца да падрыхтоўкі маладых людзей да шлюбу, не ператвараючы місійныя заняткі ў “фабрыку курсаў”.
Асаблівую ўвагу пантыфік надзяляе неабходнасці памятаць аб тым, што “нават у сітуацыі разводу і новага несакрамэнтальнага сужэнскага саюзу сужэнкі застаюцца часткай Каталіцкай Царквы і не з’яўляюцца экскамунікаванымі”, больш за тое, у гэтых выпадках “пастулатам з’яўляецца іх суправаджэнне, у выпадку грамадзянскіх і нефармальных саюзаў неабходны дыялог з мэтай урэгулявання іх сітуацыі. Важны і прынцып ступеньчатасці, бо кожны чалавек развіваецца паволі праз паступовае пазнанне і прыняцце Божых дароў”.
“Кіруючыся прынцыпамі міласэрнасці, Папа заахвочвае не асуджаць такіх людзей без распазнання канкрэтнай сітуацыі і разумець іх цярпенні з мэтай дапамагчы ім адчуваць сябе не выключанымі з касцёльнай супольнасці праз удзел у яе жыцці, справы міласэрнасці, малітоўныя сустрэчы і іншыя душпастырскія ініцыятывы”, – тлумачыць іерарх.
“У гэтым працэсе асаблівая роля належыць душпастырам, каб з міласэрнасцю прымаць, суправаджаць і інтэграваць у касцёльную супольнасць асобаў, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях, дапамагаючы ім, згодна з вучэннем Касцёла і дырэктывамі біскупа, з патрабаваннямі евангельскай праўды і прапанаванай Каталіцкай Царквой любоўю”, – резюміруе заклік Папскай адгартацыі арцыбіскуп, дадаючы, што задача святара – “выхоўваць у людзей праўдзівае сумленне”.
“Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» з’яўляецца новым эвалюцыйным крокам у развіцці душпастырства сям’і і вырашэння яе крызісаў. Яна перад усім разважае аб жывым арганізме сужэнскага саюза, а не толькі аб яго паталогіях”, – упэўнены арцыбіскуп Кандрусевіч.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Выйшла кніга пра біблійны канон у хрысціянскіх канфесіях 20.05.2022 16:15
- У Жыровічах праходзяць урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай 20.05.2022 15:00
- Пінскай епархіяй будзе часова кіраваць архіепіскап Брэсцкі 19.05.2022 19:20
- Гродзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода 19.05.2022 14:52
- У Нігерыі мусульмане забілі камянямі студэнтку-хрысціянку па абвінавачванні ў богахуленні 19.05.2022 14:08
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)