Правацэнтрысты прапанавалі апазіцыі стварыць адзіны спіс кандыдатаў

На стала дзеючай нарадзе дэмакратычных сілаў Беларусі Правацэнтрысцкая кааліцыя 27 красавіка прапанавала стварэнне адзінага спісу дэмакратычных кандыдатаў падчас парламенцкай кампаніі 2016 года.

“Там, дзе гэта магчыма, вылучыць адзінага кандыдата, дзе не атрымаецца – заклікаць рэгіянальных лідараў супрацоўнічаць у межах адной кампаніі. Паколькі ў Беларусі няма свабодных і дэмакратычных выбараў, то няма перашкоды для таго, каб супрацоўнічаць, не канкураваць паміж сабой і разам абараняць грамадзянаў ад беззаконня дзеючай улады”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

Таксама правацэнтрысты прапанавалі стварыць пляцоўку для каардынацыі дзейнасці ўсіх рэгіянальных лідараў пасля правядзення парламенцкай кампаніі.

Было дамоўлена, што на наступным пасяджэнні, якое пройдзе 3 траўня, будзе прадстаўлены механізм складання супольнага спісу. “Ёсць спадзеў, што ён будзе зацверджаны, і дэмакратычныя сілы правядуць гэтую кампанію разам”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Удзел у нарадзе ўзялі прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі, Кангрэсу дэмакратычных сілаў, ПБНФ, Еўрапейскай Беларусі і іншых.

Пастанову аб стварэнні стала дзейнай нарады дэмакратычных арганізацый прынялі 15 красавіка ў Менску прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», руху «За Свабоду», кампаніі «Еўрапейская Беларусь», руху салідарнасці «Разам», незалежнага прафзвязу РЭП, аргкамітэтаў для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Пазней гэтую пастанову падтрымалі аргкамітэты партыі «Беларускі рух», Партыі працоўных, Партыі жанчын «Надзея» і Партыі свабоды і прагрэсу.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі