Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча афіцыйна пачаўся
У Мінску ў Чырвоным касцёле 10 красавіка пачаўся беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча – першы крок на шляху да кананізацыі.
Эдвард Вайніловіч увайшоў у гісторыю як палітычны, грамадскі дзеяч і заснавальнік Чырвонага касцёла. Раніцай 10 красавіка працэс адкрыўся Святой Імшой, падчас якой вернікі ўпершыню прачыталі спецыяльна складзеную і зацверджаную малітву да заступніцтва Эдварда Вайніловіча. На Імшы прысутнічалі прадстаўнікі іншых канфесіяў і рэлігій, якія вызнаюць жыхары Беларусі.
Каталіцкі святар з Мінска кс. Раман Факсінскі, прызначаны віцэ-пастулатарам на беатыфікацыйным працэсе Эдварда Вайніловіча, кажа, што такі працэс заўсёды выглядае не толькі як працэс праслаўлення, але і як судовы працэс: «На беатыфікацыйным працэсе адбываецца кананічнае расследванне адносна гераічнасці цнотаў кандыдата. Працэс праводзіцца Беатыфікацыйным Трыбуналам, які ўзначальваецца пастулатарам. Зараз гэта будзе ксёндз доктар Андрэй Сцомбэр, вельмі дасведчаны спецыяліст у кананічным праве, які быў дэлегатам біскупа ў працэсе Яна Паўла ІІ. Я з’яўляюся віцэ-пастулатарам, бо кс. Андрэй Сцомбэр не заўсёды зможа прысутнічаць на працэсе, які адбываецца ў нас, у Беларусі».
У беатыфікацыйным працэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі Польшчы, бо Эдвард Вайніловіч памёр у польскай Быдгошчы, і шматлікіх сведкаў другой ступені (тых, якія чулі сведчанні відавочцаў-сучаснікаў) будуць апытваць у Польшчы.
Першая сесія працэсу праводзіцца публічна — гэта прадстаўленне кандыдата і апісанне ягонага жыцця, усталяванне Трыбунала ўладай Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Адначасова будуць створаныя дзве камісіі — тэалагічная і гістарычная. Тэалагічная камісія вывучае, наколькі словы чалавека адпавядалі вучэнню Каталіцкай Царквы і не ўтрымлівалі ерасі. Гістарычная камісія разглядае ўсе сведчанні пра жыццё і ўчынкі кандыдата.
Першы дзень працы беатыфікацыйнага працэса завершыцца працэсіяй да месца пахавання Эдварда Вайніловіча.
Цяпер Эвард Вайніловіч будзе звацца Слугой Божым.
Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 годзе ў Сляпянцы (цяпер у Мінску) у шляхецкай сям’і. У сваіх маёнтках займаўся арганізацыяй сельскагаспадарчай працы на падставе найноўшых дасягненняў у гэтай галіне. У 1883 годзе быў прызначаны ганаровым міравым суддзёй Слуцкага павета, а ў 1888 годзе выбраны віцэ-старшынёй Мінскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі. Тройчы абіраўся ў расійскую Дзяржаўную Думу, быў членам Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерні. Адмовіўся ад прапанаванай пасады віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі. Фінансаваў будаўніцтва каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных цэркваў. Падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, удзельнічаў у пасяджэннях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі быў вымушаны пакінуць Беларусь, памёр у 1928 годзе ў польскім Быдгашчы.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- CК адкажа: ксёндз — экстрэміст, ці не? 21.04.2021 17:52
- Пуцяводныя нататкі: мінскія братчыкі здзейснілі падарожжа да святых мясцінаў Беларусі 21.04.2021 14:42
- Адкрыты набор на падрыхтоўчыя курсы для абітурыентаў Мінскай духоўнай семінарыі 20.04.2021 11:33
- Абраны новы старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 14.04.2021 19:11
- Біскуп Юрый Касабуцкі: Езуса пакаралі смерцю, бо хтосьці адчуў страх згубіць сваю ўладу 11.04.2021 04:08
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)