Удзельнік беатыфікацыйнага працэса Вайніловіча: Пры арцыбіскупе Кандрусевічы скончыцца хіба яго першы этап

Войнилович
Галоўны пастулатар у беатыфікацыйным працэсе Слугі Божага Эдварда Вайніловіча ксёндз Анджэй Сцомбер, святар Кракаўскай архідыяцэзіі, які на працягу апошніх 10 гадоў удзельнічае ў беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсах Кракаўскай дыяцэзіі і быў дапаможным суддзёю ў кананізацыйным працэсе Яна Паўла ІІ, распавядае, што сёння немагчыма прадказаць, колькі будзе доўжыцца працэс, распачаты ў Мінску 10 красавіка.

“Нельга дакладна сказаць, колькі будзе доўжыцца працэс і якім будзе яго вынік. Мы спадзяемся, што гэты этап марафону будзе скончаны пры арцыбіскупе Тадэвушы Кандрусевічы, які яго распачаў», – кажа ён, паведамляе catholic.by.

Трыбунал і камісіі, створаныя на час працэса, працуюць паміж сабой паралельна і незалежна. «Разгляд справы Слугі Божага Эдварда Вайніловіча — сапраўдны судовы працэс, якім кіруе спецыяльна створаны Трыбунал пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Да прыкладу, у кананізацыйным працэсе Яна Паўла ІІ, улічваючы моўныя бар’еры, працавала адразу тры паралельныя Трыбуналы: у Кракаве, Нью-Ёрку і Рыме”, – дадае кс. Сцомбер.

У беатыфікацыйным працэсе, акрамя працы Трыбунала, задзейнічана яшчэ дзве камісіі: гістарычная і тэалагічная. Праца ў кожнай з іх вядзецца ў дыяцэзіі незалежна адна ад адной.

Задача гістарычнай камісіі — збор усіх дакументаў, якія знаходзяцца ў архівах. Тэалагічная камісія будзе займацца аналізам лістоў, якія пісаў Слуга Божы Эдвард Вайніловіч, і яго дзённікаў, каб высветліць, ці не меў ён чагосьці супраць веры і хрысціянскай маралі.

Трыбунал таксама будзе заслухваць сведкаў. “На сёння вядома пра 30 сведкаў, якія будуць выслуханыя ў справе беатыфікацыі Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Якой будзе якасць гэтых сведчанняў, пакуль невядома. Пасля таго, як скончыцца дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу, сабраныя дакументы і сведчанні будуць накіраваныя ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі ў Апостальскую Сталіцу», – удакладняе кс. Сцомбер.

Менавіта Кангрэгацыя па справах Кананізацыі будзе праводзіць аналіз атрыманага матэрыялу. Вынікі дыяцэзіяльнай працы падобных працэсаў прыбываюць туды з усяго каталіцкага свету. У Кангрэгацыі пройдзе апрацоўка сабранага матэрыялу ў справе цнотаў Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Далей рашэнне Кангрэгацыі накіроўваецца Папу Рымскаму. І толькі Пантыфік, упэўніўшыся ў праўдзівасці гэтых вынікаў, зможа выдаць дэкрэт у справе гераічнасці цнотаў Слугі Божага.

«Для таго, каб Слуга Божы Эдвард Вайніловіч быў абвешчаны благаслаўлёным, павінен быць праведзены і асобны працэс у справе меркаванага цуду праз яго заступніцтва.  Павінныя быць сабраны медыцынскія дакументы, якія датычаць аздараўлення, невытлумачальнага з пункту гледжання медыцыны, а таксама выслуханы сведчанні людзей у гэтай справе”, – рэзюміруе святар.

Калі Папа Францішак зацвердзіць вынікі аналізу, то будзе выданы другі дэкрэт у справе цуду. Толькі пры наяўнасці дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў і ў справе цуду можна будзе казаць пра беатыфікацыю.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі