Вялікдзень. “Яны што, не дадуць смачнюшкі Богу?”

Пакроўскі храм, пабудаваны ў перыядзе найноўшай гісторыі на полацкай ўскраіне, якая адначасова з’яўляецца пачаткам гістарычнага цэнтра, шмат якім старажылам горада не падабаецца – “не нашая” архітэктура, шаблон, выпадковае месца. Але факт застаецца фактам – акрамя культавага наваробу, прыгожых будынкаў паблізу няма, а ў вялікія святы нізіна ля ўзбярэжнай, у якой знайшлося месца храму, расквітае россыпамі пярэстых хустак. Па-хуткаму іх накручваючы і скручваючы, жанчыны і дзяўчаты свецяць Пасху – нехта пахмура і безэмацыйна, нехта – праменячыся евангельскай радасцю.

Полоцк
Настаяцель Пакроўскага, протаіерэй Уладзімір Рацькевіч, выходзіць на ганак кожныя 20 хвілін, – людзі прыбываюць, пастаянная ратацыя вернікаў за сталамі для прынесеных страваў. Пропаведзь паўтараецца, але чуюць яе кожны раз іншыя людзі. Калі, вядома, чуюць і слухаюць.

Святар кажа пра Ахвяру Хрыста. Канспектыўна ўкладваючы ў маленькую пропаведзь ўсё, што гаварылася ў храмах на працягу Посту. “Супастаўце свае жыцці з жыццямі сваіх бабуль і прабабуль, якія не былі ў царкве, бо не было царквы, але жылі згодна з запаведзямі, памяталі іх”, – разносяцца словы над стракатымі хусткамі. Святар кажа, што Ахвяра Хрыста была не дзеля паходу ў храм у свята, не дзеля асвячэння яек і кулічоў. Ахвяра Хрыста была ў імя ладу жыцця кожнага.

полоцк
Святар кажа пра плашчаніцу ля алтара, запрашаючы, асвяціўшы ежу, падысці да яе “з сакрушаным сэрцам”. Падыдуць, вядома, не ўсе.

Абыходзячы з асвячонай вадой і крапілам людзей, якія ў чаканні пашыхтаваліся за кулічамі, святар задае пытанні, калі падыходзіць да дзяцей. Што мы святкуем сёння? Навошта твая мама пафарбавала яйкі? Некаторых вітае як добра знаёмых прыхаджанаў.

Асвячэнне скончанае, людзі ўкладваюць назад у кошыкі і кантэйнеры прыгожыя ежы. Дзіцячы голас: “Яны што, не дадуць смачнюшку Богу?”. Святар казаў, што збоку ёсць месца, дзе можна пакінуць частку прынесенага для сіротаў, састарэлых, да якіх ад заўтрашняга дня пойдуць жанчыны з прыходскага сястрынства. Падыходзяць і кладуць не ўсе, таму што пачулі таксама не ўсе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі