25 гадоў шляху: Арцыбіскуп Кандрусевіч і біскуп Кашкевіч прымаюць віншаванні з нагоды юбілею аднаўлення ў Беларусі каталіцкіх епархіяў

Кондрусевич
Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў адмысловым лісце павіншавала каталікаў Расіі, Беларусі і Казахстана з 25-й гадавінай аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў іх краінах.

Аўтары ліста нагадваюць, што адпаведнае рашэнне было прынята 13 красавіка 1991 года святым Папам Янам Паўлам II.

25-я гадавіна, па словах біскупаў Еўропы, стала для іх магчымасцю не толькі «аб’яднацца з вашай радасцю», але і ўзгадаць «многіх асобаў, якія захавалі веру, нават коштам свайго жыцця», паведамляе Радыё Ватыкана.

«Касцёл у Еўропе дыхае двума лёгкімі, і Каталіцкі Касцёл у Расіі і ў Беларусі мае вырашальнае значэнне для будучыні Касцёла ва ўсёй Еўропе», — гаворыцца ў лісце. Яго аўтары лічаць, што юбілей павінен стаць для ўсіх католікаў узгаданых краінаў магчымасцю “аднавіць сваю надзею на Хрыста і місійную дынаміку, а інстытуцыйныя адносіны з дзяржавай, з Праваслаўнай Царквой, з іншымі біскупскімі канферэнцыямі Еўропы пакліканы паспрыяць будаванню міру і паяднанню для агульнага дабра”.

Святая Імша падзякі: Бы Фенікс з попелу

Святая Імша падзякі Богу з нагоды юбілею адбылася 12 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Яе ўзначалілі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш  Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Касцёл адрадзіўся бы Фенікс з попелу», – абвесіў іерарх у гаміліі, папярэдне прагадаўшы старонкі гісторыі каталіцкасці беларусаў, паведамляе catholic.by.

Напрыканцы Імшы адбылася малітва ў інтэнцыі Беларусі. Пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце прагучалі Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітва за Беларусь.

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Нельгя замыкацца толькі ў мясцовым Касцёле

У дзень 13 красавіка 1991 года Касцёл у Беларусі “знаходзіўся ў вартым жалю становішчы. Некалькі пакаленняў (на ўсходзе тры, на захадзе – два) у Беларусі не было біскупаў і не было духоўнай семінарыі, таму колькасць святароў з кожным годам катастрафічна памяншалася і на 1989 год складала каля 60. У абсалютнай большасці гэта былі вельмі старыя святары, якія скончылі семінарыі ў Вільнюсе або Пінску. Колькасць касцёлаў была каля 115. Дзеці да 16 гадоў без бацькоў або апекуноў не маглі прымаць удзел у набажэнствах. Катэхізацыя дзяцей была забароненая. Ніхто не ведаў, што такое дабрачыннае служэнне Касцёла”, – узгдавае змрочныя, і адначасова радасныя рэаліі 1991 года мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Кондрусевич

“Гэта быў час вялікага духоўнага пад’ёму. З’явіўся біскуп і ўзяў на сябе адказнасць за Касцёл. Вернікі яму вельмі моцна дапамагалі. Яны былі рашучымі ў сваіх дзеяннях і стараліся, каб канфіскаваныя касцёлы былі перададзены ім. Як прыклад такой рашучасці можна прывесці змаганні за Чырвоны касцёл у Мінску, калі вернікі арганізавалі галадоўку на плошчы перад святыняй”, – параўноўвае арцыбіскуп Кандрусевіч актыўнасць тагачасных і сённяшніх вернікаў.

“Трэба было думаць аб стварэнні духоўнай семінарыі, якая ў 1991 годзе была заснавана ў Гродне. Касцёлаў станавілася ўсё больш, а святароў не было. Таму трэба было шукаць іх за мяжой. Для вырашэння гэтых праблем трэба было весці перамовы з дзяржаўнымі ўладамі. І для ўладаў, і для мяне гэта была новая сітуацыя, аднак атрымлівалася дамовіцца, і вялікая частка задуманага была здзейснена. Я ўдзяліў пасвячэнне некалькім маладым святарам, якія атрымалі фармацыю ў семінарыях у Каўнасе і Рызе. Шмат увагі звяртаў на падрыхтоўку літаратуры для набажэнстваў на беларускай мове. Калі сёння справа перакладу рэлігійнай літаратуры яшчэ застаецца нялёгкай, то ў той час яна было архіскладанай, найперш таму, што не было кваліфікаваных рэлігійных перакладчыкаў і апрацаванай рэлігійнай тэрміналогіі”, – прыгадвае ён рэаліі 25-гадовай даўніны, дадаючы, што не ўсё праходзіла гладка: “Гродзенскія ўлады прымалі ўдзел у маёй інтранізацыі 28 кастрычніка 1989 года, але потым мяне выклікалі ў Маскву (яшчэ існаваў СССР), і ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігіяў сказалі, што не прызнаюць мяне біскупам, бо маё прызначэнне не было ўзгодненае з уладамі. Пасля тое ж самае пачалося і ў Беларусі”.

Нечаканасцю было для арцыбіскупа Кандрусевіча і тое, што ў дзень 13 красавіка 1991 года ён быў прызначаны на самую складаную дзялянку працы – у Расію. “У Касцёле ёсць прынцып, што Нунцый пытаецца згоды кандыдатаў падчас прызначэння біскупаў ці іх пераводу на іншае месца. Я салдат, і ніколі не ставіў сваіх інтарэсаў вышэй за касцёльныя. Акрамя таго, мяне навучылі правілу: Папу не адмаўляюць”, – тлумачыць іерарх свае адчуванні таго дня.

“Нельга замкнуцца толькі ў мясцовым Касцёле. Касцёл па сваёй прыродзе місійны, і калі ён пасылае місіянераў, то потым Бог яму благаслаўляе новымі пакліканнямі”, – з такімі словамі арцыбіскуп звяртаецца да сваіх малодшых калегаў – маладых святароў – у дзень юбілею.

Біскуп Кашкевіч: 25 гадоў таму панавала эйфарыя, сёння заместа яе патрэбная грунтоўная праца

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч таксама перажывае 25-годдзе стварэнне Гродзенскай дыяцэзіі і 25-ую гадавіну свайго прызначэння яе біскупам.

“Уражанні былі змешаныя. З аднаго боку стварэнне новай дыяцэзіі давала надзею на аднаўленне Касцёла ў Беларусі. Але, з іншага боку, засмучаў ад’езд арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, бо якраз у гэты час ён быў накіраваны Святым Айцом на працу ў Расію, таму я непакоіўся, ці дам рады справіцца з новымі, вельмі складанымі і адказнымі заданнямі”, – узгадвае біскуп Кашкевіч свае адчуванні 13 красавіка 1991 года.

Кашкевич в молодости

На момант прызначэння біскупам Гродзенскім а. Аляксандр Кашкевіч працаваў у Вільнюсе. Дэвізам свайго біскупскага герба ён абраз словы “Езу, давяраю Табе” з абраза Езуса Міласэрнага. Гэта абраз займае ў жыцці дыяцэзіі асаблівае месца, – напісаны ў 1934 годзе Эўгеніюшам Казіміроўскім па просьбе святой Фаўстыны Кавальскай, у лістападзе 1956 года ён быў вывезены з Вільнюса ў Беларусь. Яго змясцілі ў касцёле святога Юрыя ў Новай Рудзе па просьбе мясцовага пробашча кс. Юзафа Грасевіча, які вельмі шанаваў культ Божай Міласэрнасці і сябраваў з ксяндзом Міхалам Сапоцькам, які і даў дазвол на перавоз абраза.

Пазней, у 1986 годзе, абраз было вырашана вярнуць у Вільнюс. Ужо тады ён карыстаўся пашанай як у Беларусі, так і ў Літве. Ксёндз Юзаф Грасевіч дамовіўся аб стварэнніі копіі абраза для Новай Руды.

У гэты час у Вільні працаваў і сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Нейкі час ён быў вікарыем будучага біскупа Кашкевіча ў парафіі Святога Духа. “Мы не сустрэліся ў свой час у семінарыі ў Каўнасе, бо ў 1976 годзе я яе скончыў, а арцыбіскуп толькі паступіў, – апавядае іерарх гісторыю сваіх стасункаў з калегам. – Ён ужо тады быў здольным і зарэкамендаваў сябе добрым прапаведнікам. Маім вікарыем ён быў нядоўга, толькі тры ці чатыры месяцы, бо ў лютым 1988 года яго прызначылі пробашчам у францішканскі касцёл у Гродне. У той жа час мясцовыя ўлады дазволілі праводзіць Імшу таксама і ў гродзенскім фарным касцёле”.

“Трэба было браць крыж і несці яго: стаць біскупам новай дыяцэзіі ў часы адраджэння Касцёла — гэта вялікая адказнасць”, – распавядае іерарх пра сваю рэакцыю на прызначэнне яго біскупам.

“У большасці раёнаў сёння будуюцца новыя касцёлы. Але самым важным заданнем нават праз 25 гадоў з’яўляецца катэхізацыя”, – фармулюе ён плён сваёй 25-гадовай дзейнасці.

На думку біскупа Кашкевіча, вельмі важным крокам у гэтым кірунку стала б падпісанне канкардату паміж Каталіцкай Царквой і беларускіі свецкімі ўладамі: “Дамовы паміж Праваслаўнай Царквой і дзяржавай існуюць, у некаторых школах уведзены курс па асновах праваслаўя. Дзеці каталікаў пакуль жа не маюць магчымасці вывучаць асновы сваёй канфесіі ў школе. Канечне, часам дырэктар школы можа запрасіць святара. Раз на год у некаторых школах каталіцкі святар наведвае вучняў разам з бацюшкам, але не заўсёды і не ўсюды. Калі б школьную праграму можна было дапрацаваць і дадаць туды ўрокі рэлігіі, то яго маглі б праводзіць святар або манахіня. Бо праблема катэхізацыі ў Каталіцкім Касцёле застаецца сёння адной з найбольш вострых. Дзеці і моладзь недастаткова ведаюць пра Бога. Калі б святары маглі прыходзіць у школы, дзеці з сем’яў непрактыкуючых католікаў даведваліся б пра Бога больш”.

Распавядаючы пра свой шлях да святарства, біскуп Кашкевіч, які нарадзіўся на памежжы Літвы і Беларусі ў парафіі ў Эйшышках, узгадвае, што настаўнікі ў яго школе былі веруючымі людзьмі, ды і ў сям’і дзень пачынаўся з малітвы: “Я вырас у веруючай сям’і, з самага дзяцінства захапляючыся святарствам. Я вельмі любіў слухаць гаміліі майго пробашча. Думка аб святарстве ў мяне была яшчэ са школы. Ідучы ў армію, я ўжо пра гэта разважаў. Служыў я ў 1968-70 гг. Пасля арміі паўгады адпрацаваў на пошце, пасля чаго паехаў паступаць у духоўную семінарыю ў Каўнас”.

“Калі на захадзе Беларусі святары яшчэ неяк маглі прыехаць у іншую парафію, то ў рэгіёнах на Магілёўшчыне, Гомельшчыне было цяжэй, – калі ксёндз паміраў, касцёл зачынялі”, – узгадвае біскуп Кашкевіч пра рэаліі гэтага часу.

Прыгадваючы часы перабудовы, біскуп Кашкевіч кажа, што тады сярод вернікаў, якім дазволілі выйсці з падполля, панавала эйфарыя: “У 1988 годзе ў Гродна прыехаў кардынал Юзаф Глемп. Увесь парк на Савецкай плошчы быў запоўнены людзьмі. Эйфарыя! Але сёння, у сучаснай сітуацыі, патрэбная не эйфарыя, але грунтоўная праца, каб людзі трывалі ў Касцёле не пад уплывам эмоцыі, але з глыбокага пераканання і сапраўднай патрэбы сэрца. Таму здаровая атмасфера і навука ў Касцёле вельмі важныя. Веру трэба ўсведамляць, бо вера – гэта не якаясьці матэматычная формула, якую можна вывучыць. Калі няма веры, практыкі і рэлігійнай свядомасці ў сям’і, застанецца толькі формула. Таму вельмі важна, каб дзеці хадзілі ў касцёл разам з бацькамі. Лепш за бацькоў не навучыць ніхто”.

Імша падзякі за 25-годдзе заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прызначэння яе першага пастыра прайшла ў Гродне 13 красавіка ў той самай святыні, дзе 25 гадоў таму было ўрачыста абвешчана, што Святы Айцец Ян Павел ІІ адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, – у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя. 

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі на заканчэнне Імшы, прыгадваючы падзеі 25-гадовай даўніны, адзначыў, што з біскупскай намінацыяй Гродна яшчэ больш пачула пра Божую Міласэрнасць. «Мы ўдзячныя табе сёння, шаноўны біскуп — наш ардынарый, за распаўсюджванне культу Божай Міласэрнасці ў нашай дыяцэзіі, у нашых парафіях, за тое, што гэты культ пашыраеш, тлумачыш і ўдзяляеш», – звярнуўся ён да біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Галоўныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі і сакры біскупа Аляксандра Кашкевіча адбудуцца 24-26 траўня.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі