Жыхары Шабаноў патрабуюць дзіцячую паліклініку

Актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Мінска праводзяць у Шабанах збор подпісаў за будаўніцтва ў мікрараёне дзіцячай паліклінікі. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў ініцыятар збору подпісаў Аляксандр Кавалькоў.

Мікрараён Шабаны існуе ўжо некалькі дзясяткаў гадоў, у мікрараёне функцыянуюць 6 дзіцячых садоў, 4 школы і ніводнай дзіцячай паліклінікі. Адзіная гарадская паліклініка № 36, якая абслугоўвае Шабаны і мікрараён Сосны, мае для дзяцей толькі педыятрычнае аддзяленне і стаматалогію, а да ўсіх астатніх спецыялістам бацькі вымушаныя вазіць сваіх дзяцей у іншыя раёны горада.

У сувязі з гэтым падпісанты звароту патрабуюць уключыць у план дэталёвага планавання забудовы мікрараёна Шабаны дзіцячую паліклініку, а ў перыяд яе праектавання і будаўніцтва забяспечыць гарадскую паліклініку № 36 вузкімі дзіцячымі спецыялістамі.

У Віцебску забаранілі пікет па праблемах медыцыны

Віцебскі абласны каардынатар аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец атрымала з адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска адмову на правядзенне пікету “За якасную медыцыну для ўсіх”.

“Усё як заўсёды, па замкнёным коле: ЖКГ і ўстановы аховы здароўя спасылаюцца на адсутнасць дазволу адміністрацыі, а тыя забараняюць, бо няма згоды вышэй названых устаноў”, – адзначыла Таццяна Севярынец у каментары прэсавай службе БХД.

“Зразумела, бо мэтай пікету пазначана: “прыцягненне ўвагі жыхароў выбарчай акругі №18 да праблем якасці медыцынскага абслугоўвання”. Іх жа ў абласным цэнтры зашмат”, – падкрэсліла яна.

У Маладзечне сабралі больш за 500 подпісаў за якасную медыцыну

Больш за 500 жыхароў Маладзечна паставілі свае подпісы пад зваротам да ўладаў з мэтай паляпшэння якасці медыцынскіх паслуг. Аб гэтым паведаміў каардынатар БХД па Маладзечанскім раёне Раман Ганчароў. Сабраныя подпісы плануецца перадаць у Маладзечанскі райвыканкам, Міністэрства аховы здароўя, Савет міністраў.

“У горадзе і раёне не хапае кваліфікаваных медыкаў, якія не затрымліваюцца доўга на сваіх працоўных месцах пасля размеркавання і часта мяняюць месца працы пасля адпрацоўкі. Дзяржава павінна забяспечыць годны ўзровень заробкаў і ўмовы для жыцця медыцынскім работнікам у рэгіёнах,” – адзначыў каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.

У галіне аховы здароўя БХД выступае за забарону практыкі “платных кабінетаў” пры бюджэтных паліклініках, за эфектыўнае матэрыяльнае стымуляванне працы медыцынскіх работнікаў, у тым ліку маладых спецыялістаў пасля размеркавання, за ўвядзенне інстытуту сямейных лекараў, супраць прымусу выпісваць лекі выключна беларускіх вытворцаў, за неадкладнае выдзяленне сродкаў на пабудову дастатковай колькасці медыцынскіх устаноў у рэгіёнах – там, дзе гэтых устаноў не хапае.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі