Папа Францішак наведае Арменію, Грузію і Азербайджан

франчэско

Папа Рымскі Францішак наведае ў 2016 годзе краіны Закаўказзя: з 24 па 26 чэрвеня – Арменію, з 30 верасня па 2 кастрычніка – Грузію і Азербайджан. Запрасілі Пантыфіка наведаць гэтыя краіны Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армян Гарэгін II, Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілля II, а таксама грамадзянскія і рэлігійныя ўлады ўзгаданых краін.

Пакуль нічога не гаворыцца аб дакладнай праграме падарожжаў, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Гэта не першы візіт Рымскага Пантыфіка ў тры ўзгаданыя краіны. У 1999 годзе Ян Павел ІІ адправіўся ў Грузію, дзе падпісаў сумесную з Прадстаяцелем Грузінскай Царквы заяву, у якой прагучаў заклік да кіраўнікоў дзяржаў і міжнароднай супольнасці праявіць волю ў імя выратавання свету ад войнаў, насілля і тэрарызму і стварыць умовы для ўстанаўлення міру ва ўсім свеце.

У 2001 годзе Ян Павел ІІ узяў удзел у святах, прысвечаных 1700-годдзю прыняцця Арменіяй хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі, а ў 2002-м у Азербайджане сустрэўся з рэлігійнымі лідарамі і прадстаўнікамі сферы палітыкі, культуры і мастацтва.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі