За расцяжкі “Праца – права, а не абавязак” затрымалі сябра БХД

У Наваполацку раніцай 28 красавіка быў затрыманы сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Андрэй Гайдукоў. Затрыманне адбылося падчас вывешвання расцяжак “Праца – права, а не абавязак”.

«Затрыманне адбылося на трэцяй расцяжцы, цалкам нечакана. Трэба прыцягваць увагу гараджан да праблемы з правам на працу. Бо ў нас то караюць за „дармаедства“, то звальняюць чалавека, які імкнецца працаваць. Такая сітуацыя здарылася з Мікалаем Шарахам: не працягнулі кантракт, хоць ён, бадай што, самы дасведчаны работнік. А прычына гэтага — тое, што ён адзін з лідараў “Свабоднага прафсаюзу Беларускага”, адстойвае правы працоўных на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”, а гэта не падабаецца адміністрацыі”, – адзначыў Андрэй Гайдукоў.

Пасля выхаду з ГАУС Наваполацку актывіст адразу накіраваўся на пікет салідарнасці з Мікалаем Шарахам у Полацку. На месцы абышлося без затрыманняў, аднак, пазней высветлілася, што Мікола Шарах быў затрыманы каля дома.

На Андрэя Гайдукова ў Наваполацкім ГАУС склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 21.14 — «Парушэнне правіл утрымання і добраўпарадкавання населеных пунктаў». Разбор па гэтым факце адбудзецца ў панядзелак, 2 траўня, а 15-й гадзіне, у наваполацкім гараддзеле міліцыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі