Да агульнабеларускай сустрэчы каталіцкіх семінарыстаў далучыліся пяць біскупаў

Пинская семинария
У Пінску 17 красавіка завяршылася агульнабеларускае спатканне навучэнцаў каталіцкіх Пінскай і Гродзенскай семінарыяў з нагоды Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці, а таксама 90-годдзя стварэння і 15-годдзя аднаўлення Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Удзел у святкаваннях, які распачаліся напярэдадні, ўзялі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскі Казімір Велікаселец, паведамляе seminaryja.by.

Другі дзень святочна-працоўнай сустрэчы распачаўся супольным ранішнім набажэнствам, пасля якога біскуп Яшэўскі выступіў з дакладам «Асноўныя вымярэнні семінарыйнай фармацыі ў святле аднаўляючагася Ratio fundamentalis іnstitutionis sacerdotalis», які тычыўся агульначалавечага, інтэлектуальнага, духоўнага і пастырскага аспектаў фармацыі будучых святароў.

Біскуп Касабуцкі звярнуўся да прысутных з дакладам «Сям’я і Касцёл як асяроддзе абуджэння паклікання да святарства», у якім адзначыў вялікую ролю сям’і і Касцёла ў выхаванні і дапамозе распазнання пакліканняў да святарства і манаскага жыцця.

Рэктар пінскай семінарыі ксёндз Андрэй Рылка прадставіў даклад «Міласэрнасць у кантэксце семінарыйнай фармацыі», зрабіўшы акцэнт на тым, што ва ўмовах сучаснага свету асабліва важна быць не проста тэарэтыкам Божай Міласэрнасці, але яе сведкам.

У заканчнне сустрэчы адбылася Святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Біскуп Юрый Касабуцкі прамовіў гамілію, прысвечаную прыгажосці і адказнасці служэння святара.

Падчас святочнай Святой Імшы з нагоды Нядзелі Добрага Пастыра, як і ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі, быў агучаны пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі на гэтую ўрачыстаць. “Нядзеля Добрага Пастыра вельмі глыбока ўпісаная ў пасхальную таямніцу. Яна звяртае нашую ўвагу на вобраз аўчарні, г. зн. – дар супольнасці, і на служэнне пастыраў – Святога Айца, біскупаў і святароў. Менавіта вобразы аўчарні і пастыра найбольш узрушваюць нас і перадаюць прыгажосць Евангелля”, – гаворыцца ў пасланні.

“З даўніх часоў вобраз Добрага Пастыра служыць для Касцёла ва ўсім свеце крыніцай натхнення, разважанняў і малітвы за святароў. Святы Айцец прагне, каб святары, а пад іх уплывам таксама свецкія вернікі, станавіліся для свету сведкамі міласэрнасці”, – дадае ў пасланні біскуп Дзям’янка.

“Мы добра можам усведамляць, што такое аўчарня без пастыра, бо недалёка адышоў той час, калі парафіяльныя супольнасці існавалі без святароў. Ад нашай малітвы сёння залежыць, ці вышле Пан працаўнікоў на сваё жніво і ці будзе яно вялікім”, – заклікаў іерарх вернікаў да малітвы аб новых пакліканнях да святарства.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі