У Магілёўскі гарвыканкам перадалі 400 подпісаў грамадзян за якасную медыцыну

16 красавіка магілёўскія сябры БХД наведалі гарвыканкам, каб перадаць 400 подпісаў грамадзян, якія падтрымалі кампанію «За якасную медыцыну».

“Жыхары Магілёва дамагаюцца будаўніцтва новай паліклінікі і пераразмеркавання бюджэтных сродкаў на карысць медыцыны”, — адзначыў прэсавай службе каардынатар аргкамітэту БХД у Магілёве Алег Аксёнаў.

Актывісты МХД Магілёва і Бабруйска правялі сумесную акцыю

15 красавіка магілёўскія і бабруйскія Маладыя хрысціянскія дэмакраты, абмеркаваўшы далейшыя планы і акцыі, правялі ў Бабруйску сумесную акцыю па зборы подпісаў «За паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання».

Актывісты таксама запрасілі на круглы стол работнікаў медыцынскіх устаноў, якія далучыліся да кампаніі.

«Медыцынскія супрацоўнікі ахвотна ставілі подпісы і яшчэ каментавалі прапановы і дапаўнялі сваімі ідэямі і бачаннем гэтай праблемы. Мы абменьваліся кантактамі і запрашалі на круглы стол», — распавёў прэс-службе БХД каардынатар МХД па Бабруйску Арсень Чыгір.

На вуліцах Воршы збіралі подпісы ў абарону беларусаў ад алкагалізму

Сябры БХД з Воршы разам з прадстаўнікамі кіраўніцтва аргкамітэту Дзянісам Садоўскім і Вольгай Кавальковай правялі ў межах кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алаголя» збор подпісаў у падтрымку кампаніі.

Як пракаментаваў каардынатар БХД у Воршы Яўген Анішчанка, алкагалізм з’яўляецца вельмі вялікай праблемай у Беларусі.

“Па гэтым паказчыку наша краіна займае вядучыя пазіцыі ў свеце. І каб спыніць гэта, каб уратаваць народ і краіну, трэба ўжо сёння прымаць меры па абмежаванні продажу алкаголю”, — паведаміў ён прэсавай службе БХД.

У Віцебску запусцілі «Бурбалкі беларускай стабільнасці»

У Віцебску сябры ініцыятывы «За якасную медыцыну для ўсіх» правялі перформанс «Бурбалкі беларускай стабільнасці».

“Усё, што абяцаюць улады наконт паляпшэння, умацавання дабрабыту свайго народу, якому яны служаць»верай і праўдай», — бурбалкі. Бурбалка паліклінічнага комплексу ў Білева, там жа — бурбалкі школкі і дзіцячага садку, паліклінікі на Поўдні-7 Віцебска, бурбалкі бальніцы ў Воршы, паліклінікі ў Наваполацку — усё гэта бурбалкі. Бурбалкі мадэрнізацыі і эфектывізацыі. Вунь яны лятуць, празрыстыя, вясёлкавыя, радуюць вока. Імгненне — і яны зніклі, як некуды знікаюць грошы на ўсе тыя –зацыі”, — паведаміла прэсавай службе БХД каардынатар аргкамітэту ў Віцебску Таццяна Севярынец.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі