Антон Астаповіч: Кіраўнік БПЦ ініцыіраваў знішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны

Освобождения 6
Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч абнародваў ліст мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі да намесніка беларускага прэм’ер-міністра Наталлі Качанавай, у якім кіраўнік БПЦ просіць вывесці са спісу помнікаў будынкі па вул. Вызвалення 6, 6а і 8, якія лічацца часткай гістарычнай застройкі першай катэгорыі.

Як вядома, менавіта на вул. Вызвалення мяркуецца будаўніцтва Духоўна-адміністрацыйнага цэнтра БПЦ, месца будучай пабудовы якога іерарх урачыста дабраславіў 30 сакавіка.

Освобождения 8
«Гэтыя будынкі больш за дваццаць пяць гадоў не эксплуатаваліся. Адзін з іх знаходзіцца ў аварыйным стане, а другі, злучаны з ім, у руінаваным стане.

Насыпныя прасадачныя глебы і нераўнамерная асадка падмуркаў пагражаюць абвальваннем і магчыма нават частковае падзенне на вуліцу Вызвалення, што можа пацягнуць за сабой нанясенне шкоды прыпаркаваным на вуліцы на працягу дня аўтамабілям і можа пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы для жыцця і здароўя пешаходаў.

У гэтыя аварыйныя будынкі часта пранікалі людзі без вызначанага месца жыхарства, часам дзеці і непаўналетнія. Вядомыя факты разбурэння людзьмі ахоўных агароджаў, драўляных і металічных канструкцыяў.

У 1998 годзе дзяржаўныя прадпрыемствы «Навукова-даследчы праектна-тэхнічны інстытут будіндустрыі ДП НДПТІБ) і Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны правялі абследаванне стану будаўнічых канструкцыяў гэтых будынкаў.

Ужо ў тыя гады Акты абследавання сведчылі, што будынкі знаходзяцца ў вельмі нездавальняючым, аварыйным і руінаваным стане. Правядзенне аднаўленчых працаў прызнана немэтазгодным. З тых часоў мінула ўжо нямала гадоў, і гэтыя будынкі прыйшлі ў яшчэ большае разбурэнне».

Тлумачачы, што на гэтым месцы плануецца пабудаваць храм Уваскрасення Славушчага, які знаходзіўся тут да пачатку пазамінулага стагоддзя, а таксама Духоўна-адміністрацыйны цэнтр БПЦ, «вытрыманы ў адзіным стылі з існуючай забудовай», мітрапаліт Павел просіць вывесці будынкі, пра якія ідзе гаворка, з спісу гісторыка-культурных помнікаў, «паколькі яны не маюць ніякага гістарычнага значэння і не прадстаўляюць культурнай або архітэктурнай значнасці».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі