Ленін памёр, а Хрыстос уваскрос!

ленин

22 красавіка адзначаецца чарговы дзень нараджэння «правадыра сусветнага пралетарыяту» Уладзіміра Леніна, які заклаў пачатак масавага ганення на Царкву і рэлігію ва Усходняй Еўропе. Праўда, праходзіць гэтая дата зусім не ў святочнай атмасферы, як бывала раней. У суседняй з Беларуссю Украіне масава зносяць помнікі правадыру, забараняюць камуністычныя партыі і сімволіку, пераназываюць населеныя пункты і вуліцы. А ў адным сяле Закарпацкай вобласці мясцовы губернатар нават пераназваў здзекліва вуліцу Леніна ў вуліцу Ленана.

Прыбіраюць помнікі і пераназываюць вуліцы і ў Беларусі, хоць і не такімі тэмпамі, як у суседзяў.

Больш за тое, самі прадаўжальнікі справы Леніна ўжо далёкія ад заўзятых змагароў з рэлігіяй, бязбожнікаў і багаборцаў, якімі яны былі ў гады савецкай улады. Раней іх рукамі вынішчалася духавенства і вернікі, разбураліся і зачыняліся храмы, раскрадаліся і распрадаваліся святыні. Некаторыя канфесіі, як Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, былі проста забароненыя. У БССР да0 1939 году не засталося ніводнага каталіцкага святара, а першы каталіцкі храм у Мінску быў адкрыты толькі напярэдадні Алімпіяды 1980 года.

Сабор праваслаўных навамучанікаў і вызнаўцаў уключае больш за 1700 імёнаў, і гэта толькі малая частка тых, хто загінуў за веру. Дасталася і іншым канфесіям – усім без разбору. Шматлікія пратэстанты былі вымушаныя дзейнічаць у падполле, падвяргацца судам і ганенням за малітвы і евангелізацыю. У 1951 годзе з заходніх рэспублік СССР у Сібір былі высланы больш за 8,5 тыс. Сведак Іеговы. Да гэтага часу ў Мінску так і не адноўленая саборная мячэць, знішчаная камуністамі, а ў харальнай сінагозе размешчаны тэатр.

Менавіта пры камуністах ў нашых шыротах былі легалізаваныя аборты, з прычыны якіх толькі ў пасляваенны час у Беларусі было забіта больш за 9 млн зачатых жыццяў.

Але цяпер нават прыхільнікі «дзядулі Леніна» адмаўляюцца ад яго ідэалаў. Яшчэ зусім нядаўна Ленін заяўляў, што «ўсе сучасныя рэлігіі і царквы, усе і ўсялякія рэлігійныя арганізацыі марксізм разглядае заўсёды, як органы буржуазнай рэакцыі, служачыя абароне эксплуатацыі і адурманенню працоўнага класа». Называў хрысціянскую запаведзь “любові да бліжняга» крывадушнай, а саму рэлігію духоўнай сівухай, у якой заняволеныя людзі топяць свой чалавечы вобраз і свае надзеі на лепшую будучыню. Паводле яго слоў, задача Царквы і рэлігіі – «адцягваць іх (працоўных – рэд.) ад рэвалюцыйных дзеянняў, падрываць іх рэвалюцыйны настрой, разбураць іх рэвалюцыйную рашучасць».

А сёння былы сакратар ЦК і член рэвізійнай камісіі Кампартыі Беларусі Мікалай Валовіч прымае сакрамэнт канфірмацыі ў касцёле і кажа пра неабходнасць пакаяння камуністаў і прымірэння іх з Богам і Царквой. Пры гэтым, паводле яго слоў, паміж камуністычнай ідэалогіяй і хрысціянскай верай няма супярэчнасцяў. «Правадыр сусветнага пралетарыяту» перавярнуўся б у труне, калі б, нарэшце, яго пахавалі.

Ды і ў суседняй Расіі старшыня КПРФ Генадзь Зюганаў, які ў 2014 годзе атрымаў ордэн ад Патрыярха Кірыла, заяўляе, што Вялікдзень «ніякім чынам не супярэчыць салідарнасці працоўных”, а сам Хрыстос, які «ўзвысіў свой голас за сіратлівых, за пакутуючых, за бедных, за хворых, за ўбогіх – усіх, каму дрэнна і цяжка », быў бы ў камуністычных калонах.

У 1932 годзе ў СССР была пастаўлена задача «забыцца імя Бога» да 1 траўня 1937 году. Але, нягледзячы на ​​рэпрэсіі, забойствы і агрэсіўную прапаганду, зрабіць гэта не атрымалася ні тады, ні цяпер. Ужо няма і самога СССР, які імкнуўся «новы свет» пабудаваць, а хрысціянства ёсць. СССР сышоў у нябыт, як Ірад, як Рымская імперыя Нерона і Дыяклетыяна, як «біч Божы» Атыла і многія іншыя ганіцелі хрысціян за апошнія больш чым дзве тысячы гадоў. А вера ў Бога жыве, жыве і Царква.

І Ленін, які яшчэ нядаўна быў «большы жывым за ўсіх жывых», сышоў разам з развалам СССР. Пры гэтым камуністаў не гнаілі ў лагерах, іх не расстрэльвалі, не адпраўлялі ў ссылку за томік «Капіталу». Ленін проста перастаў быць актуальным. А Хрыстос набірае папулярнасць нават сярод камуністаў. Ленін памёр! Хрыстос уваскрос!

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі