Пастар Бокун: Трагедыя, што беларусам даводзіцца шукаць беларускамоўную Біблію
Інфармацыйная кампанія “Пяцісотгоднасць”, ініцыіраваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” з нагоды 500-годдзя друку першай беларускай кнігі, стартавала 29 красавіка.
Першай імпрэзай у шэрагу акцыяў у гонар Францішка Скарыны і беларускай Бібліі стала прэзентацыя ў Палацы мастацтваў новага пераклада на беларускую мову Новага Запавета, здзейсненага пастарам царквы Яна Прадвесніка Хрысціянаў веры Евангельскай Антоніем Бокунам.
Удзельнікамі прэзентацыі сталі колішні ўдзельнік ансамбля “Песняры” і гурта Rouble Zone Аляксандр Віслаўскі з песнямі на вершы Рыгора Барадуліна, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка, кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, літаратары Усевалад Сцебурака і Уладзімір Арлоў,загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі, намеснік старшыні Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Валерый Герасімаў, паведамляе budzma.by.
Пастар і перакладчык Антоній Бокун, здзейсніўшы пераклад Новага Запавета, выдаў кнігу накладам у 10 тысячаў асобнікаў. Адметна, што гэтае выданне прызначанае для інтэнсіўнага карыстання – цвёрдая вокладка, надзейная сшыўка, вялікі памер шрыфта, зручная для перагортвання старонак папера.
“Калі я прыйшоў да Хрыста ў пачатку 1990-х гадоў, Біблію па-беларуску можна было купіць у адзіным перакладзе – перавыданні перакладу Антона Луцкевіча і Лукаша Дзекуць-Малея. Неўзабаве кнігі скончыліся. Потым выйшла Біблія Васіля Сёмухі. Кнігі скончыліся. Мы выдалі поўную Біблію ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага. Амаль немагчыма і яе купіць. Таму я і ўзяўся за новы пераклад – хоць канон беларускага перакладу Новага Запавету ўжо фактычна складзены і я мала што дадаў да яго. Папросту мне як пастару трэба, каб у вернікаў маіх было Святое Пісьмо на беларускай мове, і яны маглі свабодна яго прыдбаць. Вось жа, цяпер Слова Божае даступнае зноў. Спадзяюся, на некалькі гадоў гэтых 10 тысяч хопіць. Але, як можна зразумець, беларусы ахвотна купляюць беларускую Біблію. Трагедыя ў тым, што ім даводзіцца яе шукаць – чаго няма ў ніводнай цывілізаванай краіне”, – апавядае пастар Бокун аб сэнсе сваёй працы.
“Наша кампанія – яна не толькі пра першую кнігу, не толькі пра яе друкара Францішка Скарыну. Наша кампанія – пра ўвесь пяцісотгадовы шлях беларускай кнігі і пра тых людзей, якія спрычыняліся і спрычыняюцца да гэтага нялёгкага працэсу: гэта і пісьменнікі, і рэдактары, і карэктары, выдаўцы і мастакі, інжынеры і тэхнолагі, якія распрацоўваюць друкарскі рыштунак. Наша кампанія мае на мэце папулярызацыю беларускай культуры праз уздым цікавасці да беларускай кнігі. Што гэта рабіць патрэбна, даводзяць некаторыя лічбы, якія нам дало сацыялагічнае апытанне 2014 года. Так, 57% беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру хаця б раз на месяц, 23% чытаюць яе раз на год, 18% беларусаў не чытаюць яе ўвогуле. Найбольш папулярнае чытво – класіка і дэтэктыў. Абсалютная большасць беларусаў – 94% – аддае перавагу рускай мове ў чытанні. Па-беларуску чытаюць толькі 5%”, – кажа Алена Макоўская.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)