Пробашч беларускага прыхода ў Вільні спадзяецца праз год мець поўны касцёл вернікаў

Вильня

У Вільні ў касцёле святога Варфаламея з 13 сакавіка Святыя Імшы служацца толькі па-беларуску – такое рашэнне прыняў арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.

Гэтую святыню беларускай дыяспары перадалі яшчэ ў 1997 годзе, але толькі цяпер тут пачало ажыццяўляцца рэлігійнае жыццё па-беларуску. Апошні раз тут служылася беларуская Імша ў 1945 годзе. «Я сюды ўжо доўга не хадзіла, бо тут усё было мешана», – распавядае Міраслава Русак, якая пачала хадзіць у гэты касцёл толькі з прыходам беларускамоўнага ксяндза, карэспандэнту Радыё Свабода.

Сёння на нядзельную Святую Імшу ў касцёл прыходзяць каля 30 чалавек. Пробашчам касцёла прызначаны а. Арыюш Малыска OFM Cap – паляк, які за 10 гадоў працы ў Беларусі дасканала вывучыў мову. «Я не беларус, але беларуская мова мне па душы», – кажа а. Арыюш, які вырас на поўначы Польшчы ў шматкультурным асяродку і ў дзяцінстве вывучаў украінскую мову і спяваў ва ўкраінскім ансамблі.

Айцец Арыюш Малышка служыў у Любліне, вучыўся ў Рыме, у Беларусі служыў на Случчыне, пазней у Маладзечне, дзе будаваў касцёл, затым – у Мінску.

У 2015 годзе да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя віленскіх беларусаў звярнуўся арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас. Цяпер ордэн капуцынаў, да якога належыць а. Арыюш, афіцыйна апякуецца віленскай парафіяй.

Дамова на душпастырства з капуцынамі пакуль што заключаная на адзін год.

Айцец Малыска лічыць, што праз год у яго будзе поўны касцёл вернікаў: “Падтрымліваюць нас каталікі з Маладзечна і Мінска. На першую ранішнюю Імшу ў гэтую нядзелю прыйшлі каля 30 чалавек. На вячэрнюю яшчэ дзесяткі два. На польскамоўныя, кажуць, прыходзіла больш”.

«Няма тут ўстойлівай беларускай традыцыі, – кажа Валянцін Стэх, каталік і старшыня беларускага клубу “Сябрына“. – У хаце яны будуць размаўляць па-беларуску, але пойдуць у касцёл – і хочуць там пачуць польскую мову».

«Вельмі істотна мець пад дахам гэтага касцёла рэлігійна-культурны цэнтр, дзе б маглі не толькі маліцца, але і праводзіць мерапрыемствы, – дадае ён. – Захаванне касцёла за беларускай парафіяй надзвычай цяжкае для нас».

Айцец Арыюш разлічвае на студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, некатоторыя з якіх бываюць у касцёле. У гэтым ВНУ святар плануе правесці ў хуткім часе сустрэчу са студэнтамі.

«Збудаваць хрысціянскую супольнасць беларусаў, напэўна, будзе складана, – кажа святар. – Таму мы збіраемся адкрыць youtub-канал па-беларуску. Такім чынам будзем заахвочваць людзей».

Сёння ў Літве жывуць 42,5 тысячы беларусаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі