Грамадскія актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў нацызму і камунізму

Мінскія актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі разам з іншымі неабыякавымі беларусамі 9 траўня наведалі Курапаты, дзе спачатку прайшла экскурсія, а потым – супольная талака па прыборцы месца масавых пахаванняў.

“Добрая альтэрнатыва парадам і гулянкам – гэта Талака у Курапатах. Працы, канешне, яшчэ шмат. У тым ліку і па інфармаванні людзей пра гэта месца, пра тое што тут у 1937-1941 былі растраляныя дзясяткі тысяч людзей. Пра тое, што нельга на магілах паліць вогнішчы і піць піва”, – адзначыла лідар мінскай БХД Вольга Кавалькова.

Таксама другі год Беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з валанцёрамі прыбіраюць закінутыя магілкі мірных жыхароў Лагойшчыны, якія загінулі пры дзвюх фашысцкіх блакадах – 1943 і 1944 гадоў. Сярод пахаванняў шмат сямейных, без прозвішчаў, асабліва са спаленых цалкам Малых Янушкавічаў.

Летась на магілы бурай паваліла сосны. Жыхары сельсавета сабралі грошы, дрэвы парэзалі, а каб звезці калоды, рэсурсаў не хапіла.

“Але што перашкодзіла мясцоваму сельскаму савету прыбраць шматгадовую звалку смецця ў цэнтры і з розумам размясціць кантэйнеры? Ні Дзень перамогі, ні Радаўніца – не ўказ для “слуг народа” з раёнаў…” – адзначае Галіна Каржанеўская.

Сябры АГП ушанавалі памяць загінуўшых у канцлагеры «Дразды»

Напярэдадні 9 траўня актывісты і валанцёры АГП правялі суботнік па добраўпарадкаванні масавага пахавання на тэрыторыі канцлагера «Дразды». Там цяпер вельмі сціплы мемарыяльны знак, камень. На ім напісана, што тут, у растрэльнай траншэі, знаходзяцца парэшткі 10 тысяч чалавек: 6 тысяч ваеннапалонных і 4 тысячы жыхароў Мінску і бліжэйшых вёсак.

“Гэтае месца пахавання закінутае ўладамі, – кажа лідар Мінскай гарадской арганізацыі АГП Мікалай Казлоў. – Межы рова ніяк не пазначаныя на мясцовасці, проста па парэштках праходзіць дарога. Тут жа пасеў сельскагаспадарчых культур. Па касцях ездзяць трактары, паліваючы іх гнаявой жыжкай”.

Сваім абавязкам у такой сітуацыі ён бачыць працу па вяртанні годнага стаўлення да мёртвых і жывых. Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо доўгі час займаецца гэтым пытаннем. Адзін з найстарэйшых сяброў партыі Уладзімір Раманоўскі, які таксама займаецца праблемай падтрымання і развіцця мэмарыялу ў Курапатах, некалькі гадоў вядзе перапіску з уладамі, патрабуючы навесці хоць нейкі парадак у «Драздах».

“Неабходна зрабіць канкрэтныя захады. Перш за ўсё – перавесці пахаванне з трэцяй катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў у другую, каб з, па сутнасці, безнагляднага пахавання яно сапраўды ператварылася ў такое месца, куды маглі б прыйсці людзі і аддаць даніну памяці нашым продкам”, – адзначыў Мікалай Казлоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі