Грамадскія актывісты напярэдадні Радуніцы прыбралі Віцебскія Курапаты

4 траўня напярэдадні Радуніцы сябры віцебскай ініцыятывы “Хайсы”, куды ўваходзяць прадстаўнікі розных партый,правялі на месцы масавых растрэлаў беларусаў у гады сталінскіх рэпрэсій прыборку: сабралі сухое галлё, лісце, ачысцілі сцяжынку. Пазбіралі чалавечыя парэшткі, што знайшлі проста на зямлі, паклалі іх у невялікую труну і ўрачыста пад гукі “Рэквіяму” пахавалі. Запалілі памінальныя знічкі, памаліліся.

Месца знаходзіцца непадалёку ад вёскі Хайсы, у лесе метраў за 200 ад чыгункі “Віцебск-Гарадок”. Рэшткі абутку, вопраткі, косткі яшчэ трапляюцца на вочы.

Пра гэтае месца віцебскі сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў даведаўся выпадкова ад мясцовых жыхароў. Разам з сябрамі ён знайшоў у лесе абутак мірных людзей, прабітыя чэрапы, кулі ад зброі, якой карысталіся НКУСаўцы перад вайной. Актывіст арганізаваў ініцыятыву “Хайсы”, звярнуўся ў адмысловыя ўстановы, да гісторыкаў і акадэмікаў, прад’явіў ім доказы, каб стварыць на месцы масавага растрэлу людзей Мемарыял. Аб’ехаў навакольныя вёсачкі, запісаў успаміны сталых людзей, якія засведчылі, что восеньскімі начамі 1937 году тут гучалі стрэлы.

Але ні следчы камітэт, якому здалі парэшткі, ні Віцебскі райвыканкам, ні Мазалаўскі сельскі савет не прызнаюць, што пад Хайсамі пры Сталіне забівалі людзей.

“Набатам калоціцца сэрца: Памятаем! Не забудзем! Не даруем! Не даруем, пакуль не пакаяцца тыя, хто рваў кулямі чалавечыя целы, хто аддаваў тыя загады. Нашчадкі тых, хто не пакаяўся, павінны гэта зрабіць!” — адзначыла каардынатар БХД па Віцебску і Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі