У Віцебску збіраюць подпісы ў абарону пачатага жыцця

У Віцебску прадстаўнікі БХД збіраюць подпісы ў абарону пачатага жыцця

Актывісты ствараемай Партыі БХД Віцебска працягваюць чацвёрты этап кампаніі ”За якасную медыцыну для ўсіх”. Будучая прамоўца БХД Алёна Шабуня і яе каманда збіраюць подпісы жыхароў пад зваротам да прадстаўнікоў улады аб паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання ў горадзе.

Таксама прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і неабыякавыя да лёсу сваёй краіны грамадзяне распаўсюджваюць адмысловыя ўлёткі з праўдзівай інфармацыяй аб стане медыцыны ў Віцебску сярод жыхароў Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19, паведамляе Vitebskby.com.

Акрамя гэтага, збіраюць подпісы пад зваротам у Палату прадстаўнікоў і Міністэрства аховы здароўя аб разглядзе абмежавання магчымасці правядзення абортаў у Беларусі. Бо пасля 1945 года ў Беларусі зроблена абортаў больш за 9 мільёнаў – амаль столькі жыхароў сёння жыве ў краіне.

Таццяна Севярынец: людзі зразумелі, што маюць права

Адна з мэтаў каманды каардынатара БХД па Віцебскай вобласці Таццяны Севярынец, што працуе па Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе — абуджэнне грамадскай актыўнасці.

Падчас чацвёртага этапу кампаніі «За якасную медыцыну ў Віцебску для ўсіх» сябры каманды Таццяны Севярынец сустракаюцца з людзьмі і часцяком чуюць пра праблемы, якія хвалююць жыхароў мікрараёна Білева ў Віцебску. “Гэта і неякасна пабудаваныя дамы, і складаныя адносіны са старшынямі, і адсутнасць азелянення, і, зразумела, галоўныя — паліклініка, дзіцячыя садкі і школы. Ёсць сярод іх і тыя праблемы, якія жыхары ўзяліся вырашаць сваімі сіламі”, — адзначыла ў каментары прэс-службе БХД каардынатар.

Так, зручны пераход на вуліцы актораў Яроменкаў будзе патрабаваць каманда Сяргея Драздова, а каманда Анжалікі Казлоўскай спадзяецца палепшыць рух аўтобусаў №33, 38 ды паскорыць будаўніцтва дарогі з мікрараёна да праспекту Будаўнікоў, што значна палепшыла б сувязь Білева з горадам.

“Людзі зразумелі, што маюць права патрабаваць ад улады паляпшэння ўмоў жыцця. І гэта не першыя прыклады абуджэння грамадскай свядомасці з падачы актывістаў БХД. А актывісты суправаджаюць мясцовыя ініцыятывы: дапамагаюць складаць звароты, навучаюць збіраць подпісы, даюць адрэсы ўстаноў ды юрыдычныя парады”, — падкрэсліла Таццяна Севярынец.

Марына Хоміч: якасць медыцынскага абслугоўвання не задавальняе вялікую частку грамадства

У менскім мікрараёне Сухарава працягваецца збор подпісаў за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання.

«На сённяшні дзень ужо сабрана некалькі сотняў подпісаў, але на гэтым мы не спыняемся. Відавочна, што якасць медыцынскага абслугоўвання не задавальняе вялікую частку грамадства. Але, на жаль, назіраецца тэндэнцыя запужвання насельніцтва. Людзі падтрымліваюць нашы прапановы, але подпіс пакідае толькі самы смелы. Улады дайшлі да той стадыі запужвання грамадства, што пакінуты подпіс з кантактнымі дадзенымі пад абсалютна законнымі прапановамі для людзей атаясамліваецца з непазбежным пакараннем. Людзі не ведаюць сваіх правоў — ведаюць толькі абавязкі і баяцца наступстваў», — адзначыла ў каментары прэс-службе БХД лідар МХД Марына Хоміч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі