Крыж у Курапатах памяці Вацлава Ластоўскага асвяціў святар БАПЦ

крест Ластовскому
Ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам 29 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў быў асвечаны крыж у памяць беларускага грамадска-палітычнага дзеяча XX стагоддзя, гісторыка, этнографа і публіцыста Вацлава Ластоўскага.

Крыж, усталяваны ў мінулыя выхадныя, асвяціў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч, паведамляе БелаПАН.

Крыж вышынёй 5 метраў з моранага дуба, пакрытага мастацкай разьбой, вырабілі жывапісец Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрый Камандзірчык.

Крыж ствараўся на добраахвотныя ахвяраванні. У малітоўнай цырымоніі ўзялі ўдзел гісторык і публіцыст Анатоль Тарас, журналіст і гісторык Марат Гаравы, палітык Вячаслаў Сіўчык, грамадскія актывісткі Вольга Мікалайчык і Наталля Басалыга, мастакі Алесь Марачкін і Мікола Купава.

Намеснік старшыні пакуль яшчэ не зарэгістраванага Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктар Яўмененка адзначыў, што маладая арганізацыя абрала сваім патронам Вацлава Ластоўскага – бацьку беларускай гістарыяграфіі, аднаго з бацькоў беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці».

Мастак Алесь Цыркуноў адзначыў, што крыж усталяваны ў памяць не толькі Ластоўскага, але “і ўсіх яго паплечнікаў – волатаў, якія свядома ішлі на пагібельную справу дзеля адраджэння беларускага народа і стварэння дзяржавы”.

На верхнім промні шасціканцовага крыжа белага колеру намаляваны герб “Пагоня”, у цэнтры крыжа – ўкрыжаваны Хрыстос, на бакавых промнях – элементы беларускага нацыянальнага арнаменту. Ніжэй распяцця выразаны бюст Ластоўскага.

Вацлаў Ластоўскі (08.11.1883 – 23.01.1938) быў актывістам Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва», уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» і з’яўляўся старшынёй кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтар гістарычных літаратурных твораў, апавяданняў, успамінаў і артыкулаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Перакладаў на беларускую мову творы класікаў рускай, ангельскай, польскай і дацкай літаратур.

Пасля другога арышту ў 1937 годзе Ластоўскі быў прысуджаны да расстрэлу як «агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі